Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую не́мач.
Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
А дванаццацёх апосталаў іме́ньні вось якія: пе́ршы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзе́яў і Іоан, брат яго,
Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны,
Філіп і Баўтраме́й, Хама́ і Мацьве́й мытнік, Якаў Алфе́яў і Ляўве́й, празваны Фадзе́ем,
Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш,
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і нака́зваў ім, гаворачы: на шлях пага́наў ня ўзыходзьце і ў ме́ста Самарыйскае не ўваходзьце;
Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце.
але ідзе́це найбале́й да загінуўшых аве́ц дому Ізраілявага.
Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля.
А хо́дзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябе́снае.
Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма́ дасталі, дарма́ давайце.
Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце.
Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні ме́дзі ў поясы сваі,
Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзе́жын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй.
ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.
У якое-б ме́ста ці сяло ні прыйшлі вы, даве́давайцеся, хто ў ім дастойны, і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце.
А, уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.
А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго.
І, калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.
Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.
А калі хто ня пры́йме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то, выходзячы з дому ці з ме́ста таго, атрасе́це пыл з ног вашых.
А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых.
Запраўды́ кажу вам: ле́пш будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзе́нь суда́, чымся ме́сту таму.
Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.
Вось Я пасылаю вас, як аве́ц сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьме́і, і простыя, як галубы.
Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы.
Сьцеражэцеся людзе́й: бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў школах сваіх будуць біць вас.
Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
І павядуць вас да валадароў і царо́ў за Мяне́, дзеля сьве́дчаньня перад імі й паганамі.
Павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі.
Калі-ж будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе да́дзена, што сказаць.
Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць.
Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
Выдаваціме брат брата і бацька сына на сьме́рць; і паўстануць дзе́ці на бацькоў і пазабіваюць іх;
Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх.
і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але, хто вы́цярпіць да канца́, спасён будзе.
Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Калі-ж будуць выганяць вас з аднаго ме́ста, уцякайце ў другое, бо запраўды́ кажу вам: не абойдзеце йшчэ ме́стаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалаве́чы.
Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань ня вышэй за вучыцеля свайго, і слуга ня вышэй за гаспадара свайго.
Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
Годзе для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі, каб ён быў, як гаспадар яго. Калі гаспадара дому назвалі вэльзэвулам, тым бале́й хатніх ягоных.
Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.
Дык ня бойцеся-ж іх: бо няма нічога ўкрытага, каб ня вы́явілася, ні патайнога, што ня сталася-б вядомым.
Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
Што кажу вам у цемнаце́, гаварэце пры сьвятле́; і што наву́ха чуеце, абвяшчайце са стрэхаў.
Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах.
І ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла, а душы ня могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і це́ла загубіць у гее́ньне.
Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене.
Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? І ніводзін з іх не ўпадзе́ на зямлю бяз волі Айца вашага.
Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.
У вас жа і валасы на галаве́ палічаны.
У вас жа і валасы на галаве палічаны.
Ня бойцеся-ж: вы ле́пшыя за многіх вераб’ёў.
Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Вось жа ўсякага, хто Мяне́ прызнава́ціме перад людзьмі, таго й Я прызна́ю перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
А хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго й Я адракуся перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
Ня думайце, што Я прыйшоў прыне́сьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прыне́сьці, але ме́ч.
Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч.
Бо Я прыйшоў разлучыць чалаве́ка з бацькам яго і дачку з маткаю яе́ і няве́стку з сьвякроўю яе́.
Бо Я прыйшоў паставіцьчалавека супраць бацькі ягонага,і дачку супраць маці яе,і нявестку супраць свекрыві яе;
І ворагі чалаве́ку хатнія яго.
і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.
Хто любіць бацьку ці матку балей за Мяне́, ня варт Мяне́; і хто любіць сына ці дачку бале́й за Мяне́, ня варт Мяне́.
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне.
І хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе́ за Мною, той ня варт Мяне́.
І хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе́; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне́, зьберажэ яе́.
Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.
Хто прыймае вас, прыймае Мяне́, а хто прыймае Мяне́, прыймае Паслаўшага Мяне́.
Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае́ нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае́ нагароду справядлівага.
Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага.
І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, запраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае́.
І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».