Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Паклікаўшы-ж усіх дванаццацёх, даў ім моц і ўладу над усімі чарта́мі і аздараўляць ад хворасьцяў.
Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.
І паслаў іх навучаць аб Царстве Божым і аздараўляць хворых.
І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.
І сказаў ім: нічога не бярэце на дарогу: ні кія́, ні торбы, ні хле́ба, ні срэбра, і каб двух вопратак ня ме́лі;
І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.
і ў які дом увойдзеце, там аставайцеся і стуль ідзе́це ў дарогу;
І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;
і калі дзе́ ня прымуць вас, то, выходзячы з таго ме́ста, абтрасе́це і пыл з ног вашых у сьве́дчаньне на іх.
і калі дзе ня прыймуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».
І, пайшоўшы, праходзілі па сёлах, апавядаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.
Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.
Ірад жа чацьвертаўла́днік чуў пра ўсё, што дзе́ялася ад Яго, і ня це́міў: бо адны казалі, што гэта Іоан устаў з мёртвых;
А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;
другія, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін са старадаўніх прарокаў уваскрос.
І сказаў Ірад: Іоана я сьцяў; хто-ж гэты, аб якім я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх з Сабою, пайшоў самотна ў пустыннае ме́сца каля ме́ста, называнага Віфсаідаю.
І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.
Але народ, даве́даўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, вёў з імі гутарку аб Царстве Божым і, каму гэтага трэба было, аздараўляў.
Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.
Калі-ж дзе́нь пачаў зыходзіць, дык прыступілі да Яго дванаццацёра і гаварылі Яму: адпра́ў народ, каб яны пайшлі ў вакалічныя сёлы й вёскі начаваць і дасталі е́сьці, бо мы тут у пустым ме́сцы.
Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, Дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
Але Ён сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. Яны сказалі: у нас няма бале́й за пяць хлябоў і дзьвюх рыб; хіба нам пайсьці купіць е́жы для ўсіх гэтых людзе́й?
Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»
Бо іх было каля пяцёх ты́сячаў душ. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх рада́мі па пяцьдзесят.
Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».
І ўчынілі так, і рассадзілі ўсіх.
І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы і паўзіраўшыся ў не́ба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.
Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.
І е́лі, і насыціліся ўсе́; і набралі недае́дкаў дванаццаць карабоў.
І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.
І сталася, як маліўся самотна, і вучні былі з Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго лічыць Мяне́ народ?
І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»
Яны сказалі ў адказ: за Іоана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю; другія-ж кажуць, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».
Ён жа спытаўся ў іх: а вы за каго лічыце Мяне́? І адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».
Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць аб гэтым,
Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,
сказаўшы, што Сын Чалаве́чы мусіць многа выцярпець мук; і адцураюцца Яго старэйшыны, архірэі і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзе́нь ускрэсьне.
сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.
Да ўсіх жа сказаў: калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе́, няхай возьме крыж свой і йдзе́ за Мною.
Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.
Бо хто хоча душу сваю спасьці, загу́біць яе́; а хто загу́біць душу сваю дзеля Мяне́, той спасе́ яе́.
Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.
Бо якая карысьць чалаве́ку здабыць уве́сь сьве́т, а сябе́ самога загубіць, ці пашкодзіць сабе́?
Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?
Бо хто паўстыдаецца Мяне́ і Маіх слоў, таго Сын Чалаве́чы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца і сьвятых Ангелаў.
Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.
Праўду кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Царства Божага.
Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».
Сталася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Іоана і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца,
І сталася праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.
і сталася, як Ён маліўся, выгляд аблічча Яго зьмяніўся, і вопратка Яго сталася бе́лая, блішчастая.
І калі Ён маліўся, стаўся выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.
І вось двое людзе́й гутарылі з Ім, а былі гэта Майсе́й і Ільля:
І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,
зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі аб сьме́рці Яго, што ме́ўся споўніць у Ерузаліме.
якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што Ён меўся споўніць у Ерусаліме.
Пётр жа і быўшыя з Ім былі апанава́ны сном; прабудзіўшыся-ж, убачылі славу Яго і двох мужо́ў, стоячы з Ім.
Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
І, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі: адну Табе́, адну Майсе́ю і адну Ільлі, — ня ве́даючы, што́ кажа.
І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.
Калі-ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і агарнула іх; і перепалохаліся, як увайшлі ў хмару.
Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
І быў з хмары голас гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улю́блены; Яго слу́хайце.
І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».
І, калі быў голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не гаварылі ў тыя дні, што́ бачылі.
І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.
І сталася назаўтрае, як яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго вялікае множства народу.
І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
І вось не́йкі чалаве́к з народу крыкнуў: Вучыцель: малю Цябе́! Глянь на сына майго; ён адзін у мяне́:
І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.
і вось дух бярэ яго, і ён ураз жа крычыць, і ірве́ць яго з пе́най; і ле́дзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго; і яны не маглі.
І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».
Ісус жа адказваючы сказаў: о, род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі і буду цярпе́ць вас? Прывядзі сюды сына твайго.
Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».
Калі-ж той яшчэ йшоў, дух кінуў яго і затрос; але Ісус прыкрыкнуў на нячыстага духа і аздаравіў хлопца, ды аддаў яго бацьцы яго.
Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
І ўсе́ дзівіліся ве́лічы Божай. Калі-ж усе́ дзівіліся ўсяму, што чынíў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
палажэце сабе́ ў вушы словы гэтыя: Сын Чалаве́чы будзе вы́даны ў рукі чалаве́чыя.
«Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».
Але яны не зразуме́лі слова гэтага, і яно было закрыта ад іх, каб ня ўцяміць ім яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.
Прыйшла-ж ім думка: хто-б з іх быў бо́льшы?
Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?
Ісус жа, бачучы помыслы іх сэрца, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
і сказаў ім: хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне́ прыйме, а хто прыйме Мяне́, той прыйме Паслаўшага Мяне; бо хто з вас ме́ншы за ўсіх, той будзе вялікі.
і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».
Пры гэтым Іоан сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, іме́ньнем Тваім выганя́ючага чарто́ў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі [чалавека], які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».
І сказаў яму Ісус: не забараняйце; бо хто ня проці вас, той за вас.
І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».
І сталася, як набліжаліся дні забра́ньня Яго, умацава́лася аблічча Яго ісьці ў Ерузалім,
І сталася, калі набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім
і паслаў пасланцоў прад абліччам Сваім; і яны пайшлі, і ўвайшлі ў сяло Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго;
і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім. І яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб падрыхтаваць [месца] для Яго,
але там ня прынялі Яго, бо аблічча Яго было йдучы ў Ерузалім.
але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.
Бачучы-ж вучні Яго, Якаў і Іоан, сказалі: Госпадзе! ці хочаш: мы скажам, каб агонь зыйшоў з не́ба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»
Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ве́даеце, якога вы духа;
Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,
бо Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ губіць душы людзкія, але спасаць. І пайшлі ў другое сяло.
бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.
І сталася, як яны былі ў дарозе, не́хта сказаў Яму: Госпадзе: я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.
І сталася, калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»
Ісус сказаў яму: лісіцы маюць норы, і птушкі нябе́сныя гнезды; а Сын Чалаве́чы ня мае, дзе́ галаву прыкланіці.
І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».
А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне́ пе́рш пайсьці й пахаваць бацьку майго.
А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».
Але Ісус сказаў яму: пакінь уме́ршым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты йдзі ды абвяшчай Царства Божае.
Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць мёртвых сваіх, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Госпадзе! Але пе́рш дазволь мне́ папрашчацца з хатнімі маімі.
І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».
Але Ісус сказаў яму: ніхто не спасо́бен да Царства Божага, хто, узлажыўшы руку сваю на плуг, агляда́ецца назад.
Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».