Адкрыцьцё 19 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў небе, які казаў: Алілуя! Спасе́ньне і хвала́ і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму:
 
Пасля гэтага чуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Аллелюя! Збаўленне, і слава, і магутнасць Богу нашаму,

бо правільныя і справядлівыя суды́ Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што пага́ніла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе́.
 
бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Ён бо асудзіў распусніцу вялікую, якая паганіла зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў паслугачоў Сваіх ад рук яе».

І паўторна сказалі: Алілуя! І дым яе́ ўзьнімаецца на ве́чныя вякí.
 
І зноў усклікнулі: «Аллелюя! І дым з яе будзе падымацца на вякі».

І ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзя́чаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя!
 
І палі на твар дваццаць чатыры старыя і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, Які сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін. Алелюя».

І выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвале́це Бога нашага, усе́ рабы́ Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія!
 
І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе паслугачы Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія».

І пачуў я быццам голас вялікае таўпы́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель!
 
І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымот, кажучы: «Аллелюя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны.

Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясе́льле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго.
 
Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці і жонка Яго прыгатавана.

І дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьве́тлы;
 
І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы, вісон жа ёсць справядлівасць святых».

І кажа мне́: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясе́льную Ягняці. І кажа мне́: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя.
 
І кажа мне: «Напішы: шчасныя пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя».

І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. І кажа мне́: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьве́дчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьве́дчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы.
 
І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва».

І ўгле́дзіў я не́ба расчы́ненае: і вось конь бе́лы, і коньнік на ім, называны Ве́рным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе.
 
І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.

А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве́ ў яго многа дыадэмаў. Ме́ў імя́ напісанае, якога ніхто ня ве́даў, апрача Самога.
 
Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога,

І быў апранены ў шату акрываўленую. І імя Ягонае называецца: Слова Божае.
 
і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго — Слова Божае.

І йшлі за ім войскі нябе́сныя на бе́лых канёх, апра́неныя ў віссон бе́лы і чысты.
 
І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.

І з вуснаў Ягоных выходзе ме́ч востры, каб ім пабіць паганаў. І Сам пасе́ць іх па́ліцай зяле́знай. І Сам топча ступу́ віна ярасьці і гне́ву Бога Ўседзяржыцеля.
 
І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе валадарыць над імі жалезным кіем і Сам стопча ступу віна лютага гневу Бога Усемагутнага.

І ма́е на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў.
 
І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.

І ўгле́дзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. І крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод не́ба: Хадзе́це, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,
 
І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую,

каб е́сьці це́лы цароў і це́лы тысячнікаў, і це́лы дужы́х, і це́лы кане́й ды коньнікаў на іх, і це́лы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх.
 
каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх».

І ўгле́дзіў я зьве́ра і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзя́чым на канí ды з войскам Ягоным.
 
І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іх, падрыхтаванае да бою з Тым, Які сядзеў на кані, і з войскам Яго.

І быў схоплены зьве́р і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо́ зьве́ра і пакланяліся абразу́ ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, пала́ючае се́ркаю.
 
І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланіліся перад яго абразом. Абодва яны былі жыўцом кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай.

І рэшта пазабіва́на мячом Сідзя́чага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсё птаства насыцілася це́ламі іхнімі.
 
А іншыя пагінулі ад меча Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.