Да Рымлянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Што-ж скажам? ці аставацца нам у грэсе, каб памнажалася ласка? Няхай ня станецца!
 

Мы, якія паме́рлі для грэху, як жа будзем жыць у ім?
 

Няўжо-ж ня ве́даеце, што ўсе́ мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся?
 

Дык мы пахавалі сябе́ з Ім хрышчэньнем у сьме́рць, каб, як Хрыстос уваскрос з паме́ршых цераз славу Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
 

Бо, калі мы злучаны з Ім падабе́нствам сьме́рці Яго, дык павінны быць злучаны і падабе́нствам ускрасе́ньня,
 

ве́даючы тое, што адве́чны наш чалаве́к раскрыжаваны з Ім разам, каб зьніштожана было грэшнае це́ла, каб нам ня быць ужо слугамі грэху;
 

бо хто памёр, той вызваліўся ад грэху,
 

Калі-ж мы паме́рлі з Хрыстом, дык ве́рым, што й жыць будзем з ім разам,
 

ве́даючы, што Хрыстос, уваскросшы з паме́ршых, ужо ня ўмірае: сьме́рць ня мае ўжо ўлады над Ім.
 

Бо, што Ён памер, дык памёр раз дзеля грэху, а што жыве́, то жыве дзеля Бога.
 

Гэтак і вы лічы́це сябе́ памёршымі дзеля грэху, жывымі-ж дзеля Бога ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
 

Дык няхай не пануе грэх у сьмяротным вашым це́ле, каб вам кары́цца прад ім у пажадлівасьці яго;
 

і не аддавайце грэху чле́ны вашыя, як прылады няпраўды, але Богу аддайце сябе́, як ажыўшых з мёртвых, і Богу вашыя чле́ны, як прылады праведнасьці.
 

Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
 

Дык што? ці пачне́м грашыць, бо мы не пад законам. а пад ласкаю? Няхай ня станецца!
 

Няўжо-ж вы ня ве́даеце, што, каму вы аддаецё сябе́ за слугі на паслухмянасьць, таго вы і слугі, каго хлухаеце: ці грэху на сьме́рць, ці паслухмянасьці на праведнасьць.
 

Дзякуй Богу, што вы, быўшы раней слугамі грэху, ад сэрца паслухалі таго тыпу навукі, якому аддалі сябе́.
 

Вызваліўшыся-ж ад грэху, вы сталіся слугамі праўды.
 

Па-людзку гавару дзеля слабасьці це́ла вашага. Бо, як аддавалі вы чле́ны вашыя за слугі нячыстасьці й беззаконнасьці на беззаконнасьць, гэтак сягоньня аддайце чле́ны вашыя за слугі праўдзе на сьвятасьць.
 

Бо, калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праўды.
 

Які-ж плод ме́лі вы тагды, што цяпе́р гэтага сароміцеся? Бо кане́ц гэтага — сьме́рць.
 

Але цяпе́р, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся рабамі Бога, маеце плод свой на сьвятасьць, а кане́ц — жыцьцё ве́чнае.
 

Бо заплата за грэх — сьме́рць, а дар Божы — жыцьцё ве́чнае ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.