Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Пану. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, для вас жа гэта карысна.
Асцерагайцеся сабак, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання!
Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела.
Хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я,
абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей,
паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.
Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай.
Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста
і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры,
каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці,
каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння.
Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Езус Хрыстус.
Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе.
Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.
Будучы дасканалымі, давайце так думаць, а калі інакш думаеце, то Бог вам адкрые.
Аднак, будзем жа трымацца таго, чаго мы ўжо дасягнулі.
Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас.
Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа.
Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.
А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста,
які пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.