2 да Карынфянаў 13 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьве́дкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазаконьне 17:6).
 

Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпе́р, адсутны, пішу пе́рш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую.
 

Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне́ гаворыць Хрысто́с, Які не слабы́ для вас, але дужы́ ў вас.
 

Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас.
 

Выпрабуйце самых сябе́, ці вы ў ве́ры? Самых сябе́ дазнавайце. Ці вы ня ве́даеце самых сябе́, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя.
 

Спадзяюся-ж, вы даве́даецеся, што мы не нягодныя.
 

Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя.
 

Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду
 

Бо мы це́шымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці.
 

Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая да́дзена мне́ Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне.
 

Урэшце, браты, радуйцеся, рабе́цеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, — і Бог любві і міру будзе з вамі.
 

Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе́ сьвятыя.
 

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.