Дзеі 25 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Фэст жа, прыйшоўшы ў сваё гаспадарства, цераз тры дні вырушыў із Кесарыі ў Ерузалім.
 
Фэст жа, прыбыўшы ў правінцыю, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Іерусалім,

І архірэй і выдатне́йшыя із Жыдоў зьявіліся да яго проці Паўлы
 
і першасвятары і першыя людзі з іудзеяў зрабілі яму заяву супроць Паўла; і ўгаворвалі яго,

і малілі яго, каб зрабіў ласку ды прыслаў яго ў Ерузалім, — зрабіўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
 
просячы аб паслузе супроць яго — каб ён выклікаў яго ў Іерусалім, а самі ладзілі засаду, каб забіць яго ў дарозе.

Але Фэст адказаў, што Паўлу сьцерагуць у Кесарыі, а сам ён маніцца хутка выехаць.
 
Але Фэст адказаў, што Павел утрымліваецца пад вартаю ў Кесарыі і што ён сам збіраецца неўзабаве выправіцца туды.

Дык хто із вас можа, сказаў ён, няхай ідуць са мною і, калі ёсьць не́шта на чалаве́ку гэтым, няхай яго вінавацяць.
 
Дык уплывовыя людзі сярод вас, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ў гэтым чалавеку ёсць нешта злачыннае, няхай абвінавачваюць яго.

Пабыўшы-ж у іх больш дзесяцёх дзён, вярнуўся ў Кесарыю і назаўтрае, се́ўшы на судным пасадзе, загадаў прывясьці Паўлу.
 
І, прабыўшы між іх не больш чым восем ці дзесяць дзён, ён вырушыў у Кесарыю; і назаўтра, сеўшы ў судзейскае крэсла, ён загадаў прывесці Паўла.

Калі-ж той прыйшоў, абступілі яго Жыды, што прыйшлі з Ерузаліму, прыносячы на яго многа цяжкіх абвінавачаньняў, якіх ня здолелі даказаць.
 
І калі той прыйшоў, іудзеі, што папрыходзілі з Іерусаліма, абступіі яго, выстаўляючы супроць многія і цяжкія абвінавачванні, якіх яны не маглі даказаць.

Ён-жа апраўдываўся, што ні ў чым не правініўся ані проці закону Жыдоўскага, ані проці царквы, ані проці ке́сара.
 
Павел жа казаў у сваю абарону: Ні супроць іудзейскага закона, ні супроць храма, ні супроць цэзара я ні ў чым не саграшыў.

Але Фэст, хочучы зрабіць ласку Жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Ці хочаш ісьці ў Ерузалім, ды каб там я судзіў цябе́ за гэта?
 
Але Фэст, хочучы ўбіцца ў ласку іудзеям, сказаў у адказ Паўлу: Ці хочаш пайсці ў Іерусалім, каб там у гэтым судзілі цябе перада мною?

Паўла-ж сказаў: Я стаю перад ке́саравым судом, дзе́ і трэ’ мне́ судзіцца. Жыдом ніякае крыўды не зрабіў, як і ты добра ве́даеш.
 
А Павел сказаў: Я стаю перад кесаравым судом, дзе мяне і павінны судзіць. Іудзеяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты вельмі добра ведаеш.

Калі паступаю несправядліва і ўчыніў не́шта, вартае сьме́рці, дык не адмаўляюся паме́рці; але, калі нічога таго няма, у чым мяне́ яны вінавацяць, дык ніхто ня можа выдаць ім мяне́. Паклікаюся на ке́сара.
 
А калі я каго-небудзь крыўджу і зрабіў нешта, вартае смерці, я не адмаўляюся памерці; калі ж няма нічога, у чым яны абвінавачваюць мяне, ніхто не можа выдаць мяне ім. Апелюю да цэзара.

Тады Фэст, пагутарыўшы з раднікамі, адказаў: Паклікаешся на ке́сара, да ке́сара й пойдзеш.
 
Тады Фэст, перагаварыўшы з радаю, адказаў: Да кесара апеляваў, да кесара і пойдзеш.

Праз колькі дзён цар Агрыппа й Вэрніка прыбылі ў Кесарыю прывітаці Фэста.
 
А як мінула некалькі дзён цар Агрыпа і Верніка64 прыбылі ў Кесарыю, [маючы намер] прывітаць Фэста.

Калі-ж пабылі яны тамака шмат дзён, Фэст падаў цару справу Паўлы, кажучы: Ёсьць не́йкі чалаве́к, пакінены Фэліксам у путах,
 
І калі яны правялі там шмат дзён, Фэст выклаў Паўлаву справу цару, кажучы: Ёсць адзін чалавек, пакінуты Феліксам, вязень,

на якога ў бытнасьць маю ў Ерузаліме жаліліся архірэі і старшыя із Жыдоў, просячы суду на яго.
 
на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі заяву іудзейскія першасвятары і старэйшыны, просячы прысуду супроць яго.

Я адказаў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць чалаве́ка на сьме́рць пе́рш, чым вінавачаны ме́ціме перад абліччам абвініцеляў і займе́ць ме́сца дзеля апраўданьня ад абвіне́ньня.
 
Я ім адказаў, што ў рымлянаў няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на пагібель] перш, чым абвінавачаны не будзе пастаўлены твар у твар з абвінаваўцамі і будзе магчы абараняцца ад абвінавачванняў.

Калі-ж яны прыйшлі сюды, я безадкладна назаўтрае се́ў на судны пасад і загадаў прывясьці таго чалаве́ка.
 
Калі ж яны зышліся сюды, я без усялякага адкладу на другі дзень, сеўшы ў судзейскае крэсла, загадаў прывесці гэтага чалавека.

Абвініцелі, абступіўшы яго, ня прыне́сьлі проці яго ніякае віны, якое я спадзяваўся;
 
Абступіўшы яго, абвінаваўцы не выставілі ніводнага абвінавачвання ў тых злачынствах, пра якія я падазраваў,

а ме́лі яны з ім не́йкія спрэчкі аб іхніх забабонах ды аб не́йкім паме́ршым Ісусе, аб якім Паўла казаў, што Ён жыве́.
 
але яны мелі супроць яго нейкія пытанні пра іх уласную рэлігію і пра нейкага Ісуса, памерлага, пра Якога Павел сцвярджаў, што Ён жывы.

Не разьбіраючыся ў гэтай спрэчцы, я сказаў: ці хоча ён ісьці ў Ёрузалім ды тамака судзіцца за гэта?
 
І я, няўпэўнены ў гэтым спрэчным пытанні, сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзілі адносна гэтага.

Калі-ж Паўла зажадаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, я загадаў пілнаваць яго, пакуль не пашлю яго да Ке́сара.
 
Але калі Павел запатрабаваў, каб яго пакінулі для рашэння імператара65, я загадаў, каб яго трымалі пад вартаю, пакуль я не адашлю яго да цэзара.

Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Хаце́ў бы й я сам выслухаць чалаве́ка. Заўтра, адказаў ён, пачуеш яго.
 
І Агрыпа сказаў Фэсту: Я хацеў бы і сам паслухаць гэтага чалавека. — Заўтра, — кажа Фэст, — ты пачуеш яго.

Назаўтрае-ж, як Агрыппа й Вэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў судовую палату з тысячнікамі й паважне́йшымі мужамі ме́ста, па загаду Фэставаму быў прыве́дзены Паўла.
 
На другі ж дзень, калі Агрыпа і Верніка прыйшлі з вялікаю пышнасцю і ўвайшлі ў судовую палату разам з тысячаначальнікамі і знакамітымі людзьмі горада, на загад Фэста прывялі Паўла.

І кажа Фэст: Цару Агрыппа дый усе́ прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, аб якога ўся грамада Жыдоўская прыступала да мяне́ і ў Ерузаліме і тут, крычучы, што ня сьле́д яму больш жыць.
 
І Фэст кажа: «О цару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце гэтага чалавека, пра якога ўсё мноства іудзеяў прасіла мяне і ў Іерусаліме, і тут, крычачы, што ён не павінен больш жыць.

Але я не знайшоў, каб ён учыніў не́шта вартае сьме́рці, дый ён сам паклікаўся на Аўгуста; дык я рассудзіў паслаці яго.
 
Але я выявіў, што ён не зрабіў нічога, вартага смерці, а як ён сам заапеляваў да імператара, я вырашыў паслаць [яго].

Ды ня маю аб ім нічога пэўнага напісаць Гаспадару; дзеля гэтага прывёў яго да вас, а асабліва да цябе́, цару Агрыппа, каб, рассудзіўшы, ме́ці што напісаць.
 
Нічога пэўнага напісаць пра яго ўладару я не маю, таму прывёў яго да вас і асабліва да цябе, цару Агрыпа, каб пасля таго, як будзе праведзены допыт, мне было што напісаць.

Бо неразумным здае́цца мне́, пасылаючы вязьня, не паказаць і абвінавачаньня на яго.
 
Бо неразумным мне здаецца, пасылаючы вязня, не падаць і абвінавачванняў супроць яго.