2 да Карынфянаў 13 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьве́дкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазаконьне 17:6).
Ужо трэці раз я іду да вас: пры вуснах двух сведак ці трох падцвердзіцца кожнае слова.
Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпе́р, адсутны, пішу пе́рш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую.
Я казаў раней калі быў другі раз, і кажу8 загадзя цяпер, адсутнічаючы, тым, хто раней грашыў, і ўсім астатнім, што, калі я зноў прыйду, не злітуюся,
Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне́ гаворыць Хрысто́с, Які не слабы́ для вас, але дужы́ ў вас.
калі вы шукаеце доказу, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы для вас, а дужы ў вас.
Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас.
бо Ён і ўкрыжаваны быў у слабасці, але жывы сілаю Божай. І мы таксама, хоць слабыя ў Ім, але будзем жыць разам з Ім сілаю Божай у вас.
Выпрабуйце самых сябе́, ці вы ў ве́ры? Самых сябе́ дазнавайце. Ці вы ня ве́даеце самых сябе́, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя.
Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы; правярайце сябе. Ці вы не прызнаяце, што Ісус Хрыстос увас? Хіба толькі вы не такія, якімі павінны быць.
Спадзяюся-ж, вы даве́даецеся, што мы не нягодныя.
Але я спадзяюся, вы даведаецеся, што мы тое, чым павінны быць.
Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя.
Мы ж молімся Богу, каб вы не зрабілі нічога благога, — не дзеля таго, каб мы паказалі сябе годнымі ў выпрабаванні, а каб вы самі рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і не тым, чым павінны быць.
Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду
Бо мы не можам рабіць што-небудзь супроць праўды, а можам дзеля праўды.
Бо мы це́шымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці.
Бо мы радуемся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым мы і молімся: аб вашым удасканаленні.
Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая да́дзена мне́ Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне.
Дзеля таго я пішу гэта, у адсутнасці, каб у прысутнасці не давялося мне ўжыць суровасць паводле ўлады, якую Госпад мне даў на стварэнне, а не на руйнаванне.
Урэшце, браты, радуйцеся, рабе́цеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, — і Бог любві і міру будзе з вамі.
Урэшце, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў міры, і Бог любові і міру будзе з вамі.
Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе́ сьвятыя.
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.
Ласка Госпада [нашага] Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Святога Духа няхай будзе з усімі вамі. [Амін].