Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Прайшоўшы-ж праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Фессалоніку, дзе была Жыдоўская сынагога.
 
А калі яны прайшлі Амфіпал і Апалонію, прыйшлі ў Тэссалоніку, дзе была жыдоўская бажніца.

І Паўла, паводле звычаю свайго, прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі із Пісаньня,
 
І паводле звычаю Павал увайшоў да іх і праз тры суботы гаварыў ім з Пісаньняў,

даводзячы й паказуючы, што Хрысту нале́жала цярпе́ць і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, аб якім я вам кажу.
 
адкрываючы і выводзячы, што трэбы было, каб Хрыстус цярпеў і ўстаў з умерлых, і што гэты Езус ёсьць Хрыстусам, каторага я вам абвяшчаю.

І некаторыя з іх уве́равалі і далучыліся да Паўлы й Сілы: вялікая грамада веручых Грэкаў, дый жанок важне́йшых нямала.
 
І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўла і Сылі; і з набожных, і з паганаў вялікае мноства, і нямала знатных жанчын.

Няве́руючыя-ж Жыды, праз завісьць, назьбіраўшы нейкіх нягодных бадзяк ды ўчыніўшы таўпу, збунтавалі ме́ста. І, падыйшоўшы да дому Язонавага, шукалі іх, каб ве́сьці да народу.
 
Але жыды, зайзруючы, і набраўшы з чэрні некатрых благіх людзей, і зрабіўшы грамаду, узбурылі горад; і напаўшы на дом Язона, шукалі іх, каб вывесьці да народу.

Не знайшоўшы-ж іх, пацягнулі Язона й некаторых братоў да начальнікаў ме́ста, крычучы, што гэтыя сусьве́тныя бунтары прыйшлі і сюды,
 
І не знайшоўшы іх, цягнулі Язона і некаторых братоў да начальнікаў гораду, крычучы: Што тыя, каторыя ўзбурваюць горад, і сюды прыйшлі,

а Язон іх прыняў. Усе-ж яны чыняць супраць уставаў ке́саравых, кажучы, што ёсьць другі цар: Ісус.
 
іх прыняў Язон, а яны ўсе паступаюць проціў уставаў цэзара, што ёсьць іншы кароль, Езус.

І, чуючы гэта, устрывожыўся народ і начальнікі ме́ста,
 
І ўзбурылі народ і начальнікаў гораду, каторыя гэтае слухалі.

але, узяўшы забясьпе́чаньне ад Язона й другіх, звольнілі іх.
 
І ўзяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусьцілі іх.

Браты-ж зараз уначы выправілі Паўлу й Сілу ў Вэрыю. Тыя-ж, прыйшоўшы, пайшлі ў школу Жыдоў.
 
А браты зараз-жа ўначы выправілі Паўла і Сылу ў Бэрэю. Яны, прыйшоўшы, увайшлі ў жыдоўскую бажніцу.

Гэтыя-ж былі больш дабрадушныя, чым у Фессалоніцы: яны прынялі слова з усе́й ахвотай ды кожын дзе́нь разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
 
Гэтыя-ж былі шляхетнейшыя за тых, што ёсьць у Тэссалоніцы, яны прнялі слова з усей ахвотай, штодня разьбіраючы Пісаньні, ці гэта так маецца.

Дый многа із іх уве́равалі, ды нямала й жанок Грэцкіх паважаных і мужоў.
 
І многа-ж з іх уверыла, і жанчын паважаных і нямала мужоў.

Калі-ж Жыды ў Фессалоніцы даве́даліся, што й у Вэрыі абвяшчаецца праз Паўлу слова Божае, дык прыйшлі й сюды, падбураючы народ.
 
Калі-ж даведаліся жыды ў Тэссалоніцы, што і ў Бэрэі Павал абвяшчае слова Божае, прыйшлі і туды, узварушваючы і падбурваючы мноства.

Тады браты хутка выправілі Паўлу, быццам к мору йшоў, а Сіла й Цімахве́й тамака асталіся.
 
І тады зараз-жа браты выправілі Паўла, каб ішоў аж да мора, а Сыла і Цімафей асталіся там.

Тыя-ж, што праводзілі Паўлу, давялі яго да Афін і, узяўшы загад для Сілы й Цімахве́я, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
 
А тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны, і атрымаўшы ад яго загад да Сылі і Цімафея, каб чым-хутчэй прыйшлі да яго, вырушылі.

Калі-ж Паўла чакаў на іх у Афінах, узбурыўся ў ім дух ягоны, гле́дзячы на ме́ста, апанаванае ідаламі.
 
Калі-ж Павал чакаў на іх у Атэнах, бурыўся ў ім дух ягоны, бачучы горад аддадзены балвахвальству.

Дык гутарыў у сынагозе з Жыдамі й пабожнымі, а такжа на торжышчы што-дня, з кім здарылася.
 
Дык гаварыў у бажніцы з жыдамі і з набожнымі, і на рынку праз усе дні да тых, што там былі.

Некаторыя-ж з філёзофаў эпікурэйцаў ды стоікаў спрачаліся з ім: адны гаварылі: Што хоча сказаць баўбатун гэты? а другія: Здае́цца, прапаве́дуе чужых багоў, — бо абвяшчаў ім Ісуса і ўваскрасе́ньне Ягонае.
 
Некаторыя-ж эпікурэйцы і стоікі філозафы спорылі з ім. І некаторыя казалі: што хоча сказаць гэты гаварун? А другія: Здаецца, ён ёсьць вяшчуном новых багоў; бо ён абвяшчаў ім Езуса і ўскрашеньне.

І, узяўшы яго, прывялі да Арэапагу, кажучы: Ці можам ведаць, што гэта за новую навуку ты прапаве́дуеш?
 
І ўзяўшы яго, завялі ў Арэопаг, кажучы: Ці можам ведаць, якая ёсьць гэта новая навука, якую ты кажаш?

Бо не́шта чужое ўкладаеш нам у вушы; дык хочам ве́даці, што гэта ма́е быць?
 
Бо нешта новае ты прыносіш для нашых вушэй, дык хочам ведаць, што гэта мае быць.

Усе́-ж Афіняне й заходжыя чужынцы ні аб чым іншым ня рупіліся, як гаварыць ці слухаць навіны.
 
(А ўсе атэнцы і прышлыя госьці нічым іншым не займаліся, як толькі каб або пагаварыць або паслухаць нешта новае).

Паўла-ж, стануўшы пасярод Арэапагу, прамовіў: Мужы Афінскія, з усяго я бачу, што вы нібы асабліва набожныя.
 
Павал-жа, стаўшы пасярод Арэопагу, сказаў: Мужы атэнскія, з усяго я бачу, што вы як-бы надта набожныя.

Бо, праходзячы й аглядаючы сьвятыні вашыя, знайшоў я й жэртвенік, на якім напісана: Няве́дамаму Богу. Дык Таго, Каму вы, ня ве́даючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
 
Бо праходзячы і ўглядаючыся на вашы сьвятасьці, я знайшоў і аўтар, на каторым было напісана: Няведамаму Богу. Дык тое, чаму вы ня ведаючы пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

Бог, які стварыў сусьве́т і ўсё ў ім, Ён, Гаспадар не́ба й зямлі, не ў рукатворных храмах жыве́
 
Бог, каторы стварыў сьвет і ўсё, што ў ім ёсьць, ён, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў сьвятынях збудаваных рукамі,

і не ад рук чалаве́чых служэньне прыймае, быццам не́чага патрабуючы, а Сам дае́ ўсім жыцьцё й дыханьне й усё.
 
і ня бывае слаўлены рукамі чалавечымі, патрабуючы нечага, бо сам дае ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

І зрабіў з аднае́ крыві ўве́сь род чалаве́чы, каб жыў на ўсе́нькім абліччы зямлі, вызначыўшы напе́рад часы й ме́жы жыльля іхняга,
 
І ўчыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб жылі па ўсім вобліку зямлі, абазначаючы пастаноўленыя часы і граніцы іхнага аселішча,

каб шукалі Госпада, ці не нашчупаюць Яго ды ня знойдуць, хаця Ён і недалёка ад кожнага з нас:
 
каб шукалі Бога, можа часам дакрануцца да яго або знойдуць, хоць ён недалёка ад кожнага з нас.

бо ў Ім жывем і рухаемся і існуем, як і некаторыя із вашых паэтаў сказалі: Мы бо й род Ягоны.
 
Бо ў ім мы жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў сказалі: «Бо мы і род ягоны».

Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Божства падобна да золата ці серабра або камня, вы́разанага здольнасьцяй і выдумкай чалаве́чай.
 
Дык калі мы род Божы, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменьня, да рэзьбы рамясла і выдумкі чалавечай.

Дык вось, Бог, глянуўшы на часы няве́даньня, прыказуе цяпе́р скрозь усім людзям пакаяцца:
 
І не зважаючы на часы гэтага няведаньня, Бог цяпер абвяшчае людзям, каб усе ўсюды пакутывалі,

бо вызначыў дзе́нь, у які маніцца справядліва судзіць сьве́т праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць праз ускрасе́ньне Яго із мёртвых.
 
таму што пастанавіў дзень, у каторы мае судзіць сьвет у справядлівасьці праз Мужа, каторага пастанавіў, падаючы веру ўсім, ускрасіўшы яго з умерлых.

Пачуўшы-ж аб уваскрасе́ньні із мёртвых, адны насьмяхаліся, другія-ж казалі: Паслухаем цябе́ аб гэтым другім разам!
 
Калі- ж яны пачулі аб ускрасеньні ўмерлых, то некаторыя насьмяхаліся, а некаторыя сказалі: Аб гэтым паслухаем цябе другім разам.

І гэтак Паўла выйшаў спасярод іх.
 
Так Павал выйшаў спасярод іх.

Некаторыя-ж мужы, прыстаўшы да яго, уве́равалі; між імі й Дыаніс Арэапагіт, і жанчына на ймя Дамара, і іншыя з імі.
 
А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверылі, паміж імі і Дзіаніс Арэопагіт, і жанчына на імя Дамара, і ішыя з імі.