Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе́ іх на гару́ высокую адных.
 
А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, ягонага брата і завёў іх аддзельна на высокую гару.

І перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзе́жа-ж Яго ста́лася бе́лая, як сьвятло́.
 
І перамяніўся перад імі: і заясьнеў воблік ягоны як сонца, а адзеньне ягонае зрабілася белае, як сьнег.

І вось зьявіліся ім Майсе́й і Ільля, размаўляючы з Ім.
 
І вось зьявіліся ім Майсей і Гальяш, гаворачы з ім.

І, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе́ адну, і Майсе́ю адну, і адну Ільлі.
 
А Пётр, азваўшыся, сказаў да Езуса: Пане, добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тут тры палаткі: табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну.

Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьве́тлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, якому спагада́ю; Яго слу́хайце.
 
Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблак ясны ацяніў іх, і вось голас з воблаку, кажучы: «Гэты Сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы, яго слухайце».

І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужа́ліся.
 
А вучні, пачуўшы, упалі на твар свой і вельмі спалохаліся.

Але Ісус, падыйшоўшы, дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!
 
І прыступіў Езус і дакрануўся да іх і сказаў ім: Устаньце і ня бойцеся.

Падняўшы-ж вочы свае́, яны нікога ня ўгле́дзелі апрача аднаго Ісуса.
 
Яны-ж, падняшы вочы свае, нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Езуса.

І, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загада́ў ім, кажучы: нікому не кажы́це пра гэтае відзе́ньне, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне з мёртвых.
 
І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, кажучы: Нікому не кажэце аб відзеньні, пакуль Сын чалавечы ня ўстане з умерлых.

І спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці ране́й?
 
І спыталіся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе ране́й і падгатуе ўсё.
 
Ён-жа, адказаўшы, сказаў ім: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё.

Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хаце́лі; так і Сын Чалаве́чы паце́рпіць ад іх.
 
Але я вам кажу, што Гальяш ужо прыйшоў і не пазналі яго, але зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын чалавечы будзе цярпець ад іх.

Тады вучні зразуме́лі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.
 
Тады зразумелі вучні, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалаве́к і, сукланіўшы перад ім кале́ні,
 
І калі прыйшоў да грамады, прыступіў да яго чалавек і ўпаўшы перад ім на калені, казаў:

сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шале́е і цяжка му́чыцца; бо часта кíдаецца ў вагонь і часта ў ваду.
 
Пане, зжалься над сынам маім, бо ён лунатык і цяжка мучаецца: бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду.

Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.
 
І я прывёў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць.

Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпе́ць вас? прывядзíце яго да Мяне́ сюды.
 
Езус-жа адказаўшы, сказаў: О родзе няверны і сапсуты! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль-жа я буду цярпець вас? Прывядзеце яго сюды да мяне.

І крыкнуў на яго Ісус; і шата́н выйшаў з яго; і юнак паздараве́ў у тую-ж гадзіну.
 
І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец ад тае гадзіны.

Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамо́це, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
 
Тады прыступілі да Езуса вучні асобна і сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць?

Ісус жа сказаў ім: праз няве́ру вашую: бо запраўды́ кажу вам: калі вы будзеце ме́ць ве́ру, як гарчы́чнае зе́рне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.
 
Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, скажаце гэтай гарэ: «Перайдзі адгэтуль туды», пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага.

Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
 
Бо гэты род не выганяецца інакш, як толькі малітваю і постам.

У час быцьця іх у Галіле́і Ісус сказаў ім: Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі чалаве́чыя;
 
Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей,

і заб’юць Яго, і на трэці дзе́нь уваскрэсьне. І яны дужа засмуціліся.
 
і заб’юць яго і на трэці дзень уваскрэсьне. І яны засмуціліся моцна.

Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць скла́дчыны ваш Вучыцель?
 
І калі прыйшлі ў Капарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што бралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы?

Ён кажа: так. І, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе́ здае́цца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?
 
Ён сказаў: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць даніну або падатак, з сваіх сыноў ці з чужых?

Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;
 
Ён-жа сказаў: з чужых. Сказаў яму Езус: Дык сыны вольныя.

але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і пе́ршую рыбу, якая пападзе́цца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе́.
 
Але каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора і закінь вуду і тую рыбу, якая пападзе першая, вазьмі і, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяшы яго, дай ім за мяне і за сябе.