Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу,
кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».
Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім.
Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус.
Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,нічым не меншы сярод гарадоў Юды,бо з цябе выйдзе Правадыр,які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».
Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі.
Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».
Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця.
Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся.
Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра.
Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.
Калі адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго».
Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет.
Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго».
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў.
Так збылося сказанае прарокам Ераміем:
«Голас у Раме чутны,плач і лямант вялікі.Рахэль аплаквае дзяцей сваіхі не хоча суцешыцца, бо іх няма».
Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце
і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця».
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю.
А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.