Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,і не ўводзь нас у спакусу”».
І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы,
бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”.
А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”.
Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена.
Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю?
Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна?
Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».
Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся.
А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў».
Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае.
Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў.
Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі.
Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства.
Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны.
А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю.
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”.
І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».
Калі Ён прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: «Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!»
А Ён сказаў: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»
Калі стаў збірацца народ, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленне гэтае — ліхое пакаленне, яно шукае знаку, але не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны.
Бо як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення.
Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
Мужы Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, і вось, тут большае за Ёну.
Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
Светачам цела ёсць тваё вока. Калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае. А калі вока тваё дрэннае, то і цела тваё цёмнае.
Таму глядзі, каб святло, якое ёсць у табе, не было цемрай.
Калі цела тваё ўсё светлае і не мае ніякай цемры, то ўсё будзе светлае, быццам ззянне светача асвятліла цябе».
Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. І Ён, увайшоўшы, заняў месца за сталом.
Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам.
Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю.
Неразумныя! Ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры?
Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, а абмінаеце суд і любоў Божую! І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках!
Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага!»
У адказ нехта з кніжнікаў сказаў Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас».
А Ён сказаў: «І вам, кніжнікам, гора, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.
Гора вам, бо вы будуеце грабніцы прарокам, якіх забілі айцы вашы!
Так вы сведчыце пра справы айцоў вашых і згаджаецеся з гэтым, бо яны пазабівалі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
Таму і сказала мудрасць Божая: пашлю ім прарокаў і апосталаў, а яны некаторых з іх пазабіваюць ці пераследаваць будуць.
Няхай будзе спагнаная з пакалення гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету,
ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і святыняй. Так, кажу вам, спагнана будзе з пакалення гэтага.
Гора вам, кніжнікам, бо вы забралі ключ пазнання! Самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі».
Калі выйшаў адтуль, моцна пакрыўджаныя кніжнікі і фарысеі выпытвалі ў Яго пра многае,
выпрабоўваючы Яго і жадаючы падлавіць на нечым з вуснаў Ягоных.