Дзеі 4 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддуке́і,
Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,
узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаве́дуюць у Ісусе ўваскрасе́ньне із мёртвых;
узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.
і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо ве́чар.
І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.
Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уве́равалі; і было гэткіх людзе́й лікам каля пяцёх тысячаў.
А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.
І сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,
і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,
дый, паставіўшы гэных пасярод сябе́, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»
Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!
Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалаве́ку, чым ён аздароўлены,
Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,
дык няхай ве́дама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэ́я, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.
Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,
і ні ў кім іншым няма́шака збаўле́ньня, бо й няма іншага імя пад не́бам, да́дзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».
Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.
Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалаве́ка, не маглі нічога сказаць насупраць.
Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.
Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, ра́дзіліся паміж сабою,
Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,
кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.
Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб дале́й не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзе́й.
Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.
Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас бале́й, чым Бога?
А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?
Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».
Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе́ славілі Бога за тое, што сталася.
Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
Бо больш за сорак гадоў было таму чалаве́ку, з якім стаўся цуд аздараўле́ньня.
Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.
Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.
Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валада́ру! Ты Бог, што ўчыніў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.
што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?
Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.
Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,
каб учыніць тое, чаму стацца напе́рад назначыла рука Твая й рада Твая.
каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.
І цяпе́р, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усе́й адвагай гаварыць слова Тваё
І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,
ды працягні руку Тваю на аздараўле́ньне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».
І, як памаліліся, захісталася ме́сца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.
У грамады́-ж ве́руючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці свае́й не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
І з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядо́цтва ўваскрасе́ньня Госпада Ісуса, і ла́ска вялікая была на ўсіх іх.
І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
І ня было сярод іх нікога, хто цярпе́ў бы недастатак, бо хто ме́ў зямлю ці дамы́, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага
і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму дава́лася тое, што яму было патрэбна.
і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.
Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
ме́ўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нага́м Апосталаў.
які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.