Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі».
 

Калі распачалася звада і немалая спрэчка Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшын у Ерузалем.
 

Яны ж, пасланыя Касцёлам, праходзілі праз Феніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне язычнікаў. І вельмі ўзрадавалі ўсіх братоў.
 

Калі прыйшлі ў Ерузалем, былі прынятыя Касцёлам, Апосталамі і старэйшынамі. Яны распавялі, што Бог учыніў з імі.
 

Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і сказалі: «Трэба абрэзаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!»
 

Тады сабраліся Апосталы і старэйшыны, каб вырашыць гэтую справу.
 

Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: «Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі.
 

Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога.
 

Ён не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.
 

Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?
 

Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны».
 

Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.
 

Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: «Браты, паслухайце мяне.
 

Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя.
 

І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
 

“Потым вярнусяі адбудую заняпалы шацёр Давіда,адбудую руіны яго і пастаўлю нанова,
 

каб астатнія людзі шукалі Пана,і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, —кажа Пан, які чыніць гэтыя справы,
 

вядомыя спрадвеку”.
 

Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога,
 

але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганьвання ідаламі, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві.
 

Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожны шабат абвяшчае і чытае ў сінагогах Закон Майсея».
 

Тады Апосталы і старэйшыны разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабам.
 

А праз іх выслалі такі ліст: «Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў з язычнікаў у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі!
 

Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы.
 

Таму мы згодна вырашылі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі,
 

якія аддаюць сваё жыццё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста.
 

Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі.
 

Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна:
 

устрымлівайцеся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы».
 

Пасланыя прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы людзей, аддалі ліст.
 

Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму настаўленню.
 

Юда і Сіла, якія самі былі прарокамі, многімі прамовамі настаўлялі і ўмацоўвалі братоў.
 

Прабыўшы там пэўны час, браты адпусцілі іх з супакоем да тых, хто іх паслаў.
 

[отсутсвует]
 

Але Павел і Барнаба заставаліся ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі іншымі слова Пана.
 

Праз некалькі дзён Павел сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем нашых братоў ва ўсіх гарадах, дзе мы абвяшчалі слова Пана, і паглядзім, як яны маюцца».
 

Тады Барнаба хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам.
 

Але Павел палічыў, што не трэба браць з сабой таго, хто адышоў ад іх у Памфіліі і не спадарожнічаў ім у працы.
 

Адбылася спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным. Тады Барнаба ўзяў з сабою Марка і паплыў на Кіпр,
 

а Павел выбраў сабе Сілу і, калі браты даручылі яго ласцы Пана, вырушыў.
 

Праходзіў ён праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касцёлы.