2 Пятра 1 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999
Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — да тых, што прынялі з намі роўна дарагую ве́ру па праўдзе Бога нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста:
Сымон Пётар, слуга і апостал Езуса Хрыста, тым, што дзякуючы справядлівасьці Бога нашага і Збаўцы Езуса Хрыста атрымалі дастойную веру, як і наша:
ласка і мір вам няхай памножыцца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
Ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнаньне Бога і Езуса, Госпада нашага.
Як Божаю сілай Яго даравана нам усё патрэбнае дзеля жыцьця й пабожнасьці, праз пазнаньне Паклікаўшага нас славаю і цнато́ю,
Яго Божая моц надзяліла нас усім, што патрэбнае да жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, хто паклікаў нас сваёю хвалой і дасканаласьцю.
якімі дараваны нам найвялікшыя і дарагія абяцаньні, каб праз іх сталіся вы ўдзе́льнікамі Божае прыроды, ухіліўшыся ад тле́ньня ў пажаданьні, што ў сьве́це,
Поруч з імі падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцаньні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усьцярогшыся сапсуцьця, якое пашыраецца па сьвеце праз пажаданьні.
дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсё стараньне, пакажыце ў ве́ры вашай цнату́, у цнаце́-ж — розум,
Таму старайцеся з усіх сіл, каб сваёю вераю выхаваць цноту, а праз цноту — веданьне,
у розуме — стрыманасьць, у стрыманасьці цярплівасьць, у цярплівасьці — пабожнасьць,
а праз веданьне — паўстрыманасьць, а праз паўстрыманасьць — цярплівасьць, а праз цярплівасьць — пабожнасьць,
у пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў.
а праз пабожнасьць — браталюбства, а праз браталюбства — любоў.
Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажацца будзе, дык вы не астанецёся бязьдзе́йнымі і бяз плоду ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;
Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, дык вы не будзеце бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Езуса Хрыста.
у кім жа няма гэтага, той сьляпы, нявісны, забыўся аб ачышчэньні ранейшых грахоў сваіх.
А ў каго гэтага няма, той сьляпы і недавіда, забыўся аб ачышчэньні ад даўнейшых сваіх грахоў.
Дзеля гэтага, браты, бале́й і бале́й старайцеся рабіць цьвёрдым вашае прызваньне й выбраньне: гэтак робячы, ніколі не спаткнецёся,
Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканьне і выбраньне. Гэтак бо робячы, ня будзеце кульгаць.
бо гэтак адчыніцца вам вольны ўваход у ве́чнае царства Госпада нашага і збавіцеля Ісуса Хрыста.
Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае каралеўства Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста.
Дзеля гэтага я ніколі не перастану напамінаць вам аб гэтым, хоць вы й ве́даеце гэта, і ўмацованы ў гэтай праўдзе.
Таму я буду вам заўсёды прыпамінаць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў гэтай праўдзе.
Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас напамінаньнем,
Я лічу сваім абавязкам, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы, вам гэта прыпамінаць,
ве́даючы, што хутка пакіну гэту маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне́ адкрыў.
бо прадчуваю, што хутка пакіну гэту палатку маю, як Госпад наш Езус Хрыстос выявіў мне.
Буду-ж старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтыя рэчы.
Буду старацца, каб вы мелі магчымасьць і па маім адыходзе аб гэтым памятаць.
Бо мы абвясьцілі вам сілу й прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за міфамі йдучы, але быўшы вачавідцамі ве́лічы Яго.
Мы бо вясьцілі вам моц і прыход Госпада нашага Езуса Хрыста не ідучы за прыдуманымі казкамі, але як сьведкі, бачыўшыя Ягоную веліч.
Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць і славу, калі ад вялізарнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, Якому спагадаю.
Атрымаў бо Ён ад Бога Айца чэсьць і хвалу, калі вось такі голас прагучаў да Яго ад велічнай славы: "Гэта Сын Мой умілаваны, у якім маю ўпадабаньне".
І гэты голас, як зыходзіў з не́ба, мы чулі, быўшы з Ім на сьвятой гарэ.
І мы чулі, як гэты голас чуўся з неба, калі мы з Ім разам былі на сьвятой гары.
Дый маем найпэўне́йшае слова прарочае; і вы добра робіце, што зварочваецеся да яго, як да сьве́тача, што сьве́ціць у цёмным ме́сцы, пакуль не разаднее і ня ўзыдзе дзяньніца ў сэрцах вашых,
Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як сьветача, які сьвеціць у цёмным месцы аж пакуль разаднее, і зорка раньняя ўзыйдзе ў сэрцах вашых.
ве́даючы перадусім, што ніякае прароцтва ў пісаньні ня дзе́ецца сваім уласным разьвязаньнем.
Гэта перад усім мейце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісаньня нельга выясьняць самавольна.
Бо ніколі прароцтва ня выказвалася воляй чалаве́чай, але выказвалі яго сьвятыя людзі Божыя, ве́дзеныя Духам сьвятым.
Бо не па волі людзкай было калісьці абвешчана прароцтва, але казалі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Сьвятым.