Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды не́йкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
 
Па пяці днях прыбыў першасьвятар Ананія з некалькімі старшынямі і з нейкім рытарам Тэртулам, і ўручылі намесьніку абвінавачваньне супраць Паўла.

Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
 
І калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць: "Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакою, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народу,

Дазнаючы праз цябе́ вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усе́ю ўдзячнасьцяй.
 
найдастойнейшы Фэлікс! І мы ўсюды ды заўсёды прыймаем гэта з вялікай удзячнасьцю.

Але, каб табе́ шмат не дакучаць, прашу цябе́ каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці твае́й.
 
А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна хоць хвіліну паслухаў.

Бо, знайшоўшы, што чалаве́к гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсе́нькім сьве́це ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
 
Мы знайшлі, што гэты чалавек — правадыр сэкты Назарэйцаў, сее заразу і выклікае бунты сярод Юдэяў ва ўсім сьвеце,

які й храм адважыўся зьнява́жыць, — мы ўзялі яго й хаце́лі судзіць паводле нашых законаў.
 
які нават адважыўся спаганіць сьвятыню, дык мы яго ўзялі і хацелі судзіць па нашых законах.

Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
 
Але прыбег трыбун Лізі і з вялікім гвалтам вырваў яго з рук нашых, і загадаў абвініцелям ягоным ісьці да цябе.

загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе́. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даве́дацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
 
Дык выслухаўшы яго, ты сам зможаш даведацца пра ўсё, у чым мы яго вінавацім".

Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
 
І Юдэі падцьвердзілі, што справа гэтак маецца.

Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ве́даючы цябе́ многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватне́й буду бараніці справу маю.
 
Калі намесьнік даў знак Паўлу гаварыць, ён сказаў: "Ведаю, што ты ад многіх гадоў яўляешся суддзёю гэтага народу, таму сьмела выступлю ў сваёй абароне.

Ты можаш даве́дацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
 
Можаш пераканацца, што я ня больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім пакланіцца Богу.

І ані ў храме не знайшлі мяне́ хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
 
І ані ў сьвятыні, ані ў сынагозе, ані ў горадзе ня бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падымаў бунт.

дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне́.
 
Яны ня могуць давесьці табе тога, у чым цяпер вінавацяць.

Але табе́ прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, ве́ручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
 
Да таго вось прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў маіх, веручы ва ўсё, што напісана ў Законе ды ў Прарокаў,

маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасе́ньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
 
маючы таксама ў Богу надзею, якую і яны маюць, што будзе ўваскрасеньне справядлівых і несправядлівых.

Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся ме́ць заўсёды чыстае сумле́ньне перад Богам і перад людзьмі.
 
Таму і сам стараюся заўсёды мець чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.

Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
 
Па многіх гадах явіўся я з міласьцінамі ды ахвярамі для майго народу,

і на гэтым знайшлі мяне́ ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
 
і на гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні без натоўпу ды без заварухі

вось ім трэба было прыйсьці да цябе́ й вінаваціць мяне́, калі-б не́шта проці мяне́ ме́лі.
 
некаторыя Юдэі з Азіі. Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць перад табой, калі маюць нешта супраць мяне.

Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне́ які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам,
 
А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ў-ва мне на судзе ў Радзе.

апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне́ за ўваскрасе́ньне мёртвых.
 
Xіба толькі дзеля таго, што, стоячы між іх, закрычаў у голас: Судзіце мяне сёньня дзеля веры ў уваскрасеньне памёршых".

Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабне́й разьве́даўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгле́джу справу вашу.
 
Фэлікс, добра разьбіраючыся, што гэта за дарога, адлажыў іх справу, кажучы: "Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лізі".

І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
 
І загадаў сотніку пільнаваць яго і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з прыяцеляў яго служыць яму.

Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю свае́ю, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб ве́ры ў Хрыста.
 
Па некалькі днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзіляй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла, ды слухаў яго аб веры ў Езуса Хрыста.

А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе́, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпе́р годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе́.
 
Але калі Павал стаў гаварыць пра справядлівасьць і пра ўстрыманасьць, ды пра будучы суд, Фэлікс, напалоханы, сказаў: "Цяпер даволі, можаш ісьці; калі буду мець час, паклічу цябе зноў".

Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
 
Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўла грошы, дык таму часта пасылаў па яго і гутарыў з ім.

А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
 
Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцы Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўла ў вязьніцы, хочучы аказаць ласку Юдэям.