Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І ўбачыў я, што Баранак адкрыў адну з сямі пячатак, і пачуў я адну з чатырох жывых істот, якая гаварыла як бы голасам грому: «Прыйдзі».
І ўба́чыў я, што зняў А́гнец адну з сямí пяча́цяў, і я пачу́ў адну з чатыро́х жывёл, якая гавары́ла нíбы го́ласам гро́му: ідзí і глядзí.
І я ўбачыў: вось, белы конь, а вершнік на ім меў лук, яму дадзены быў вянок, і ён вырушыў як пераможца, каб перамагаць.
І ўба́чыў я: вось, конь белы, і той, хто сядзíць на ім, ма́е лук, і быў да́дзены яму вяне́ц; і вы́йшаў ён як перамо́жца і каб перамага́ць.
А калі адкрыў другую пячатку, я пачуў, як другая жывая істота казала: «Прыйдзі».
І калі зняў Ён другу́ю пяча́ць, я пачу́ў другу́ю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí.
І выйшаў іншы конь, агністы, а вершніку яго было дадзена забраць спакой з зямлі, каб людзі выразалі адзін аднаго, і дадзены быў яму вялікі меч.
І вы́йшаў другі конь, агнíста-чырво́ны; і таму, хто на ім сядзе́ў, да́дзена было́ забра́ць мір з зямлí, і каб адзін аднаго забіва́лі; і быў да́дзены яму меч вялікі.
А калі адкрыў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: «Прыйдзі». І вось убачыў я чорнага каня, а вершнік на ім меў вагі ў сваіх руках.
І калі зняў Ён трэ́цюю пяча́ць, я пачу́ў трэ́цюю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí. І ўба́чыў я: вось, конь чорны, і той, хто сядзíць на ім, ма́е ва́гі ў руцэ́ сваёй.
І я пачуў яго голас пасярод чатырох жывых істот, які казаў: «Кварта збожжа за дынар і тры кварты ячменю за дынар. Аднак не марнуй алею і віна».
І пачу́ў я го́лас сяро́д чатырох жывёл, які каза́ў: хíнікс пшанíцы за дына́рый і тры хíніксы ячме́ню за дына́рый; але́ю ж і віну́ не прычыня́й шко́ды.
Калі адкрыў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, якая казала: «Прыйдзі».
І калі зняў Ён чацвёртую пяча́ць, я пачу́ў голас чацвёртай жывёлы, якая гавары́ла: ідзí і глядзí.
І вось убачыў я каня бледна-зялёнага, а вершнік на ім меў імя Смерць, і спадарожнічала яму Адхлань. Яму дадзена была ўлада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом і голадам, смерцю і дзікімі звярамі зямлі.
І ўба́чыў я: вось, конь сíвы, і сядзíць на ім той, імя́ якому смерць; і пе́кла ішло́ ўслед за ім, і да́дзена была́ яму ўла́да над чвэ́рцю зямлі — забіва́ць мячо́м, і го́ладам, і памо́рам, і звяра́мі зямны́мі.
Калі адкрыў пятую пячатку, я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі.
І калі зняў Ён пя́тую пяча́ць, я ўба́чыў пад ахвя́рнікам ду́шы забíтых за сло́ва Божае і за све́дчанне, якое ме́лі яны.
Яны ўсклікнулі гучным голасам, кажучы: «Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць і спаганяць за нашу кроў з жыхароў зямлі?»
І закрыча́лі яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: даку́ль, Уладару́ святы́ і íсцінны, Ты не су́дзіш і не по́мсціш за кроў нашу жыхара́м зямлі?
Кожнаму з іх былі дадзены белыя шаты, і было сказана ім, каб адпачылі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік іхніх супольнікаў-слугаў і братоў іхніх, што, як і яны, павінны быць забітыя.
І да́дзена было́ кожнаму з іх адзе́нне белае, і ска́зана было́ ім, каб яны спачыва́лі яшчэ́ нядо́ўгі час, паку́ль дапо́ўняць іх лік і сурабо́тнікі іх і браты́ іх, якія бу́дуць забіты, як і яны.
Калі адкрыў шостую пячатку, я ўбачыў, што стаўся вялікі землятрус і сонца стала чорнае, як валасяны мяшок, і ўвесь месяц стаў як кроў,
І ўба́чыў я, калі зняў Ён шо́стую пяча́ць: вось, зда́рылася землетрасе́нне вялікае, і со́нца зрабíлася чорным, як валасянíца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў.
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як недаспелыя смоквы, што скідае ўзрушаная моцным ветрам смакоўніца.
І зоркі нябе́сныя ўпалі на зямлю́, як смако́ўніца скіда́е няспе́лыя плады́ свае, страсяну́тая мо́цным ве́трам.
Неба аддзялілася як скрутак, што звіваецца, а кожная гара і выспа зварухнуліся са сваіх месцаў.
І неба знíкла, скруцíўшыся, як суво́й; і кожная гара́ і во́страў зру́шыліся з ме́сцаў сваіх.
Каралі зямлі, вяльможы, тысячнікі, багачы, моцныя, кожны нявольнік і свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах.
І цары́ зямны́я, і вяльмо́жы, і бага́тыя, і тысячанача́льнікі, і магу́тныя, і кожны раб, і кожны свабо́дны схава́ліся ў пячо́рах і ў го́рных ска́лах,
Яны кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце ад аблічча таго, хто сядзіць на троне, і ад гневу Баранка,
і ка́жуць гара́м і ска́лам: упадзíце на нас і схава́йце нас ад аблíчча Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, і ад гне́ву А́гнца;
бо настаў вялікі дзень Ягонага гневу, і хто зможа выстаяць?»
бо прыйшо́ў вялікі дзень гне́ву Яго, і хто можа ўстая́ць?