Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Калі-ж сьціхла ўзварушэньне, Паўла, паклікаўшы вучняў ды разьвітаўшыся, пайшоў, кіруючыся ў Македонію.
А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.
Прайшоўшы-ж гэныя зе́млі ды многімі словамі навучыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
Прабыўшы-ж тры ме́сяцы, калі Жыды зрабілі на яго засаду, і ён маніўся вырушыць у Сірыю, прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
Ішлі-ж з ім да Азіі Сосіпатр Вэрыец ды із Фессалонян Арыстарх і Сэкунд, і Гай Дэрбянін і Цімахве́й, ды із Азійцаў Тыхік і Трахім.
А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх, і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.
Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Троадзе.
Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.
Мы-ж адплылі былі пасьля дзён праснакоў із Філіпаў ды дзён цераз пяць прыйшлі к ім у Троаду, дзе́ прабылі се́м дзён.
А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.
У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хле́ба, Паўла, манючыся назаўтрае выйсьці, вёў з імі гутарку й зацягнуў яе́ ажно да паўночы.
А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.
Было-ж даволі сьве́тачаў у сьвятліцы, дзе́ мы сабраліся.
Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.
Дзяцюк-жа не́йкі, на ймя Яўціх, сядзючы́ на акне́, крэпка заснуў; як Паўла прамаўляў доўга, пахіснуўшыся ў сьне́, зваліўся ён з трэцяга паве́рху ўніз і быў падняты няжывы.
А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.
Паўла-ж, зыйшоўшы ўніз, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не палохайцеся, бо душа ягоная ў ім.
Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».
І, падняўшыся наве́рх ды разламаўшы хле́б і пае́ўшы, гутарыў даволі ажне да сьвітаньня дый пайшоў.
І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.
А дзяцюка прывялі жывога і ўце́шыліся нямала.
А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.
Мы-ж пайшлі напе́рад да карабля і паплылі ў Асс, манючыся забраць стуль Паўлу: бо гэтак ён нам загадаў, манючыся сам ісьці пехатой.
А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.
Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Асьсе, дык, забраўшы яго, прыбылі мы ў Мітыле́ну.
Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.
І, адплыўшы стуль, мы на другі дзе́нь затрымаліся проці Хіоса, а назаўтрае прысталі к Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыбылі ў Міле́т;
Паплыўшы адтуль, мы назаўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,
бо Паўла надумаў плыці міма Эфэсу, каб ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся быць, калі магчыма, ў дзе́нь Пяцідзясятніцы ў Ерузаліме.
бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.
З Міле́ту-ж паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў да сябе́ старшых царквы́
А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.
і, як яны апынуліся перад ім, сказаў ім: Вы ве́даеце, як я, ад пе́ршага дня прыходу майго ў Азію, уве́сь час быў з вамі,
Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,
служачы Богу з усе́й пакорнасьцяй і многімі сьлязьмі й спакушэньнямі, што прыходзілі на мяне́ ад подступаў Жыдоўскіх,
служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,
ды як нічога не прапускаў я із таго, што было-б карысна, каб вам пераказаць і навучаць вас усенародна й па дамох,
як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,
сьве́дчучы й Жыдом і Грэкам аб пакаяньні перад Богам ды аб ве́ры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
І вось цяпе́р, зьвязаны Духам, іду я ў Ерузалім, ня ве́даючы, што тамака сустрэне мяне́,
І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,
адно толькі Дух Сьвяты сьве́дчыць па ме́стах, кажучы, што ждуць мяне́ путы й мукі.
адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.
Ды я нічога ня дбаю й не даражу маім жыцьцём, абы толькі ў радасьці закончыць шлях мой і служэньне, што ўзяў ад Госпада Ісуса, сьве́дчучы аб Эвангельлі міласьці Божае.
Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае.
І цяпе́р вось ве́даю, што ня ўгле́дзіце больш аблічча майго вы ўсе́, сярод каго я хадзіў, абвяшчаючы царства Божае.
І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.
Дык сьве́дчу вам у сягоньняшні дзе́нь, што я чысты ад крыві ўсіх:
Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
Пілнуйце-ж самі сябе́ й усё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за япіскапаў, каб пасьвіць царкву Бога, якую Ён прыдбаў уласнаю крывёй Сваёй.
Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.
Я-ж ве́даю гэта, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія не пашкадуюць стада,
Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,
дый спасярод вас самых паўстануць людзі, што гаварыцімуць наадварот, каб пацягнуць вучняў за сабою.
і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.
Дык не драмліце, памятаючы, што я тры гады ўдзе́нь і ўначы не пераставаў са сьлязьмі навучаці кожнага із вас.
Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.
І цяпе́р я аддаю вас, браты, Богу й слову міласьці Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну міжы ўсімі пасьвячонымі.
І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.
Ні серабра, ні золата, ні вопратак я ні ад кога не жадаў:
Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.
вы-ж самі ве́даеце, што патрэбы мае́ і тых, што былі са мною, здавалялі вось гэтыя рукі.
Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.
У-ва ўсім паказваў я вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён казаў: Шчасьліве́й даваць, чым браць.
У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».
І, сказаўшы гэтае ды сукланіўшы кале́ні свае́, маліўся з імі з усімі.
І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.
Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
сумуючы найбольш дзеля слова, якое сказаў, што ўжо больш ня ўгле́дзяць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.