Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды не́йкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
 
Пасьля-ж пяці дзён прыбыў архісьвятар Ананій з некаторымі старшымі і з нейкім рытарам Тэртуллам, каторыя зьвярнуліся да начальніка проціў Паўла.

Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
 
І калі Павал быў пакліканы, Тэртулл пачаў вінаваціць, кажучы: Як мы праз цябе жывём у вялікім супакою і многа праз тваю празорнасьць папраўляецца,

Дазнаючы праз цябе́ вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усе́ю ўдзячнасьцяй.
 
заўсёды і ўсюды прыймаем, высокадастойны Фэліксе, з вялікай падзякай.

Але, каб табе́ шмат не дакучаць, прашу цябе́ каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці твае́й.
 
А каб цябе даўжэй не затрымліваць, прашу, коратка нас паслухай дзеля тваей ласкавасьці.

Бо, знайшоўшы, што чалаве́к гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсе́нькім сьве́це ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
 
Знайшлі мы гэтага чалавека заразьлівым і падымаючым бунты проціў усіх жыдоў на ўсім сьвеце і павадыром бунтарскае сэкты,

які й храм адважыўся зьнява́жыць, — мы ўзялі яго й хаце́лі судзіць паводле нашых законаў.
 
які нават пробаваў зьняважыць сьвятыню; і яго мы ўзяўшы, хацелі асудзіць паводле нашага закону.

Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
 
Але надыйшоўшы тысячнік Лізій, з вялікім гвалтам вырваў яго з нашых рук,

загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе́. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даве́дацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
 
загадваючы абвініцелям ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, судзячы, даведацца аб гэтым усім, у чым мы яго вінавацім.

Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
 
А дабавілі і жыды, што яно гэтак маецца.

Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ве́даючы цябе́ многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватне́й буду бараніці справу маю.
 
Адказаў-жа Павал, калі яму начальнік даў знак гаварыць: Ведаючы, што ты ад многіх гадоў ёсьць судзьдзя для гэтага народу, я з добрай ахвотай буду сябе бараніць.

Ты можаш даве́дацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
 
Бо можаш даведацца, што няма болей як дванаццаць дзён, як я прыйшоў пакланіцца ў Ерузалім.

І ані ў храме не знайшлі мяне́ хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
 
І не занйшлі яны мяне ані ў сьвятыні з кім спорачы або робячы зборышча народу, ані ў бажніцах,

дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне́.
 
ані ў горадзе і ня могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.

Але табе́ прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, ве́ручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
 
Але табе прызнаюся ў тым, што паводле сэкты, якую завуць гэрэзыяй, так служу Айцу і Богу майму, веручы ва ўсё, што ў законе і ў прарокаў напісана;

маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасе́ньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
 
маючы надзею на Бога, што будзе ўскрашэньне справядлівых і несправядлівых, якога і яны самі чакаюць.

Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся ме́ць заўсёды чыстае сумле́ньне перад Богам і перад людзьмі.
 
Дзеля гэтага і я сам стараюся, каб мець заўсёды сумленьне без абразы перад Богам і перад людзьмі.

Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
 
Пасьля-ж многіх гадоў я прыбыў, каб чыніць дарэньні майму народу, і ахвяры, і шлюбаваньні.

і на гэтым знайшлі мяне́ ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
 
На гэтым ачышчанага ў сьвятыні, не з грамадою, ані з забурэньнем знайшлі мяне

вось ім трэба было прыйсьці да цябе́ й вінаваціць мяне́, калі-б не́шта проці мяне́ ме́лі.
 
некаторыя-ж жыды з Азіі, каторым трэба было стануць перад табою і вінаваціць, калі-б што мелі проціў мяне.

Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне́ які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам,
 
Або гэтыя самыя няхай скажуць, ці знайшлі ўва-мне што нягоднае, калі я стаю перад Радай,

апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне́ за ўваскрасе́ньне мёртвых.
 
апроч гэтага аднаго толькі слова, якое я ўскрыкнуў, паміж імі стоючы: што вы мяне сягоньня судзіце за ўскрашэньне ўмерлых.

Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабне́й разьве́даўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгле́джу справу вашу.
 
Але Фэлікс, каторы вельмі добра знаў гэты шлях, адправіў іх, кажучы: Калі прыйдзе тысячнік Лізій, выслухаю вас.

І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
 
І загадаў сотніку сьцерагчы яго, і каб меў ён супакой, і каб не забараняў нікому з ягоных служыць яму.

Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю свае́ю, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб ве́ры ў Хрыста.
 
Пасьля-ж некалькіх дзён Фэлікс, прыйшоўшы з жонкай сваею Друзыллай, якая была жыдоўкай, паклікаў Паўла і слухаў яго аб веры ў Хрыста Езуса.

А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе́, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпе́р годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе́.
 
Калі- ж ён гаварыў аб справядлівасьці, і чысьціні, і будучым судзе, Фэлікс спалохаўшыся адказаў: Адносна на цяпер, адыйдзі, а ў часе дагодным паклічу цябе,

Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
 
разам і спадзяючыся, што Павал дасьць яму грошы; дзеля гэтага і часта яго клічучы, гаварыў з ім.

А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
 
Калі-ж прайшлі два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста. Хочучы-ж аказаць ласку жыдом, Фэлікс пакінуў Паўла ў вастрозе.