Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І да́дзена мне́ трысьціна, падобная да па́ліцы; і Ангел, стоючы, сказаў: Паўстань і паме́рай храм Божы і ахвярнік, і тых, што ў ім пакланяюцца;
 

а панадворак, што перад храмам, кінь вонках ды ня ме́рай яго, бо ён да́дзены паганам: і ме́ста сьвятое тапта́цімуць сорак два ме́сяцы.
 

І дам двум сьве́дкам маім, і будуць прарочыць тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён, апрануўшыся ў палатніну.
 

Гэта ёсьць дзьве́ аліўкі і два сьве́тачы, што перад Богам зямлі стаяць.
 

І, калі хто схоча зрабіці ім крыўду, агонь выйдзе із вуснаў іх ды пажарэ ворагаў іхніх; і калі хто схоча зрабіці ім крыўду, мусіць быць гэтак забіты.
 

Яны маюць уладу замкнуці не́ба, каб ня падаў дождж у дні прарочаньня іхняга; і маюць уладу над во́дамі — ператвараць іх у кроў і біці зямлю ўсякімі плягамі, колькі-б хаце́лі.
 

І калі скончаць сьве́дчаньне сваё, зьве́р, што выйдзе з бяздоньня, учыніць вайну з імі і пераможа іх ды пазабівае іх.
 

І трупы іх на вуліцы вялікага ме́ста, што называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе́ і Госпад наш быў распяты.
 

І із народаў, і родаў, і языкоў, і плямёнаў бачыць будуць трупы іхнія ў працягу трох дзён і паўдня́, і не пазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы;
 

і жы́хары зямлі будуць це́шыцца над імі й весяліцца; і пасылацімуць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жы́хараў зямлі.
 

І цераз тры дні і паўдня́ дух жыцьця зыйшоў на іх ад Бога, і паўсталі на ногі свае́, і страх вялікі напаў на тых, што бачылі іх.
 

І пачулі голас вялікі з не́ба, мовячы да іх: Узыйдзе́це сюды. І ўзыйшлі на не́ба ў хмары, і бачылі іх ворагі іхнія.
 

І ў гэну гадзіну зрабілася трасе́ньне вялікае, і дзесятая частка ме́ста завалілася, і забіты ў трасе́ньні сем тысяч імёнаў чалаве́чых; а рэшта былі зьняты жа́хам і аддалі хвалу Богу нябёсаў.
 

Другое гора прайшло; вось, хутка йдзе трэцяе гора.
 

І сёмы Ангел затрубіў, і сталіся вялікія галасы́ на не́бе, якія мовілі: Царствы сьве́ту сталіся Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе цары́ць на вякí ве́чныя.
 

І дваццаць чатыры старыкі, што перад Богам сядзе́лі на пасадах сваіх, паваліліся на твар свой і пакланіліся Богу,
 

мовячы: Дзякуем Табе́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю, Які ёсьць і быў і йдзе́ш, што прыняў Ты сілу Сваю вялікую і запанаваў.
 

І ўзлаваліся пагане, і прыйшоў гне́ў Твой і пара́ судзіці мёртвых і даць нагароду раба́м Тваім прарокам і сьвятым, і бая́чымся іме́ньня Твайго, малым ды вялікім, і вынішчыць тых, што нішчаць зямлю.
 

І расчыніўся храм Божы ў не́бе, і паказалася скрыня запаве́ту Яго ў храме Ягоным; і былі маланкі й галасы́, і грымоты, і трасе́ньне, ды град вялізарны.