Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І, ста́лася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галіле́і і прыйшоў у ме́жы Юдэйскія на той бок Іордану.
І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.
За Ім пайшло множства людзёў; і Ён аздаравіў іх там.
І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.
І прыступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці за ўсякую віну можна чалаве́ку развадзíцца з жонкаю сваёю?
І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»
Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Той, Хто стварыў ад пачатку мужчыну й жанчыну, стварыў іх такімі? (Быцьцё 1:27.)
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?
І сказаў: дзеля гэтага пакíнець чалаве́к бацьку й матку і прыста́не да жонкі сваёй; і будуць двое адным це́лам (Быцьцё 2:24).
І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.
Дык яны ўжо ня двое, але адно це́ла. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалаве́к няхай не разлучае.
Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, тое чалавек няхай не разлучае».
Яны кажуць Яму: як жа Майсе́й казаў даваць разводны ліст і развадзіцца з ёю? (Другазаконьне 24:1 і наст.)
Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»
Ён кажа ім: Майсе́й дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам развадзіцца з жонкамі вашымі, а спачатку ня было гэтак.
Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.
Але Я кажу вам: хто разьвядзе́цца з жонкаю не́ за блудлівасьць і ажэніцца з другою, той блудзіць; і хто ажэніцца з разьве́дзенаю, блудзіць.
А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».
Кажуць Яму вучні Яго: калі гэткі абавязак чалаве́ка да жонкі, то ле́пей не жаніцца.
Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».
Ён жа сказаў ім: ня ўсе́ разуме́юць словы гэтыя, але каму дадзена.
Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.
Бо ёсьць скапцы́, што з матчынага жывата́ гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы́, што вы́пакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы́, якія зрабілі самы сябе́ скапца́мі дзеля царства нябе́снага. Хто можа паняць, няхай пайме́.
Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».
Тады прыве́дзены былі да Яго дзе́ці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.
Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
Але Ісус сказаў: пусьціце дзяце́й і не перашкаджа́йце ім прыходзіць да Мяне́; бо гэткіх ёсьць Царства Нябе́снае.
А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».
І, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль.
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І вось не́хта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне́ добрага, каб ме́ць жыцьцё ве́чнае?
І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»
Ён жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне́ добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго толькі Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні.
Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».
Кажа яму: якія? Ісус жа сказаў: не забіва́й; ня блудзí; не крадзí; ня сьве́дчы ілжыва;
Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;
шануй бацьку і матку; і: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Выхад 20:12,13−16; Лявіт 19:18; Другазаконьне 5:16,17−20).
шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».
Юнак кажа Яму: усё гэтае захаваў я ад юнацтва майго; чаго яшчэ мне́ нестае́?
Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»
Ісус сказаў яму: калі хочаш быць беззаганным, пайдзі, прадай ма́емасьць тваю і раздай бе́дным; і будзеш ме́ць скарб на не́бе; і прыходзь ды йдзі за Мною.
Ісус прамовіў да яго: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».
Пачуўшы слова гэтае, юнак адыйшоўся з сумам, бо ў яго было вялікае багацьце.
Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.
Ісус жа сказаў вучням Сваім: запраўды́ кажу вам, што трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Нябе́снае.
А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.
І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці скрозь іголчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.
Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
Пачуўшы гэтае, вучні Яго дужа дзіваваліся і сказалі: дык хто-ж можа спасьціся?
Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»
А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: у людзе́й гэтае немагчыма, у Бога-ж усё магчыма.
А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што-ж будзе нам?
Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»
Ісус жа сказаў ім: Запраўды́ кажу вам, што ў новым жыцьці вы, пасьле́даваўшыя за Мною, калі Сын Чалаве́чы сядзе на пасадзе славы Свае́, ся́дзеце такжа на дванаццацёх паса́дах судзіць дванаццаць ро́даў Ізраілявых.
А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.
І кожын, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацьку, ці матку, ці жонку, ці дзяце́й, ці зе́млі дзеля іме́ньня Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўнасьле́дуе жыцьцё ве́чнае.
І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.
Многія-ж пе́ршыя будуць апошнімі, і апошнія пе́ршымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.