Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сінагога.
 
Прайшоўшы праз Амфіпо́ль і Апало́нію, яны прыйшлі ў Фесало́ніку, дзе была́ Іудзейская сінагога.

Павел сваім звычаем увайшоў да іх і тры шабаты дыскутаваў з імі на падставе Пісання,
 
Паводле свайго звы́чаю, Павел увайшоў да іх і на праця́гу трох субот размаўляў з імі на падста́ве Піса́нняў,

адкрываючы і даказваючы ім, што Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць і што: «Гэты Езус, якога вам прапаведую, — гэта Хрыстус».
 
тлума́чачы і даво́дзячы, што Хрысту нале́жала прыня́ць паку́ты і ўваскрэ́снуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Іісус, Якога я прапаве́дую вам.

Некаторыя з іх паверылі і далучыліся да Паўла і Сілы — вялікае мноства пабожных грэкаў і нямала знатных жанчын.
 
І некато́рыя з іх уве́равалі і далучы́ліся да Паўла і Сілы — і з набо́жных Э́лінаў вялікае мно́ства, і са зна́тных жанчын няма́ла.

Тады юдэі, ахопленыя зайздрасцю, узялі з рынку нейкіх нягодных людзей, сабралі натоўп і пачалі бунтаваць горад. Падышоўшы да дома Ясона, яны шукалі іх, каб вывесці да народу.
 
А Іудзеі, якія не ўверавалі, пазайздро́сціўшы і назбіра́ўшы на плошчы нейкіх няго́дных людзей, учынíлі натоўп і пачалí бунтава́ць горад; падступіўшы да дому Іасо́на, яны намага́ліся вы́весці іх да народу.

Калі ж не знайшлі, пацягнулі Ясона і некаторых братоў да гарадскіх уладаў з крыкам: «Тыя, што бунтуюць увесь свет, прыйшлі і сюды,
 
Але, не знайшоўшы іх, яны пацягнулі Іасо́на і некато́рых братоў да гарадскіх начальнікаў, выкры́кваючы: тыя, што бунту́юць увесь свет, і сюды прыйшлі,

а Ясон прыняў іх. Усе яны паступаюць насуперак загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы кароль — Езус».
 
а Іасон іх прыня́ў; і яны ўсе су́праць зага́даў ке́сара выступа́юць, гаворачы, што ёсць іншы цар — Іісус.

Устрывожыўся народ і гарадскія ўлады, якія слухалі гэта.
 
І ўстрыво́жыўся народ і гарадскія нача́льнікі, чу́ючы гэта.

Але, атрымаўшы даволі шмат ад Ясона і іншых, адпусцілі іх.
 
Але, атрыма́ўшы зало́г ад Іасо́на і ад іншых, яны адпусцíлі іх.

Тады браты адразу ж уначы адправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Прыбыўшы туды, яны пайшлі ў юдэйскую сінагогу.
 
Браты ж адразу ўначы́ адпра́вілі Паўла і Сілу ў Ве́рыю; яны, прыбы́ўшы туды, пайшлі ў сінагогу Іудзейскую.

Тутэйшыя былі больш прыхільныя, чым у Тэсалоніках, яны прынялі слова з усёй ахвотай і кожны дзень даследавалі Пісанне, ці так яно ёсць.
 
Гэтыя былí больш высакаро́днымі за тых, што ў Фесало́ніцы, яны прынялí сло́ва з усёй шчы́расцю, штодзе́нь дасле́дуючы Піса́нні, ці так яно ёсць;

Многія з іх паверылі — і з грэцкіх знатных жанчын, і з мужчын нямала.
 
і многія з іх уве́равалі — і з паважа́ных Э́лінскіх жанчын, і з мужчын няма́ла.

Калі ж даведаліся тэсаланікійскія юдэі, што і ў Бэрэі Павел прапаведуе Божае слова, прыйшлі таксама туды ды падбухторвалі і бунтавалі натоўп.
 
Калі ж даведаліся Фесаланікíйскія Іудзеі, што і ў Ве́рыі прапаве́дана Паўлам сло́ва Божае, то прыйшлі і туды, падбухто́рваючы і будара́жачы народ.

Тады браты адразу ж адправілі Паўла, каб ён пайшоў да самага мора, а Сіла і Цімафей засталіся.
 
Тады браты́ адразу адпра́вілі Паўла ісці ў кіру́нку да мора, а Сіла і Цімафей засталíся там.

Тыя, хто спадарожнічаў Паўлу, правялі яго аж да Атэн. Атрымаўшы наказ для Сілы і Цімафея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, вярнуліся.
 
Суправаджа́льнікі Паўла правялí яго да Афін, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя як найхутчэ́й прыйшлі да яго, адпра́віліся назад.

Калі Павел чакаў іх у Атэнах, яго дух абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі.
 
У той час, як Павел чака́ў іх у Афінах, абура́ўся ў ім дух яго, калі ён бачыў гэты горад, поўны ідалаў.

Ён размаўляў у сінагозе з юдэямі і з тымі, хто баіцца Бога, і штодня з сустрэчнымі на рынку.
 
І вось ён размаўляў у сінагозе з Іудзеямі, і з тымі, хто шанава́ў Бога, і на плошчы штодзе́нь з сустрэ́чнымі.

Спрачаліся з ім некаторыя філосафы з эпікурэйцаў і стоікаў. Адны казалі: «Што хоча сказаць гэты пустаслоў?» Іншыя: «Здаецца, ён прапаведуе чужых багоў», — таму што ён прапаведаваў ім Езуса і ўваскрасенне.
 
Некаторыя з філосафаў эпікурэ́йскіх і стаíчных спрача́ліся з ім; і адны гаварылі: «што́ хоча сказаць гэты пустасло́ў?», а другія: «здае́цца, ён прапаве́днік чужы́х багоў», — бо ён прапаве́даваў ім Іісуса і ўваскрасе́нне.

Яны ўзялі яго і прывялі на Арэапаг, кажучы: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш?
 
І, узяўшы яго, прывялі ў арэапа́г і казалі: ці можам мы даве́дацца, што́ гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшча́еш?

Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што гэта азначае?»
 
бо ты нешта дзіўнае ўклада́еш у ву́шы нашы; таму мы хочам даве́дацца: што́ гэта такое?

А ўсе атэнцы ды іншаземцы, якія жылі там, нічым так ахвотна не займаліся, як расказваннем або слуханнем чагосьці новага.
 
А ўсе Афíняне і іншазе́мцы, якія жылí там, нічым так ахво́тна не займа́ліся, як тым, каб гаварыць або слу́хаць пра нешта новае.

Павел стаў пасярод Арэапагу і сказаў: «Атэнцы, я бачу, што ва ўсім вы вельмі рэлігійныя.
 
І, стаўшы пасярод арэапа́га, Павел сказаў: мужы́ Афінскія! па ўсім бачу я, што вы асабліва набо́жныя;

Бо, калі я праходзіў і аглядаў вашыя святыні, я знайшоў таксама алтар, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам.
 
бо, прахо́дзячы і агляда́ючы святыні вашы, я знайшоў і ахвя́рнік, на якім напíсана: «невядо́маму Богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ве́даючы, шану́еце, я і прапаве́дую вам.

Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў святынях, збудаваных рукамі,
 
Бог, Які ствары́ў свет і ўсё, што ў ім, Ён, бу́дучы Госпадам не́ба і зямлі, не ў рукатво́рных хра́мах жыве́

і не з рук чалавечых прымае служэнне, быццам бы маючы ў нечым патрэбу. Ён сам дае ўсяму жыццё, дыханне і ўсё.
 
і не патрабу́е паслуг рук чалавечых, як той, хто ма́е ў не́чым патрэ́бу, а Сам дае́ ўсяму жыццё, і дыха́нне, і ўсё;

Ён учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй зямлі. Прызначыў устаноўленыя часы і межы іх рассялення,
 
Ён стварыў ад адной крывí ўвесь род чалаве́чы, каб жылí па ўсім аблíччы зямлі, устанавіўшы прадвы́значаныя тэ́рміны і ме́жы пражыва́ння іх,

каб яны шукалі Бога. Можа намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас.
 
каб яны шукалі Бога, ці не адчу́юць яны Яго і не зно́йдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём, як некаторыя з вашых паэтаў сказалі: “І мы род Ягоны”.
 
бо мы Ім жывём, і ру́хаемся, і існуём, як і некато́рыя з вашых паэтаў казалі: «бо мы ёсць і род Яго».

Дык калі мы належым да Божага роду, то не павінны думаць, што боства падобна да золата ці срэбра, ці каменя, да выявы мастацтва і чалавечай фантазіі.
 
Таму, будучы ро́дам Божым, мы не павíнны лічы́ць, што Бажаство́ падобна да золата, альбо срэ́бра, альбо ка́меня, твора ўме́льства і заду́мы чалавека;

Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся,
 
дык вось, не зважа́ючы на часы́ няве́дання, Бог цяпер зага́двае лю́дзям, каб усе ўсю́ды пака́яліся;

бо Ён вызначыў дзень, калі будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога прызначыў, і даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго».
 
таму што Ён устанавіў дзень, у які будзе пра́ведна судзíць свет праз Му́жа, Якога Ён прызна́чыў, да́ўшы ўсім доказ, уваскрасíўшы Яго з мёртвых.

Калі пачулі пра ўваскрасенне, адныя насміхаліся, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».
 
Пачуўшы пра ўваскрасе́нне мёртвых, адны насміха́ліся, а другія казалі: пра гэта паслу́хаем цябе іншым разам.

Так Павел выйшаў ад іх.
 
Тады Павел пайшоў ад іх.

Але некаторыя людзі далучыліся да яго і паверылі. Сярод іх быў Дыянізій Арэапагіт, жанчына па імені Дамарыс ды іншыя разам з імі.
 
Некато́рыя ж мужы́, далучы́ўшыся да яго, уве́равалі; сярод іх быў Дзіянíсій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Да́мар, і іншыя з імі.