Адкрыцьцё 19 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў небе, які казаў: Алілуя! Спасе́ньне і хвала́ і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму:
 

бо правільныя і справядлівыя суды́ Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што пага́ніла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе́.
 

І паўторна сказалі: Алілуя! І дым яе́ ўзьнімаецца на ве́чныя вякí.
 

І ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзя́чаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя!
 

І выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвале́це Бога нашага, усе́ рабы́ Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія!
 

І пачуў я быццам голас вялікае таўпы́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель!
 

Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясе́льле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго.
 

І дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьве́тлы;
 

І кажа мне́: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясе́льную Ягняці. І кажа мне́: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя.
 

І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. І кажа мне́: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьве́дчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьве́дчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы.
 

І ўгле́дзіў я не́ба расчы́ненае: і вось конь бе́лы, і коньнік на ім, называны Ве́рным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе.
 

А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве́ ў яго многа дыадэмаў. Ме́ў імя́ напісанае, якога ніхто ня ве́даў, апрача Самога.
 

І быў апранены ў шату акрываўленую. І імя Ягонае называецца: Слова Божае.
 

І йшлі за ім войскі нябе́сныя на бе́лых канёх, апра́неныя ў віссон бе́лы і чысты.
 

І з вуснаў Ягоных выходзе ме́ч востры, каб ім пабіць паганаў. І Сам пасе́ць іх па́ліцай зяле́знай. І Сам топча ступу́ віна ярасьці і гне́ву Бога Ўседзяржыцеля.
 

І ма́е на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў.
 

І ўгле́дзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. І крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод не́ба: Хадзе́це, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,
 

каб е́сьці це́лы цароў і це́лы тысячнікаў, і це́лы дужы́х, і це́лы кане́й ды коньнікаў на іх, і це́лы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх.
 

І ўгле́дзіў я зьве́ра і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзя́чым на канí ды з войскам Ягоным.
 

І быў схоплены зьве́р і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо́ зьве́ра і пакланяліся абразу́ ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, пала́ючае се́ркаю.
 

І рэшта пазабіва́на мячом Сідзя́чага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсё птаства насыцілася це́ламі іхнімі.