Дзеі 4 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддуке́і,
 
Калі-ж яны гаварылі да народу, надыйшлі сьвятары і начальнік сьвятыні і садукеі,

узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаве́дуюць у Ісусе ўваскрасе́ньне із мёртвых;
 
абураныя, што яны вучылі народ і абвяшчалі ў Езусе ўскрасеньне з умерлых.

і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо ве́чар.
 
І налажылі на іх рукі і пасадзілі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.

Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уве́равалі; і было гэткіх людзе́й лікам каля пяцёх тысячаў.
 
Многія-ж з тых, што слухалі слова, уверылі; і было лікам мужоў пяць тысяч.

І сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
 
І сталася назаўтра, што сабраліся павадары іх і старшыя і кніжнікі ў Ерузалім,

і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
 
і Аннаш, архісьвятар, і Каіфаш, і Ян, і Аляксандар, і сколькі іх было з сьвятарскага роду.

дый, паставіўшы гэных пасярод сябе́, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
 
І паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталі: Якою моцай ці якім імянем вы гэтае ўчынілі?

Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
 
Тады Пётр, напоўнены Духам сьвятым, сказаў да іх: Павадыры народу і старшыя, слухайце!

Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалаве́ку, чым ён аздароўлены,
 
Калі мы сягоньні ёсьць суджаны за дабрадзейства для нядужага чалавека, праз якое гэты быў аздароўлены,

дык няхай ве́дама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэ́я, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
 
няхай будзе ведама вам усім і ўсяму народу Ізраільскаму, што іменем Пана нашага Езуса Хрыста Назарэнскага, каторага вы ўкрыжавалі, каторага Бог падняў з умерлых, праз яго гэты стаіць здаровы перад вамі.

Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
 
Гэта камень адкінуты вамі будаўнічымі, каторы стаўся галавою вугла (Пс. 117:22),

і ні ў кім іншым няма́шака збаўле́ньня, бо й няма іншага імя пад не́бам, да́дзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
 
і няма ў нікім іншым збаўленьня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, у якім трэба было-б нам збаўляцца.

Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
 
Бачучы-ж стойкасьць Пятра і Яна, зразумеўшы, што яны людзі без навукі і простыя, дзівіліся; і пазналі іх, што былі з Езусам.

Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалаве́ка, не маглі нічога сказаць насупраць.
 
Бачучы так-жа чалавека, стаячага з імі, каторы быў аздароўлены, нічога не маглі сказаць проціў.

Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, ра́дзіліся паміж сабою,
 
І загадалі ім выйсьці проч з Рады і нараджаліся паміж сабою,

кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
 
кажучы: што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо-ж ведамы цуд учынены ёсьць праз іх, яўны для ўсіх жывучых у Ерузаліме, і мы ня можам запярэчыць.

Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб дале́й не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзе́й.
 
Але каб болей не разыходзілася ў народзе, пагрозім ім, каб болей не гаварылі ў гэтае імя нікому з людзей.

І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
 
І паклікаўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі і не навучалі ў імя Езуса.

Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас бале́й, чым Бога?
 
Пётр-жа і Ян адказваючы сказалі да іх: Ці справядліва гэта перад вачамі Бога вас болей слухаць, чым Бога, разсудзеце.

Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
 
Бо мы ня можам не гаварыць, што мы бачылі і чулі.

Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе́ славілі Бога за тое, што сталася.
 
Яны-ж пагразіўшы пусьцілі іх, не знаходзячы, як-бы пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі тое, што было сталася ў гэтым здарэньні.

Бо больш за сорак гадоў было таму чалаве́ку, з якім стаўся цуд аздараўле́ньня.
 
Гадоў-жа было болей сарака чалавеку, з каторым стаўся гэты цуд аздараўленьня.

Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
 
Калі-ж іх пусьцілі, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што да іх гаварылі архісьвятары і старшыя.

Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валада́ру! Ты Бог, што ўчыніў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
 
Яны пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і казалі: Пане, гэта Ты, каторы стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх ёсьць;

што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
 
каторы Духам сьвятым праз вусны айца нашага Давіда, слугі твайго, сказаў: чаму ўзбурыліся пагане і народы памышлялі пустое?

Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
 
Паўсталі валадары зямлі і павадыры зыйшліся ў вадно проціў Пана і проціў Хрыстуса ягонага»? (Пс. 2:1-2).

Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
 
Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе проціў сьвятога Сына твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Гэрад і Понцый Пілат з паганамі і народамі Ізраіля,

каб учыніць тое, чаму стацца напе́рад назначыла рука Твая й рада Твая.
 
каб учыніць тое, што рука твая і рада твая пастанавілі, каб сталася.

І цяпе́р, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усе́й адвагай гаварыць слова Тваё
 
А цяпер, Пане, узглянь на пагрозы іх і дай слугам тваім з усей адвагай гаварыць слова тваё,

ды працягні руку Тваю на аздараўле́ньне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
 
праз тое, што працягнеш руку тваю на аздараўленьні, і каб знакі і цуды дзеяліся праз імя сьвятога Сына твайго, Езуса.

І, як памаліліся, захісталася ме́сца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
 
І калі яны маліліся, задрыжала месца, на якім яны былі сабраўшыся; і напоўнеы былі ўсе Духам сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагай.

У грамады́-ж ве́руючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці свае́й не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
 
А ў мноства веручых было адно сэрца і адна душа; і ніхто з таго, што меў, нічога не называў сваім, але было ў іх усё супольнае.

І з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядо́цтва ўваскрасе́ньня Госпада Ісуса, і ла́ска вялікая была на ўсіх іх.
 
І з вялікай моцай давалі апосталы пасьведчаньне аб ускрасеньні Езуса Хрыста, Пана нашага; і вялікая ласка была ва ўсіх іх.

І ня было сярод іх нікога, хто цярпе́ў бы недастатак, бо хто ме́ў зямлю ці дамы́, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
 
І ня было паміж імі нікога церпячага недастатак, бо каторыя толькі-мелі палі або дамы, прадаўшы, прыносілі заплату за тое, што прадавалі

і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму дава́лася тое, што яму было патрэбна.
 
і клалі ля ног апосталаў. А дзялілася кажнаму, як яму трэба было.

Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
 
І Язэп, названы апосталамі Барнаба (што значыць: Сын пацяшэньня), левіт, родам з Цыпру,

ме́ўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нага́м Апосталаў.
 
маючы поле, прадаў яго і прынёс заплату і палажыў ля ног апосталаў.