1 да Цімафея 4 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Дух выразна кажа, што напрыканцы часоў некаторыя адступяцца ад веры і звернуцца да духаў, якія зводзяць, і да навук дэманаў
праз крывадушных падманшчыкаў, якія заплямілі сваё сумленне.
Яны забараняюць жаніцца, спажываць стравы, якія Бог стварыў дзеля спажывання з удзячнасцю для веруючых і тых, якія пазналі праўду.
Бо ўсё, што стварыў Бог, добрае, і нельга адкідаць нічога, што з удзячнасцю прымаецца.
Яно асвячаецца праз слова Божае і малітву.
Калі гэта растлумачыш братам, станеш добрым слугою Езуса Хрыста, які жывіцца словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.
Асцерагайся бязбожных і недарэчных баек. Сябе ж выхоўвай у пабожнасці,
бо цялеснае практыкаванне мала ў чым карыснае, а пабожнасць да ўсяго прыдатная, мае ў сабе абяцанне цяперашняга і будучага жыцця.
Праўдзівае гэта слова і вартае ўсялякай увагі.
Бо дзеля гэтага мы працуем і змагаемся, таму што спадзяемся на Бога жывога, Збаўцу ўсіх людзей, асабліва веруючых.
Загадвай гэта і гэтаму навучай.
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці.
Пакуль прыйду, займіся чытаннем Пісання, заахвочваннем і навучаннем.
Не занядбоўвай дар, які ёсць у табе і які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук калегіі прэзбітэраў.
Аб гэтым клапаціся, у гэтым трывай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх.
Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым. Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.