Дзеі 15 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаю Майсе́яваму, ня можаце спасьціся.
Некаторыя, што паходзілі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі не будзеце абрэзаны па звычаі Майсея, не можаце быць збаўлены».
Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.
І сталася шмат немалых спрэчак і звадак між імі ды Паўлам і Барнабам, так што вырашылі, каб Паўла і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старэйшых.
Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне паганаў, і прыносілі братам вялікую радасць.
Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.
Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прыняты царквою і апосталамі ды старэйшымі і расказалі ім, як шмат Бог учыніў ім.
І паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўве́равалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсе́явага.
Але некаторыя з тых, што ўверылі з герэзіі фарысейскай, супрацівіліся, кажучы: «Трэба абрэзаць іх і загадаць трымацца закону Майсея!»
І сабраліся Апосталы й старшыя разглядзе́ць гэту справу.
Дык сабраліся апосталы і старэйшыя разгледзець гэтую справу.
Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ве́даеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўве́равалі;
Калі ўзнікла вялікая спрэчка, тады, узняўшыся, Пётра сказаў ім: «Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Евангелля ды ўверылі.
і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьве́дкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
І Бог, Які ведае сэрцы, засведчыў гэта, даючы ім Духа Святога, як і нам,
і не адрожніў нічога міжы намі й імі, ве́раю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
і не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іх верай.
Дык чаго-ж цяпе́р спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?
Дык чаму цяпер выпрабоўваеце Бога, каб ускласці на вучняў ярмо, якога ані бацькі нашыя ані мы самі не змаглі насіць?
Але мы ве́рым, што спасе́мся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.
Мы, аднак, верым, што праз ласку Госпада Ісуса будзем збаўлены, як і яны».
І змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.
І замоўк увесь натоўп, і слухалі аповед Барнабы і Паўлы, якія знакі і цуды ўчыніў Бог праз іх сярод паганаў.
Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне́!
І калі яны замоўклі, азваўся Якуб, кажучы: «Мужы браты, паслухайце мяне.
Сымон вытлумачыў, як Бог пе́рш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іме́ньню Свайму,
Сімяон расказаў, як Бог спачатку наведаў паганаў, каб выбраць з іх народ для імя Свайго,
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе́ адбудую й папраўлю яе́:
“Пасля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, якая ўпала, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,
каб Госпада шукала рэшта людзе́й ды ўсе́ народы, на якіх прызвана імя Мае́, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.
каб іншыя людзі шукалі Госпада ды ўсе народы, над якімі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Які чыніць гэта:
Ад вякоў ве́дамы Богу ўсе́ дзелы Ягоныя.
вядомы спрадвеку [Богу ўсе справы Яго]”.
Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,
Таму я лічу, што не трэба непакоіць тых, якія з паганаў навярнуліся да Бога,
але напісаць ім, каб узьдзе́ржываліся ад гідотаў ідальскіх і блуду, ад душанага і крыві;
але напісаць ім, каб сцерагліся апаганьвання ад балванаў, распусты, і задаўленага, і крыві.
бо Майсе́й ад даўных родаў ма́е па ме́стах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленняў мае такіх, што ў розных гарадах абвяшчаюць яго ў сінагогах, дзе кожную суботу чытаюць».
Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усе́й царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе́ людзе́й: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавы́х сярод братоў,
Тады апосталы і старэйшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў са свайго ліку: Юду, званага Барсабам, і Сілу, мужоў першых сярод братоў, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабам і Паўлам,
напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!
паслаўшы праз іх ліст: «Апосталы, і старэйшыя, і браты — тым, што жывуць у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітанне!
Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэння занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашы [, кажучы, што вы павінны быць абрэзаны і выконваць закон].
надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзе́й разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,
Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабам і Паўлам,
людзьмі, аддаўшымі душы свае́ за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
людзьмі, якія за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста аддалі душы свае.
Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абве́сьцяць вам тое-ж і словамі.
Дык пасылаем Юду і Сілу, якія перакажуць словамі тое самае.
Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:
Бо Дух Святы і мы вырашылі, што не трэба ўскладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:
узьдзе́ржывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
устрымлівацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра вы зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце».
Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.
Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію і, сабраўшы грамаду, аддалі ліст.
І, прачытаўшы, яны зрадзе́лі ад гэтага павучэньня.
Калі яго прачыталі, узрадаваліся словам суцяшэння.
Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.
А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.
Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.
Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаннем супакою да тых, якія іх паслалі.
Але Сіле надумалася астацца тамака.
[Сіла ж вырашыў застацца, а Юда вярнуўся ў Ерузалім.]
Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.
А Паўла і Барнаба затрымаліся ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесцячы з многімі іншымі слова Госпадава.
А цераз не́калькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Ве́рнемся й даве́даемся братоў нашых па ўсіх място́х, дзе́ мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?
А праз некалькі дзён Паўла сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем братоў ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца».
Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.
Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, званага Маркам,
Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзе́ла.
але Паўла судзіў, што за тое, што ён адышоў ад іх у Памфіліі і не хадзіў працаваць з імі, не належыць браць яго.
Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр.
І ўсчынілася крыўда, так што раздзяліліся, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр,
Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе́ Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.
Паўла ж, абраўшы Сілу, пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.
І праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
І праходзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.