Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
І вы́йшаў адтуль, і прыйшоў у Сваю ба́цькаўшчыну; і за Ім ішлі вучні Ягоныя.
І, выйшаўшы адтуль, Ісус у атачэнні Сваіх вучняў направіўся ў Сваю бацькаўшчыну.
І, калі настала субота, пачаў вучыць у школе; і многія, чуючы, з задзіўле́ньнем гаварылі: адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць да́дзена Яму, што і гэткія цуды чы́няцца рукамі Яго?
І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі?
Ці-ж гэта ня це́сьля, сын Марыі, брат Якава, Есіі, Юды і Сымона? Ці-ж гэта ня сёстры Ягоныя, што пасярод нас? í сумляваліся ў Ім.
Ці ж гэта не рамеснік, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта, Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго.
Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок без паша́ны, хіба толькі ў сваёй ба́цькаўшчыне і ў родных, і ў доме сваім.
І гаварыў Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім».
І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі некаторых хворых, ускла́ўшы рукі на іх, аздаравíў.
І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.
І дзівіўся з недаве́рства іх. І хадзіў па вакалíчных селах, навуча́ючы.
І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы.
І паклікаў тых дванаццацёх, і пачаў іх слаць па двое, і даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі.
І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
І сказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хле́ба, ні ме́дзі ў поясе,
і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
адно абувацца ў пасталы́ і не апранацца ў дзьве́ вопраткі.
каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак.
І сказаў ім: калі дзе́ ўвойдзеце ў дом, астава́йцеся ў ім, дакуль ня вы́йдзеце стуль;
Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль.
і калі хто ня пры́ме вас і ня будзе слухаць вас, выходзячы адтуль, абтрасе́це пыл з ног вашых на сьвядоцтва ім. Запраўды́ кажу вам: лягчэй будзе Садому й Гаморы ў дзе́нь суда́, чымся ме́сту гэнаму.
А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім. [Сапраўды, кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суда, чым гораду гэтаму.]»
І, пайшоўшы, прапаве́дывалі, каб ка́яліся;
І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання,
і выганялі многа дэманаў, і многіх хворых ма́залі аліваю і лячылі.
ды многа дэманаў выганялі, і многіх намашчалі алеем і аздараўлялі.
І дачуўся цар Ірад (бо імя Ягонае сталася ве́дама) і сказаў: гэта Іоан Хрысьціцель уваскрос, і дзеля гэтага цуды праз Яго дзе́юцца.
І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос, і таму многа цудаў ён творыць».
Другія гаварылі: гэта Ільля; а іншыя казалі: гэта прарок, ці адзін із прарокаў.
Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок, або адзін з прарокаў».
Ірад жа, пачуўшы, сказаў: гэта Іоан, якому я сьцяў галаву; ён паўстаў із мёртвых.
Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос [з мёртвых]».
Бо гэты Ірад, паслаўшы, схапіў быў Іоана і зьвязаў Яго ў вязьніцы за Ірадзіяду, жану́ брата свайго Піліпа, што ўзяў яе́ за жонку.
Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку.
Бо Іоан сказаў Іраду: ня гожа табе́ ме́ць жонку брата твайго.
Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
Ірадзіяда, злуючы́ на яго, жадала забіць яго, ды не магла,
А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла,
бо Ірад баяўся Іоана, ве́даючы яго, як чалаве́ка справядлівага ды сьвятога, і сьцярог яго; дый шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і слухаў яго з ахвотай.
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.
І, як нада́рыўся дзе́нь, калі Ірад, з прычыны сваіх урадзін, справіў банке́т сваім вяльможам, ваяводам ды іншым людзям Галіле́і,
І калі надышоў зручны дзень, і калі з нагоды свайго нараджэння Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старэйшын галілейскіх,
дык дачка́ Ірадзіяды ўвайшла і танцавала й дагадзіла Іраду і банкетава́ўшым з ім. І сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне́, чаго хочаш, і дам табе́,
і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе».
І прысягнуў ёй: чаго папросіш у мяне́, дам табе́, хоць бы палову царства майго.
І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго».
Яна выйшла і спыталася ў маткі сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іоана Хрысьціцеля.
Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
І ўраз жа, вярнуўшыся борзда да цара́, папрасіла, ка́жучы: хачу, каб ты даў мне́ цяпе́р жа на місе галаву Іоана Хрысьціцеля.
І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
Цар, хоць і зажуры́ўшыся, але дзеля прысягі і тых, што банкетава́лі з ім, не схаце́ў ёй адмовіць.
І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць,
І цар, ураз жа паслаўшы ка́та, загада́ў прыне́сьці галаву ягоную.
і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы,
Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы і прынёс галаву ягоную на місе і аддаў яе́ дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе́ матцы сваёй.
і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі це́ла ягонае ды палажылі яго ў магілу.
Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле.
І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі і чаго навучалі.
І, сышоўшыся да Ісуса, апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі.
І сказаў ім: пайдзе́це адны ў пустыннае ме́сца ды крыху супачы́ньце. Бо так многа было, што прыхо́дзілі й адыхо́дзілі, дый е́сьці ім было не́калі.
І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу.
І паплылі ў пустыннае ме́сца ў чаўне́ адны.
І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны.
Народ угле́дзіў іх е́дучы, і многія пазналі; і бе́глі туды пе́ша з усіх ме́стаў, і апярэдзілі іх дый зыйшліся да Яго.
Але многія бачылі іх, як адплывалі, і, дадумаліся куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх.
Ісус, вы́йшаўшы, угле́дзіў множства народу ды пашкадава́ў іх, бо яны былі, як аве́чкі бяз па́стыра; і пачаў навучаць іх многа.
І, выйшаўшы на бераг, Ён убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа.
І, як прайшло шмат часу, вучні Яго прыйшлі да Яго ды кажуць: ме́сца тут пустыннае, а час ужо позны.
І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні,
Пусьці іх, каб, пайшоўшы ў вакалíчныя вёскі й сёлы, купілі сабе́ хле́ба, бо ня маюць чаго е́сьці.
адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак ды купілі сабе паесці».
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. І сказалі Яму: хіба нам пайсьці купіць хле́ба дынараў на дзьвесьце й даць ім е́сьці?
Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?»
Але Ён спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Пайдзе́це й паглядзе́це. Яны, даве́даўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце, паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы».
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве́.
Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі.
І пасе́лі радамі па сто ды па пяцьдзесят.
І паселі, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзесят.
І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, паўзіраўшыся на не́ба, багаславíў і палама́ў хлябы́, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве́ рыбы падзяліў усім.
І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, дабраславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.
І е́лі ўсе́ і нае́ліся.
І ўсе елі, і насыціліся,
І набралі кускоў хле́ба дванаццаць поўных карабо́ў і аста́ткаў ад рыбы.
і з астаткаў сабралі дванаццаць кашоў і рэшткі рыбы.
А было е́ўшых хле́б каля пяцёх тысячаў людзе́й.
А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў чо́вен ды плыці напе́рад на той бе́раг да Віфсаіды, пакуль Ён распусьціць народ.
І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся наперад праз мора ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей.
І, распусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца.
І, як настаў ве́чар, чо́вен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.
І ўбачыў, як ім цяжка плыці, бо ве́цер быў супраціўны; дык каля чацьве́ртай старожы ўначы́ йдзе́ да іх, ступа́ючы па моры; і хаце́ў абмінуць іх.
І, бачачы іх, як намагаліся пры вёслах, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, ды зрабіў выгляд, што хоча мінуць іх.
Яны-ж, угле́дзіўшы Яго ідучы́ па моры, падумалі, што гэта здань, ды загаласілі.
Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Бо ўсе́ бачылі Яго і спалохаліся. Дык ураз жа прамовіў да іх і сказаў ім: схамяне́цеся: гэта Я, ня бойцеся!
Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!»
І ўвайшоў да іх у човен; і ве́цер заціх. І яны цераз ме́ру здуме́ліся ў сабе́ і дзівава́ліся.
І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе,
Бо яны не зразуме́лі аб хлябох: бо сэрца іх было скамяне́ўшы.
бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх было ў асляплёнасці.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да бе́рагу.
І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага.
І, як яны выйшлі з чаўна́, за́раз пазнаўшыя Яго
І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі,
абе́глі ўсю тую вако́ліцу, і пачалі на ложках прынасіць нядужых туды, дзе́, як чулі, быў Ён.
і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ісус.
І, куды Ён ні прыходзіў у сёлы, у ме́сты і ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць да краю адзе́жы Яго дакрану́цца. І тыя, што дакрана́ліся да Яго, спасьліся.
І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.