Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Сталася-ж, як народ ціснуўся да Яго, каб чуць Слова Божае, а Ён стаяў ля возера Генісарэцкага,
Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт.
убачыў Ён два чаўны на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі се́ці.
І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі.
Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад бе́рагу і, се́ўшы, вучыў народ з чаўна.
Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.
Калі-ж перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню і закінь се́ці твае́ дзеля лову.
Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову».
Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну се́ці.
Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі».
Зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае множства рыбы, і навет се́тка ў іх прарывалася.
Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі.
І далі знак сябрам, што былі на другім чаўне́, каб прыйшлі памагчы ім: і прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.
І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі.
Угле́дзіўшы гэтае, Сымон Пётр прыпаў да кале́н Ісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне́, Госпадзе! бо я чалаве́к грэшны.
Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».
Бо вялікі страх апанаваў яго і ўсіх быўшых з ім дзе́ля гэтага ўлову рыб, імі злоўленых;
Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім,
таксама і Якава і Іоана, сыноў Завядзе́явых, быўшых сябрамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалаве́каў.
а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей».
І, выцягнуўшы абодва чаўны на бе́раг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
І сталася, як Ісус быў у адным ме́сьце, прыйшоў чалаве́к увесь у праказе і, угле́дзіўшы Ісуса, унаў тва́рам уніз, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
І Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І тады-ж праказа зыйшла з яго.
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго.
І Ён прыказаў яму нікому не гаварыць, а пайсьці паказацца сьвяшчэньніку і прыне́сьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як павяле́ў Майсе́й на сьве́дчаньне ім.
Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім.
Але тым бале́й разыйшлася чутка аб Ім, і вялікае множства народу сьцякалася да Яго — слухаць і аздаравіцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.
Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў.
Але Ён адыходзіў у пустынныя ме́сцы і маліўся.
А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.
І сталася, раз, як Ён навучаў, і сядзе́лі тут фарысэі й законавучыцелі, прыйшоўшы з усіх мястэчак Галіле́і і Юдэі і Ерузаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўле́ньня іх,
Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць.
вось, нясуць людзі на пасьце́лі чалаве́ка, што быў спараліжаваны, і хаце́лі ўнясьці яго ў дом і палажыць перад Ісусам;
І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім.
і, не знайшоўшы, дзе́ пране́сьці яго праз народ, уле́зьлі на ве́рх дому і праз страху́ спусьцілі яго з пасьце́льлю на сярэдзіну перад Ісусам;
А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам.
і Ён, ба́чачы ве́ру іх, сказаў чалаве́ку гэнаму: адпускаюцца табе́ грахі тваі.
Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
Кніжнікі й фарысэі зачалі разважаць, кажучы: Хто ён такі, што блюзьніць? Хто можа адпускаць грахі апрача аднаго Бога?
А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
Ісус, пазнаўшы думкі іх, сказаў ім у адказ: што вы думаеце ў сэрцах вашых?
Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі тваі, ці сказаць: устань і хадзі?
Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ён спараліжаванаму: кажу табе́: устань, вазьмі пасьце́ль тваю і йдзі ў дом твой.
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго».
І той ураз жа ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога.
І жах апанаваў усіх, і славілі Бога; і, абнятыя страхам, гаварылі: дзіўныя дзе́і відзелі мы цяпе́р.
Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».
Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Ле́вія, се́дзячы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною.
Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.
І прырыхтаваў для Яго Ле́вій у доме сваім вялікі пачастунак, і была там грамада мытнікаў і другіх, што частаваліся з імі.
І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом.
Кніжнікі-ж і фарысэі наракалі й гаварылі вучням Яго: на што вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі ды грэшнікамі?
Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?»
Ісус жа сказаў ім у адказ: не́ здаровыя маюць патрэбу ў ле́кару, але хворыя.
А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
Я прыйшоў клікаць да пакаяньня не́ праведных, але грэшных.
Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
Яны-ж сказалі Яму: чаму вучні Іоанавы посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Тваі ядуць і п’юць?
Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць».
Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў вясе́льных пасьціць, калі з імі жаніх?
Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх?
Але прыдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні».
Пры гэтым сказаў ім прыповесьць: ніхто не прышывае ла́ткі да старое адзе́жыны, ададраўшы ад новае адзе́жыны, бо йна́чай і новую разьдзярэ, і да старое не падо́йдзе латка ад новага.
І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай.
І ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве́ мяхі і само вы́цяча, і мяхі прападуць;
І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць.
але маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады захаваецца тое і другое.
Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі.
І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча тады-ж маладога; бо кажа: старое ле́пшае.
І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”»