Псалтыр 108 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Песьня, псальм Давідавы.
 

Сэрца маё ўмацавалася, Божа! Буду пяяць і іграць я. Паўстань, май чэсьць!
 

Збудзіся, псалтыр і гусьлі! Я сьвітаньне збуджу!
 

Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і пяяці Табе між паганамі!
 

Бо вышэй за нябёсы ласка Твая і праўда Твая да аблокаў.
 

Панад неба ўзьніміся, о Божа, і хай слава Твая над усенькай лунае зямлёй!
 

Каб тыя, каго Ты ўлюбіў, былі збаўлены, успамажы правіцай Тваёй і паслухай мяне!
 

Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Перамагу і Сіхем падзялю Я і даліну Сукот разьмераю.
 

Мой Галаад, мой Манасса, і Яхрэм — цьвярдыня Маёй галавы, Юда — бэрла Маё!
 

Моаб — чара Мая ўмывальная; на Эдом Я вобуй скіну; над зямлёй Хвілістынаў буду радасна клікаць!
 

Хто ўвядзе мяне ў места ўмацаванае? Хто давядзе мяне да Эдому?
 

Ці ня Ты, о Божа, Які нас адкінуў, ці ня выйдзеш, о Божа, разам з войскамі нашымі?
 

Дай успамогу нам проці ворага, бо марная помач людзей.
 

З Богам мы сілу пакажам, і Ён ворагаў нашых растопча.