Дзеі 28 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Тады, выратаваўшыся, даве́даліся, што востраў называецца Мэліта.
Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Меліта.
Варвары-ж паказалі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
Тутэйшыя ж выявілі да нас немалую людскасць; распалілі агонь дзеля таго, што церушыў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.
Калі-ж Паўла, набраўшы бе́рамя хворасту, клаў на агонь, ад жару выйшла яхідна й павісла на руцэ ў яго.
Калі Паўла назбіраў бярэмя ламачча і ўсклаў на агонь, тады гад, вылезшы ад гарачыні, прычапіўся да яго рукі.
Варвары, угле́дзіўшы зьвісаўшага з рукі ягонай гада, гутарылі паміж сабою: пэўне чалаве́к гэты — душагуб, бо й уратаванаму ад мора справядлівасьць жыць не дае́.
Калі тутэйшыя ўбачылі гада, што звісаў з яго рукі, гаварылі між сабой: «Гэты чалавек хіба забойца, бо, хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць».
Але ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.
А ён абтрос гада ў агонь і не дазнаў нічога благога.
Яны-ж чакалі, што ён пачне́ пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Паждаўшы-ж доўга і бачучы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думкі й казалі, што ён — Бог.
Яны думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога не робіцца, змяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.
Навакол-жа таго ме́сца былі землі першака́ вострава, на ймя Публія, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна ўгашчаў.
Каля таго месца быў маёнтак гаспадара таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас ласкава, і мы тры дні гасцілі ў яго.
І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку й жывот. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго рукі й аздаравіў яго.
Бацька ж Публія ляжаў хворы на гарачку і крываўку. Паўла пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.
Калі-ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.
Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя, што былі на востраве, ды аздараўляліся.
Дык выяўлялі нам вялікую пашану, а, як мы адплывалі, надавалі, што трэба было.
Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, далі нам усяго, у чым [мы] мелі патрэбу.
Цераз тры ме́сяцы вырушылі мы на Александрыйскім караблі, пад назовам Дыаскуры, што зімаваў на востраве,
Па трох месяцах на александрыйскім караблі, які зімаваў на востраве і быў пазначаны Кастарам, мы адплылі.
і, прыплыўшы ў Сіракузы, прабылі тры дні.
Даплыўшы ў Сіракузы, прабылі мы там тры дні.
Вырушыўшы стуль, прыплылі мы ў Рэгію; і, як цераз дзе́нь узьняўся паўдзённы ве́цер, дык на другі дзе́нь прыйшлі ў Путэолі,
Адплыўшы адтуль, прыбылі мы ў Рэгію праз адзін дзень, і, калі падзьмуў паўднёвы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Путэолі.
дзе́ знайшлі братоў і былі запрошаны імі пабыць се́м дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.
Там спаткалі братоў і па іх просьбе забавіліся ў іх сем дзён. І нарэшце прыбылі мы ў Рым.
І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрэчу да Аппіявае плошчы й Трох Гасьцініц. Пабачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.
Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіевай плошчы і Трох Гасцініц. Убачыўшы іх, Паўла падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
Калі-ж мы ўвайшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўле-ж дазволілі жыць у сябе́ з жаўне́рам, што яго пілнаваў.
Калі ж прыбылі мы ў Рым, [сотнік перадаў вязняў начальніку войска, а] Паўлу было дазволена жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.
І сталася, што цераз тры дні склікаў Паўла першакоў Жыдоўскіх. Калі-ж яны зыйшліся, сказаў да іх: Мужы браты! хаця я нічога не ўчыніў супраць народу й звычаяў айцоў, мяне́, як вязьня, аддалі з Ерузаліму ў рукі Рымлян.
Па трох днях запрасіў Паўла да сябе паважаных юдэяў. І, калі яны сабраліся, казаў ім: «Мужы браты! Не зрабіў я нічога ані супраць народа, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліма ў рукі рымлянаў,
Яны, распытаўшы мяне́, хаце́лі мяне́ звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне́ ня было.
якія, учыніўшы мне допыт, хацелі мяне выпусціць, бо не было ўва мне ніякай смяротнай віны.
Калі-ж Жыды супрацівіліся, дык я быў прымушаны паклікацца на Ке́сара, але не затым, каб ме́ўся ў чым вінаваціць мой народ.
Калі, аднак, юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў апеляваць да цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свой народ.
Дзеля гэтае прычыны я й паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за спадзяваньне Ізраіля закавалі мяне́ ў путы гэтыя.
Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзявання Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі».
Яны-ж сказалі да яго: Мы ані пісем аб табе́ не дасталі з Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзячы, не абвяшчаў і не гаварыў аб табе́ нічога благога.
А яны сказалі яму: «Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога благога не сказаў пра цябе.
Ды хочам пачуць ад цябе́, як ты мысьліш; бо аб гэрэзіі гэтай ве́дама нам, што ўсюды працівяцца е́й.
Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай секце, што ўсюды працівяцца ёй».
І, назначыўшы яму дзе́нь, многа прыйшло да яго ў гасьцініцу. І ад ранку да ве́чара выкладаў ім, сьве́дчучы аб царстве Божым ды пераконываючы іх аб Ісусе із закону Майсе́явага і Прарокаў.
І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў гатэль. І ён ім выкладаў, сведчачы пра Валадарства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх пра Ісуса на падставе Майсеева закону і прарокаў.
І адны былі перакананы словамі ягонымі, другія-ж ня ве́рылі.
І адны верылі таму, што гаварыў, а другія не верылі.
І, не згаджаючыся міжы сабою, пайшлі, калі Паўла сказаў адно слова: Добра сказаў да айцоў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Ісаю, мовячы:
І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адысці. Тады Паўла сказаў ім адно слова: «Добра Дух Святы сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю,
Ідзі да народу гэтага і скажы: Слыхам пачуеце, ды не зразуме́еце; і, відзячы, глядзе́ць будзеце, ды ня ўбачыце;
кажучы: “Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Пільна слухайце — і не зразумееце, пільна ўглядайцеся — і не ўбачыце.
бо загрубе́ла сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае́ заплюшчылі, каб не пабачыць вачыма й не пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх (Ісая 6:9−10).
Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў”.
Няхай-жа будзе вам ве́дама, што паганам паслана спасе́ньне Божае, яны-ж і пачуюць.
Дык няхай будзе вам вядома, што гэтае збаўленне Божае паслана паганам, і яны будуць слухаць».
І, як ён гэта сказаў, Жыды выйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.
[Пасля гэтых слоў юдэі разышліся, горача спрачаючыся адзін з адным.]
Паўла-ж цэлыя два гады жыў у нанятай ім гасподзе і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,
Ён жа цэлых два гады пражываў у нанятай кватэры і прымаў усіх, хто да яго прыходзіў,
абвяшчаючы царства Божае ды з усе́й адвагай без перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.
абвяшчаючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагай без перашкод.