Адкрыцьцё 4 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьве́ры расчыненыя на не́бе, і пе́ршы голас, які я чуў, быццам голас трубы, гукаючы са мною, сказаў: узыйдзі сюды, і пакажу табе́, што́ мусіць стацца пасьля гэтага;
 

І я ўраз быў у духу; і вось пасад стаяў на не́бе, а на пасадзе — Сідзячы.
 

І Сідзя́чы з выгляду падобны быў да ка́меня ясьпісовага й сардыновага; і вясёлка навакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагдовае.
 

І навакол пасаду дваццаць чатыры пасады; і на пасадах угле́дзіў я се́дзячы дваццаць чатырох старыкоў, апра́неных у бе́лыя вопраткі, і на галовах у іх былі залатыя вянкі.
 

І із пасаду выходзяць маланкі й грымоты й галасы́; і се́м сьве́тачаў агністых гараць перад пасадам і есьць се́м духаў Божых.
 

І перад пасадам мора шкля́нае, падобнае да крышталу, і ўсярэдзіне пасаду ды навакол пасаду чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.
 

І пе́ршая жывёла падобная да ле́ва, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла ме́ла аблічча, як чалаве́к, і чацьве́ртая жывёла падобна да арла лятучы́.
 

І чатыры жывёлы, кожная па сабе́, ме́лі па шэсьць крыльляў наўкола і ўсярэдзіне поўны вачэй; і ўдзе́нь і ўначы ня маюць супачынку, гаворачы: Сьвят, Сьвят, Сьвят Госпад Бог Уседзяржыцель, што быў і што ёсьць і што йдзе.
 

І калі жывёлы аддаюць хвалу і чэсьць і падзяку Сідзя́чаму на пасадзе, Жыву́чаму на ве́чныя вякí,
 

упадаюць дваццаць чатыры старыкі перад Сідзя́чым на пасадзе і кланяюцца Жыву́чаму на ве́чныя вякí і кідаюць свае́ вянкі перад пасадам, кажучы:
 

Госпадзе! Ты годзен узяць хвалу і чэсьць і сілу, бо Ты стварыў усё, і воляй Твае́й яно ёсьць і створана.