Дзеі 11 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002
Апосталы-ж і браты, што былі ў Юдэі, пачулі, што й пагане прынялі слова Божае.
І калі Пётр прыйшоў у Ерузалім, абрэзаныя карылі яго,
кажучы: Да неабрэзаных ты хадзіў ды з імі е́ў!
І, пачаўшы, Пётр расказаў па парадку, гаворачы:
Я быў у ме́сьце Іоппе ды маліўся; і ў захапле́ньні ўбачыў зьяву: не́йкую судзіну, якая зыходзіла, быццам вялікі абрус, на чатырох канцох спусканы з не́ба, і прыйшла ажно да мяне́.
Я зірнуў у яе́ і, разгле́дзіўшы, убачыў чацьвераногіх зямлі, зьвяроў і гадаў і птахаў нябе́сных.
І пачуў я голас, які гаварыў мне́: Устань, Пётр, забівай ды е́ш.
Я-ж сказаў: Не́, Госпадзе, бо нічога паганага й нячыстага ніколі не ўваходзіла ў вусны мае́.
І адказаў мне́ паўторна голас з не́ба: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
І сталася гэта тройчы; і ізноў усё ўзьнялося на не́ба.
І вось у тую-ж часіну трое людзе́й спыніліся перад домам, дзе́ я быў, пасланыя да мяне́ з Кесарыі.
І сказаў мне́ Дух ісьці з імі, нічога не разьбіраючы. Пайшлі-ж са мной і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалаве́ка.
І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім Ангела, які стаяў і гаварыў да яго: Пашлі ў Іоппу людзе́й ды пакліч Сымона, называнага Пятром;
ён скажа табе́ словы, праз якія спасён будзеш ты і ўве́сь дом твой.
Калі-ж я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас напачатку.
І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: Іоан хрысьціў вадою, вы-ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
Калі-ж Бог даў ім дар, роўны як і нам, што ўве́равалі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто-ж я такі, каб пярэчыць Богу?
Пачуўшы-ж гэтае, супакоіліся ды славілі Бога, мовячы: Дык і паганам даў Бог пакаяньне дзеля жыцьця.
А вось тыя, што расьцярушыліся пасьля няшчасьця, якое сталася з Сьцяпанам, разыйшліся ажно да Фінікіі і Кіпру й Антыохіі, гаворачы слова адно толькі Жыдом.
Былі-ж некаторыя із іх людзі Кіпрыйскія ды Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыохію, прамаўдялі да Грэкаў, абвяшчаючы ім Госпада Ісуса.
І рука Гасподня была з імі, і вялікая лічба, уве́раваўшы, навярнулася да Госпада.
І дайшло слова аб іх да вушэй царквы, што ў Ерузаліме; і паслалі Варнаву пайсьці ажно ў Антыохію.
Ён, прыйшоўшы й пабачыўшы ласку Божую, узрадаваўся ды клікаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,
бо быў чалаве́к добры й поўны Духа Сьвятога ды ве́ры. І значная грамада прыхілілася да Госпада.
Стуль-жа выйшаў Варнава ў Тарс пашукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.
І сталася, што цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве́ ды навучалі значную грамаду; і вучні ў Антыохіі найперш пачалі называцца Хрысьціянамі.
У тыя-ж дні з Ерузаліму прыйшлі ў Антыохію Прарокі.
І адзін із іх, на ймя Агаў, устаўшы, праз Духа абвясьціў, што на ўсе́нькім сьве́це мае быць вялікі голад; і стаўся ён за ке́сара Кляўдыя.
З вучняў жа, колькі хто мог, пастанавіў кожын із іх паслаць на дапамогу братом, што жылі ў Юдэі.
І ўчынілі гэта, паслаўшы старшым праз рукі Варнавы і Саўла.