Дзеі 7 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І сказаў ахрірэй: Ці-ж гэта так?
 
Тады першасвятар спытаўся: «Ці гэта так?»

Той-жа адказаў: Паслухайце, мужы браты і айцы! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Аўрааму, калі той быў у Мэзапатаміі, пе́рш, чым быў асе́ўшы ў Харране,
 
І Стэфан адказаў: «Браты і айцы, паслухайце. Бог славы аб’явіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Месапатаміі, перш чым пасяліўся ў Харане.

ды прамовіў да яго: Выйдзі з зямлі тваёй і з сям’і тваёй, ды йдзі ў зямлю, якую табе́ пакажу.
 
І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй, ад сваякоў сваіх і пайдзі ў зямлю, якую Я пакажу табе”.

Тады, выйшаўшы з зямлі Хальдэйскае, асе́ў ён у Харране. І стуль, пасьля сьме́рці бацькі ягонага, перасяліў яго ў тую зямлю, у якой вы цяпе́р жывецё.
 
Тады ён выйшаў з халдэйскай зямлі і пасяліўся ў Харане. Адтуль, пасля смерці ягонага бацькі, Бог перасяліў яго на тую зямлю, дзе вы цяпер жывяце.

І ня даў яму ў ёй спадчыны ні на стапу́ нагі; і абяцаў яму даць яе́ ў валаданьне яму й патомству ягонаму пасьля́ яго, а ня было ў яго тады дзіцяці.
 
Ён не даў яму там спадчыны нават на крок, але абяцаў даць яе ва ўладанне яму і ягоным нашчадкам, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.

І прамаўляў да яго Бог гэтак: Што патомкі ягоныя будуць прыхаджанамі ў чужой зямлі, і паняволяць іх ды будуць мучыць іх чатырыста гадоў.
 
Бог сказаў яму, што нашчадкі яго будуць прышлымі на чужой зямлі, што будуць нявольнікамі і прыгнятаць іх будуць чатырыста гадоў.

Але я, сказаў Бог, учыню суд над народам, якому будуць яны рабамі; і пасьля то́га яны выйдуць і будуць служыць Мне́ ў гэтым ме́сцы.
 
Але Бог сказаў: “Я буду судзіць народ, якому яны будуць служыць, а потым яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы”.

І даў яму запаведзь абразаньня. І гэтак ён спарадзіў Ізаака ды абрэзаў яго на восмы дзе́нь; а Ізаак Якава, а Якаў дванаццаць патрыархаў.
 
І заключыў з ім запавет абразання. Так ён стаў бацькам Ісаака і абрэзаў яго на восьмы дзень. Ад Ісаака ж нарадзіўся Якуб, і ад Якуба — дванаццаць патрыярхаў.

І патрыархі праз завісьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім
 
А патрыярхі праз зайздрасць прадалі Юзафа ў Егіпет, але Бог быў з ім

і ратаваў яго з усіх бе́д ягоных, і даў яму ласку й мудрасьць перад Фараонам, царом Эгіпецкім; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам дый над усім домам сваім.
 
і вызваліў яго ад усякага ўціску, адарыў яго ласкай і мудрасцю ў вачах фараона, караля егіпецкага, і паставіў яго кіраўніком над Егіптам і над усім яго домам.

І прыйшоў голад на ўсю зямлю Эгіпецкую ды Ханаанскую і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
 
Тады прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Канаан і вялікая бяда, і не знаходзілі айцы нашы ежы.

Якаў жа, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў пе́ршы раз нашых айцоў,
 
Калі ж Якуб пачуў, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды айцоў нашых першы раз.

а другім разам Язэп быў пазна́ны братамі ягонымі, і Фараону выявіўся род Язэ́павы.
 
А на другі раз Юзаф адкрыўся сваім братам, і фараон даведаўся пра ягоны род.

І Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго, Якава, ды ўсю сям’ю ягоную, душ се́мдзесят пяць.
 
Пасля Юзаф паслаў паклікаць свайго бацьку Якуба і ўсю сваю сям’ю, што налічвала семдзесят пяць асобаў.

І Якаў перабраўся ў Эгіпет ды паме́р тутака сам і нашы айцы;
 
Якуб прыйшоў у Егіпет і памёр сам і айцы нашы.

і перане́сьлі іх у Сіхе́м ды паклалі ў магілы, што закупіў Аўраам за цану серабра ў сыноў Ямора Сіхе́мавага.
 
Перанеслі іх у Сіхем і паклалі ў грабніцу, якую Абрагам купіў за цану срэбра ў сыноў Эмора ў Сіхеме.

А як набліжаўся час абяцаньню, якім кляўся Бог Аўрааму, нарастаў народ ды памнажаўся ў Эгіпце
 
Паводле таго, як набліжаўся час абяцання, якое Бог даў Абрагаму, разрастаўся і памнажаўся народ у Егіпце,

да часу, калі настаў новы цар, што ня ве́даў Язэпа.
 
пакуль не паўстаў новы кароль Егіпта, які не ведаў Юзафа.

Той, хітруючы проці народу нашага, уціскаў айцоў нашых, прымушаючы выкідаць дзіцянятак, каб не выжывалі.
 
Ён, хітруючы супраць нашага народу, крыўдзіў айцоў нашых, прымушаючы іх кідаць сваіх немаўлят, каб яны не выжывалі.

У тым часе ўрадзіўся Майсе́й ды быў угодны Богу; яго гадавалі тры ме́сяцы ў доме бацькі ягонага.
 
У гэты час нарадзіўся Майсей, і ён быў любы Богу. Тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі.

Калі-ж выкінулі, дык узяла яго дачка́ Фараонава дый узгадавала яго за сына сабе́.
 
А калі яго кінулі, дачка фараона ўзяла яго і выхавала яго сабе, як сына.

І навучыўся Майсе́й усяе́ мудрасьці Эгіпецкае і быў дуж у словах і дзялох.
 
Майсея навучылі ўсёй егіпецкай мудрасці, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.

Калі-ж мінула яму сорак гадоў ве́ку, прыйшло яму на сэрца даве́дацца братоў сваіх, сыноў Ізраілявых.
 
Калі споўнілася яму сорак гадоў, ён вырашыў наведаць сваіх братоў, сыноў Ізраэля.

І, убачыўшы, як аднаго крыўдзілі, заступіўся за яго дый памсьціўся за пакры́ўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
 
Убачыўшы, як адзін з іх зазнае крыўду, заступіўся і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.

Ён думаў, што браты ягоныя зразуме́юць, што Бог ягонай рукой дае́ць ім выбаўле́ньне; ды тыя не зразуме́лі.
 
Ён думаў, што яго браты зразумеюць, што Бог дае ім вызваленне ягонай рукою, але яны не зразумелі.

На другі-ж дзе́нь ён зьявіўся ім, як яны біліся, ды вёў іх да згоды, мовячы: О, мужы, вы-ж — браты! Чаму-ж крыўдзіце адны адных?
 
На наступны дзень, калі яны біліся між сабою, ён з’явіўся перад імі ды схіляў іх да міру, кажучы: “Мужы, вы ж браты, навошта крыўдзіце адзін аднаго?”

Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю над намі?
 
Але той, што крыўдзіў бліжняга, адштурхнуў яго са словамі: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю над намі?

Ці й мяне́ хочаш забіць, як забіў учора Эгіпцяніна?
 
Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў егіпцяніна?”

І ўцёк Майсе́й на слове гэтым ды быў прыхаджанінам у зямлі Мадыямскай, дзе спарадзіў двух сыноў.
 
Ад гэтых слоў Майсей уцёк і стаў чужынцам у зямлі Мадыям, дзе ад яго нарадзіліся два сыны.

Калі-ж мінула сорак гадоў, паказаўся яму ў пустыні пад гарою Сынаем Ангел Гасподні ў вагнявым полымі ў кусьце́.
 
Калі прайшло сорак гадоў, у пустыні ля гары Сінай яму з’явіўся анёл Пана ў палаючым кусце.

Майсе́й жа, убачыўшы, дзівіўся з ба́чанага; калі-ж падыходзіў разглядзе́ці, пачуўся да яго голас Госпада:
 
Убачыўшы гэта, Майсей здзівіўся, а калі падышоў прыгледзецца, прагучаў голас Пана:

Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраама й Бог Ізаака й Бог Якава. І, задрыжэўшы, Майсе́й не адважыўся ўглядацца.
 
“Я — Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Ісаака і Якуба”. Майсей затрымцеў і не адважваўся паглядзець.

Госпад жа сказаў яму: Разуй вобуй з ног тваіх, бо ме́сца, дзе́ ты стаіш, сьвятая зямля.
 
І Пан сказаў яму: “Здымі сандалі з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, — гэта святая зямля.

Я глядзе́ў і ўбачыў у́ціск народу Майго, што́ ў Эгіпце, ды пачуў стагнаньне ягонае. І зыйшоў вызваліць яго. Дык ідзі цяпе́р, я пашлю цябе́ ў Эгіпет.
 
Я ўбачыў прыгнёт майго народу ў Егіпце і пачуў іх стогн, таму зышоў, каб вызваліць іх. А цяпер падыдзі, Я пашлю цябе ў Егіпет”.

Таго Майсе́я, якога яны вы́ракліся, мовячы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю? — яго Бог за начальніка й збавіцеля паслаў рукой Ангела, што паказаўся яму ў кусьце́.
 
Таго Майсея, якога яны адкінулі, сказаўшы: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю?” — Бог паслаў як правадыра і вызваліцеля праз руку анёла, які з’явіўся яму ў кусце.

Ён вы́веў іх, зрабіўшы цуды й знаме́ньні ў зямлі Эгіпецкай і ў Чырвоным моры і ў пустыні ў працягу сараку́ гадоў.
 
Гэта ён вывеў іх, робячы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, на Чырвоным моры і на пустыні сорак гадоў.

Гэта той Майсе́й, што сказаў сыном Ізраілявым: Паставіць вам Госпад Бог ваш Прарока із братоў вашых, як мяне́; яго слухайце.
 
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Бог пашле вам прарока, падобнага да мяне, з ліку вашых братоў”.

Той гэта, што быў у пустыні на зборцы з Ангелам, які з ім гутарыў на гары Сінаі, ды з айцамі нашымі; ён жа прыняў жывыя словы, каб даць нам.
 
Гэта той, хто быў на сходзе ў пустыні разам з анёлам, які гаварыў з ім на гары Сінай, быў з айцамі нашымі і прыняў жывыя словы, каб перадаць іх нам.

Якога не хаце́лі слухацца айцы́ нашыя, але адапхнулі яго ды зьвярнулі сэрцы свае́ да Эгіпту,
 
Гэта яго не хацелі слухацца айцы нашыя, таму адкінулі яго і звярнулі сэрцы свае да Егіпта,

кажучы Аарону: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі напе́радзе нас, бо з Майсе́ем, тым, што вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ве́даем, што сталася з ім.
 
кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія б ішлі перад намі, бо мы не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі”.

І зрабілі ў тыя дні цяля́, і прыне́сьлі ахвяру ідалу, і це́шыліся з дзе́ла рук сваіх.
 
Яны зрабілі ў тыя дні цяльца, прыносілі ахвяры ідалу і радаваліся справе сваіх рук.

І адвярнуўся Бог і аддаў іх, каб служылі войску нябе́снаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: Доме Ізраілявы, ці прыносілі вы Мне́ бітае й ахвяры ў працягу сараку́ гадоў у пустыні?
 
Тады Бог адвярнуўся ад іх і аддаў іх, каб служылі яны войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраэля, ці прыносілі вы Мне забітую жывёлу і ахвярына пустыні сорак гадоў?

І паднялі вы палатку Малохаву ды зорку бога Вашага Рэмфана, абразы́, што парабілі, каб ім пакланяцца. Дык перасялю вас ажно за Вавілон.
 
Вы ўзнялі намёт Молахаі зорку бога вашага Рэфана,выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім.Праз гэта Я перасялю вас за Бабілён”.

Палатка сьве́дчаньня была ў айцоў нашых у пустыні, як загадаў той, што прамаўляў да Майсе́я, зрабіць яе́ на ўзор ба́чанае.
 
У нашых айцоў была ў пустыні скінія сведчання, як пажадаў той, хто загадаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, які ўбачыў.

Яе́, узяўшы, і зане́сьлі айцы нашыя з Ісусам у зе́млі пага́наў, якіх Бог выгнаў ад аблічча айцоў нашых, да дзён Давіда,
 
І нашыя айцы, атрымаўшы яе, з Езусам Навіным прынеслі яе ва ўладанні язычнікаў, якіх Бог прагнаў ад аблічча айцоў нашых аж да дзён Давіда,

які знайшоў ласку ў вачох Бога ды маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якава.
 
які знайшоў ласку ў вачах Бога і папрасіў знайсці жыллё для дому Якуба.

Салямон жа пабудаваў яму дом.
 
Саламон жа пабудаваў Яму дом.

Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі дамох жыве́ць, як кажа Прарок.
 
Аднак Найвышэйшы не жыве ў тым, што зроблена рукамі, як гаворыць прарок:

Госпад гавора: Не́ба — пасад Мой, зямля-ж — падножжа ног Маіх. Які-ж дом пабудуеце Мне́? Ці якое ме́сца дзеля супачынку Майго?
 
“Неба — Мой трон,а зямля — падножжа Маіх ног.Які ж дом пабудуеце для Мяне, — кажа Пан, —або якое месца адпачынку Майго?

Ці-ж не Мая́ рука стварыла ўсё гэтае? (Ісая 66:1−2.)
 
Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?”

Людзі з цьвёрдым каркам, ды з неабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як айцы вашыя, так і вы.
 
Вы з цвёрдым каркам, з неабрэзаным сэрцам і вушамі, вы заўсёды працівіліся Духу Святому; як айцы вашыя, так і вы.

Каго із Прарокаў ня гналі айцы вашыя? І пазабівалі прадве́сьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі й забойцамі Якога вы цяпе́р сталіся.
 
Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? Яны забілі тых, хто прадказваў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы,

Вы прынялі закон па загаду Ангелаў, ды не захавалі яго.
 
якія атрымалі Закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго».

Слухаючы-ж гэта, яны лопаліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
 
Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.

Ён-жа, поўны Духа Сьвятога, паўзіраўшыся на не́ба, угле́дзіў славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога,
 
Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога,

і сказаў: Вось, бачу нябёсы расчыненыя і Сына Чалаве́чага, стоючы праваруч Бога.
 
і сказаў: «Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога».

Яны-ж, загаласіўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае́ ды аднадушна кінуліся на яго
 
Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам.

і, вывеўшы за ме́ста, закаменавалі яго. А сьве́дкі паклалі вопраткі свае́ ля ног дзяцюка на ймя Саўла
 
Вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

ды білі камнямі Сьцяпана, які маліўся мовячы: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
 
І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: «Пане Езу, прымі мой дух».

І, укле́нчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, не паліч ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, паме́р. Саўл жа пахваляў забойства яго.
 
Упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: «Пане, не лічы ім граху гэтага». Сказаўшы гэта, памёр.