Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І вы былі мёртвымі з-за праступкаў і грахоў вашых,
 

у якіх вы калісьці жылі згодна са звычаямі гэтага свету, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непаслухмянасці.
 

Сярод іх мы ўсе таксама калісьці жылі паводле імкненняў нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія.
 

А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас,
 

і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю.
 

Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе,
 

каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе.
 

Вы ж збаўлены ласкаю праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар.
 

І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
 

Мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.
 

Таму памятайце, што калісьці вы, язычнікі, якіх завуць «неабрэзанымі» тыя, што называюцца абрэзанымі з прычыны знаку, зробленага рукою на целе,
 

былі ў той час без Хрыста, адкінутымі ад ізраэльскага грамадства і чужымі запавету абяцання. Вы не мелі надзеі і былі бязбожнікамі ў свеце.
 

Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста.
 

Ён — спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці,
 

што падзяляў, зруйнаваў у сваім целе. А Закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы спакой,
 

і ў адным целе зноў прымірыць з Богам адных і другіх праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць.
 

Прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка.
 

Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
 

Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога,
 

умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем,
 

на якім кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану.
 

У Ім і вы разам будуецеся, каб быць жыллём Бога ў Духу.