1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Вы самі ве́даеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны;
Самі ж ведаеце, браты, прыбыццё наша да вас што не бясплодным было,
але, памучыўшыся пе́рш, зьнява́жаныя, як вы ве́даеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой.
але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зняваг у Піліпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, прапаведуючы вам Евангелле Божае ў многіх турботах.
Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні,
Бо навучанне наша не з памылкі, ані з нячыстасці, ані з якога подступу,
але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даве́рана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае́ сэрцы нашыя.
але як выпрабаваны былі мы Богам, каб даверыць нам Евангелле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ве́даеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьве́дка!
Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове ліслівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сведка,
Ня шукаем мы славы ані ад людзе́й, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы.
не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, ані ў іншых.
Але былі мы ціхія сярод вас; як карміцелька грэе дзетак сваіх,
Хоць маглі быць у паважанні як апосталы Хрыстовы, але сталіся мы малымі між вамі і, як карміцелька песціць дзяцей сваіх,
гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.
так і мы, спагадныя да вас, хацелі шчыра перадаць вам не толькі Евангелле Божае, але і душы нашы, бо сталіся вы нам вельмі дарагімі.
Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзе́нь, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.
Вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; ноччу і днём робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Евангелле Божае.
Сьве́дкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, ве́руючымі;
Сведкі вы і Бог, як свята, справядліва і без наракання абыходзіліся мы з вамі, якія ўверылі.
бо вы ве́даеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяце́й сваіх,
Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
пацяшалі вас і пераконывалі і сьве́дчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, Які паклікаў вас да Валадарства Свайго і славы.
Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалаве́чае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзе́ець у вас, ве́руючых.
Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо, калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце́ Ісусе, бо і вы таксама цярпе́лі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў,
Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысце Ісусе, бо і вы нацярпеліся гэтак сама ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя,
якія забілі і Госпада Ісуса, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, бо ўсім людзям супрацівяцца,
якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх наканец гне́ў.
забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя былі збаўлены; і гэтак увесь час дапаўняюць мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгле́дзіць аблічча вашае,
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а не сэрцам, тым мацней спяшаемся пабачыць вас з аблічча ў вялікім прагненні.
Дзеля гэтага хаце́лі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан.
Вось жа, хацелі мы пайсці да вас, асабліва я, Паўла, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.
Бо якая наша надзе́я, ці радасьць, ці вяне́ц пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасцю, або вянком славы — ці ж не вы — перад Госпадам нашым Ісусам [Хрыстом] у прыход Яго?
Бо вы — слава нашая і радасьць.
Бо вы — наша слава і радасць.