Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
І ўгле́дзіў я другі знак на не́бе — вялікі й дзіўны́: се́м Ангелаў, маючых се́м плягаў апошніх, якімі канчаўся гне́ў Божы.
І ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.
І ўбачыў я нібы шклянае мора, зьме́шанае з агнём, і тых, што перамагалі зьве́ра і абра́з ягоны, і кляймо ягонае, і лічбу іме́ньня яго, якія стаялі на шкляным моры, маючы гусьлі Божыя;
І ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
і пяюць яны пе́сьню Майсе́я, раба Божага, і пе́сьню Ягняці, мовячы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае́, Госпадзе Божа Уседзяржыцелю! Справядлівыя й праўдзівыя шляхí Тваі, Цару сьвятых!
І спявалі яны песню Майсея, паслугача Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
Хто не ўбаіцца Цябе́, Госпадзе, і не пахваліць імя Тваё? Бо-ж адзін Ты сьвяты: бо ўсе́ народы прыйдуць і паклоняцца Табе́, бо выявіліся суды́ Тваі.
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»
І пасьля гэтага глянуў я: і вось раочыніўся храм скініі сьве́дчаньня на не́бе,
І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання,
і выйшлі із храму се́м Ангелаў, маючы се́м плягаў, апра́неныя ў чыстую і сьве́тлую ільняную вопратку ды падпераза́ныя праз грудзі залатымі паясамі.
і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпяразаныя залатымі паясамі.
І адна із чатырох жывёлаў дала́ сямём Ангелам се́м залатых ча́р, поўных гне́ву Бога, жывучага на ве́чныя вякí.
І адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.
І напоўніўся храм дымам ад хвалы́ Божае і ад сілы Ягонае; і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль ня скончыліся се́м плягаў сямёх Ангелаў.
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.