Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх
 
Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і Сваіх вучняў,

і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.
 
кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі.

Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
 
Дык усё, што яны скажуць вам [рабіць], рабіце і захоўвайце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.

Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.
 
Звязваюць жа яны цяжары важкія [і нязручныя] і ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам не хочуць іх зрушыць.

Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,
 
І ўсе свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі; бо свае філактэрыі69 пашыраюць і павялічваюць кутасы [на сваім адзенні]

ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,
 
і любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лавы ў сінагогах,

і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!
 
і каб іх віталі на рыначных плошчах, і каб людзі называлі іх «равві»70.

А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.
 
А вы не называйцеся «равві», бо адзін у вас Настаўнік, [Хрыстос], вы ж усе — браты.

І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.
 
І сваім бацькам71 не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька Нябесны72.

І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
 
І няхай не называюць вас настаўнікамі, бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос.

Большы з вас няхай будзе вам за слугу.
 
І большы з вас няхай будзе вашым слугою.

Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.
 
Хто ж ўзвысіць сябе, будзе прыніжаны; а хто прынізіць сябе, будзе ўзвышаны.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.
 
Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Царства Нябёсаў перад людзьмі: бо вы самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.
 
[Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся; за тое прымеце большы прысуду]73.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць аднаго празеліта74, і калі гэта здарыцца, вы робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.

Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.
 
Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «Калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, той вінаваты».

Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?
 
Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?

І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.
 
І: «Калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога; а хто паклянецца дарам, што на ім, то вінаваты».

Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?
 
[Неразумныя і] сляпыя, бо што большае: дар ці ахвярнік, які асвячае дар?

Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.
 
Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;

І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.
 
і хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве;

І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.
 
і хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але ўпусцілі больш важкае ў законе: суд, міласэрнасць і веру75; трэба было гэта рабіць і таго не ўпускаць.

Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!
 
Сляпыя павадыры, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы ачышчаеце чашы і місы звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя грабежніцтва і неўстрымання76.

Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.
 
Сляпы фарысей, ачысьці спярша ўсярэдзіне чашы [і місы], каб яны зрабіліся і звонку чыстыя.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы прыпадабняецеся да пабеленых77 магільняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўняцца касцямі мёртвых і ўсялякім брудам.

Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.
 
Так і вы з выгляду здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы будуеце магільні прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.
 
і кажаце: «Калі б мы былі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх саўдзельнікамі ў крыві прарокаў».

Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
 
Так што вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў.

Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.
 
І вы дапаўняйце меру вашых бацькоў.

Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?
 
Змеі, гадзючыя выпладкі! Як вы ўцечаце ад асуджэння ў геену?

Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.
 
Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў; [і] некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у вашых сінагогах і гнаць з горада ў горад;

Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.
 
каб прыйшла на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі — ад крыві праведнага Авеля да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам.

Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.
 
Сапраўды кажу вам, усё гэта прыйдзе на гэтае пакаленне.

Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.
 
Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе, — колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылы сваіх птушанят, ды вы не захацелі!

Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.
 
Вось, пакідаецца вам ваш дом пустым.

Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.
 
Бо кажу вам: З гэтага часу ні ў якім разе не ўбачыце Мяне, пакуль не скажаце: «Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»