1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А аб чым вы пісалі да мяне́, дык добра чалаве́ку не дакранацца да жанчыны,
Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны.
але, з увагі на блуд, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Муж няхай аказвае жонцы нале́жную любасьць; падобна-ж і жонка мужу.
Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа.
Жонка ня ўладная над сваім це́лам, але муж; гэтак сама й муж ня ўладны над сваім це́лам, але жонка.
Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка.
Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у пасьце́ і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашу.
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць.
Кажу-ж гэтае, як дазвол, а не як загад.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Бо хачу, каб усе́ людзі былі, як і я, але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі астапуцца, як я;
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я,
але, калі ня ўзьдзе́ржацца, няхай жэняцца: бо лепей ажаніцца, чым распаляцца.
але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.
Тым жа, што пажаніліся, ня я запаве́дываю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа.
калі-ж разлучыцца, то няхай астае́цца бяз мужа, ці пагодзіцца з мужам сваім; і мужу — не пакідаць жонкі.
Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.
Рэшце-ж кажу я, а ня Госпад: калі каторы брат ма́е жонку няве́руючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай ён не пакідаець яе́;
Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе.
і жонка, што ма́е няве́руючага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідаець яго;
Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго,
бо няве́руючы муж асьвянчаецца ў жонцы, і жонка няве́руючая асьвянчаецца ў мужу; інакш дзе́ці вашыя былі-б нячыстыя, а цяпе́р яны сьвятыя.
бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
Калі-ж няве́руючы хоча разлучыцца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволіваецца, бо да згоды паклікаў нас Госпад.
Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан.
Чаму-ж бо ты ве́даеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, чаму ве́даеш, ці ня збавіш жонку?
Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?
Толькі кожны няхай паступае так, як Бог яму празначыў, кожны, як Госпад паклікаў; і гэтак я загадваю па ўсіх цэрквах.
Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах.
Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто неабрэзаным? Не абрэзывайся.
Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца!
Абрэзаньне нішто і неабрэзаньне нішто, але выпаўне́ньне запаведзяў Божых.
Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў.
Кожны няхай астае́цца ў тым прызваньні, у якім пакліканы.
Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы.
Рабом ты пакліканы? Не клапоцься. Але, калі можаш стацца вольным, скарыстай з ле́пшага.
Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага!
Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольны Госпада; гэтак сама і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыстоў.
Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста.
Вы куплены (дарагою) цаною: не рабе́цеся рабамі людзе́й.
Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей.
У якім прызваньні хто пакліканы, браты, у тым кожны хай астае́цца перад Богам.
Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.
Аб дзе́вах я ня маю загаду ад Госпада, але даю раду, як той, што атрымаў ад Госпада ласку быць яму ве́рным.
Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу.
Дык лічу за добрае дзеля цяпе́рашняе патрэбы, што добра чалаве́ку гэтак быць.
Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім.
Ты злучаны з жонкаю? Ня шукай разлукі. Ты вольны ад жаны? Ня шукай жонкі.
Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.
Калі-ж бы й ажаніўся, не саграшыў; і калі-б дзяўчына пайшла замуж, не саграшыла. Гэткія будуць ме́ць гора для це́ла; я-ж вас шкадую.
Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас.
Але кажу вам тое, браты, што час ужо малы: каб і тыя, што маюць жанок, былі, як ня маюць;
Я кажу вам, браты, што час кароткі.
і што плачуць, як ня плачучыя; і што радуюцца, як ня радыя; і што купляюць, як ня набываючыя;
Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае.
і карыстаючыяся гэтым сьве́там, як не карыстаючыяся; бо праходзіць абраз гэтага сьве́ту.
І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.
А я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Не́жанаты клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду,
Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану.
а жанаты клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць жонцы.
А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы,
Ёсьць розьніца між замужняй і незамужняй дзяўчынай: незамужняя клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і це́лам і духам; замужняя клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць мужу.
і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.
кажу гэтае для вашай жа карысьці, ня з тым, каб накінуць на вас путы, але каб вы прыстойна і няспынна служылі Госпаду, не азіраючыся.
Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.
Калі-ж хто ўважае за няпрыстойнае для свае́ дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы так і асталася, — дык няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай ідуць замуж.
Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца.
Але, хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім, і ня маючы над воляй свае́й, пастанавіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць свае́ дзявоцтва, — той жа добра робіць.
Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра.
Дзеля гэтага, хто аддае́ замуж, добра робіць; а хто не́ аддае́, робіць ле́пей.
Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.
Жонка зьвязана законам, дакуль жыве́ яе́ муж; калі-ж муж яе́ памрэ, вольна выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану.
Але яна шчасьліве́йша, калі астане́цца так, як я раджу; а я думаю, што і я ма́ю Духа Божага.
Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.