Псалтыр 116 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002
Цешуся я, бо Госпад пачуў галосну малітву маю.
Схіліў да мяне Ён вуха Сваё, дык клікаці буду Яго ў-ва ўсе мае дні.
Путы сьмерці мяне абхапілі; мукі пякельныя дагналі мяне; наткнуўся я на тугу ды сум.
Але клікнуў я імя Гасподняе: Збаў, Госпадзе, душу маю!
Ласкавы Госпад і справядлівы, міласэрны наш Бог.
Прастадушных ахоўвае Госпад; калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.
Вярніся, душа мая, да супакою твайго, бо Госпад табе робіць добрае.
Бо ад сьмерці Ты вызваліў душу маю, ад сьлёзаў — вока маё і нагу маю ад упадку.
Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім у краіне жывых.
Я веру, дык гавару; але я крэпка прыбіты.
У неразважлівасьці маёй я сказаў: усе людзі ілгуць!
Як аддзячыць мне Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго для мяне?
Чару збаўленьня ўзьніму і імя Гасподняе клікну.
Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным.
Прад вачыма Гасподнімі сьмерць сьвятых Яго дорага.
О Госпадзе! Я-ж раб Твой, сын рабыні Тваёй! Ты разьвязаў мае путы.
Табе прынясу ахвяру хвалы й буду клікаць імя Гасподняе.
Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным,
у панадворках дому Гасподняга, пасярод цябе, Ерузаліме! Альлілуя!