Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі Ён скончыў усю гутарку Сваю да слу́хаючага народу, то ўвайшоў у Капэрнаум.
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
У аднаго-ж сотніка слуга́, якога той цаніў, быў хворы пры сьме́рці.
У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго Юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу яго.
Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, крэпка прасілі Яго, кажучы: ён варт, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
бо ён любіць народ наш і паставіў нам школу.
бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
Ісус пайшоў з імі. І, калі Ён недалёка ўжо быў ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе! бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху́ маю́,
І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
бо і сябе́ самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе́; але скажы слова, і паздараве́е слуга́ мой;
Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
бо і я ма́ю над сабою ўладу, але маю і пад сабою жаўне́раў; кажу аднаму — пайдзі, і йдзе́; і другому: прыдзі, і прыходзіць; і слузе́ майму: зрабі тое, і зробіць.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, абярнуўшыся, сказаў ішоўшаму за Ім народу: кажу вам, што і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткае ве́ры.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
Пасланыя, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу́ паздараве́ўшым.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Пасьля гэтага Ісус пайшоў да ме́ста, называнага Наім; і з Ім ішлі многія з вучняў Яго ды множства народу.
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
Калі-ж Ён падыйшоў да мястовае брамы, тут выносілі паме́ршага адзінага сына ў маткі, а яна была ўдава; і многа народу йшло з ёю з ме́ста.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
Угле́дзіўшы яе́, Госпад зьлітаваўся над ёю ды сказаў ёй: ня плач.
Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; нёсшыя затрымаліся; і Ён сказаў: хлопча! табе́ кажу: устань!
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
Уме́ршы, падняўшыся, се́ў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус матцы яго.
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
І ўсіх зьняў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў міжы намі, і Бог адве́даў народ Свой.
Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
І разыйшлося слова гэтае аб Ім па ўсёй Юдэі і па ўсіх ваколіцах.
Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
І паведамілі Іоана вучні Яго аб усім гэтым.
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
І, паклікаўшы двох з вучняў сваіх, Іоан паслаў іх да Ісуса спытацца: ці Ты Той, Каторы павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Іоан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе́ спытацца: ці Ты Той, Катораму нале́жыць прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
А ў гэты час Ён многіх аздараўляў ад хвароб, і недамага́ньняў і ад злых духаў, і многім сьляпым варочаў зрок.
У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, скажэце Іоану, што вы бачылі і чулі: сьляпыя пачынаюць бачыць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, паме́ршыя ўскрасаюць, і ўбогім абвяшча́ецца эва́нгельле.
І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
І шчасьлівы, хто не спаку́сіцца ад Мяне́.
І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
Калі-ж пасланыя Іоанам пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Іоана: што глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну ве́трам калыханую?
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія вопраткі? Але пышна адзе́тыя і раскошна жыву́чыя знаходзяцца пры дварох царскіх.
На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці прарока? Так, кажу вам, і бале́й за пророка.
На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
Гэта ёсьць, аб якім напісана: вось Я пасылаю а́нгела Майго перад абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малахія 3:1).
Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Бо кажу вам: з ро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іоана Хрысьціцеля; але ме́ншы ў Царстве Божым большы за яго.
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
І ўве́сь народ, які слухаў Яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хры́сьцячыся хрышчэньнем Іоанавым;
Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
а фарысэі й законьнікі адкінулі раду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў Яго.
А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
Тады Госпад сказаў: да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобны?
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
Яны падобны да дзяце́й, што сідзяць на вуліцы, клічуць адзін аднаго і кажуць: мы йгралі вам на жале́йцы, і вы не скакалі; мы сьпява́лі вам сумныя пе́сьні, і вы ня пла́калі.
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Бо прыйшоў Іоан Хрысьціцель; ні хле́ба ня е́сьць, ні віна ня п’е́ць; і кажуць: у ім злы дух.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
Прыйшоў Сын Чалаве́чы; е́сьць і п’е́ць; і кажуць: вось чалаве́к, каторы любіць е́сьці і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў.
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
І апраўданы розум усімі дзяцьмі яго.
І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
Не́хта з фарысэяў прасіў Яго пае́сьці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
І вось жанчына з таго ме́ста, якая была грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысэя, прыне́сла аляба́стравую судзіну з але́ем;
І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
і, стануўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі і выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго і ма́зала але́ем.
і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
Бачучы гэтае, фарысэй, што быў запрасіў Яго, сказаў сам да сябе́: калі-б Ён быў прарок, то ве́даў бы, хто і якая жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымон! Я ма́ю штось сказаць табе́. Ён кажа: скажы, Вучыцелю!
Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
Ісус сказаў: у аднаго крэды́тара былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят;
«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
але, як яны ня ме́лі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы-ж, каторы з іх бале́й узьлюбіць яго?
Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
Сымон адказаў: думаю, той, катораму бале́й дараваў. Ён сказаў яму: справядліва ты рассудзіў.
Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
І, зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне́ на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне́ ногі і валосьсем галавы сваёй выцерла.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
Ты цалаваньня Мне́ ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае́ цалаваць Мне́ ногі.
Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
Ты галавы Мне́ маслам не памазаў; а яна але́ем памазала Мне́ ногі.
Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
Дзеля гэтага кажу табе́: даруюцца многія грахі яе́ за тое, што яна многа ўзьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
А ёй сказаў: адпускаюцца табе́ грахі.
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
І супачываўшыя разам з Ім пачалі гаварыць у сабе́: хто Ён такі, што і грахі адпускае?
І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
Ён жа сказаў жанчыне: ве́ра твая спасла цябе́; ідзі з мірам.
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»