Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І, як зьняло Яно семую пячаць, настала маўчаньне на не́бе блізу на паўгадзіны.
 

І ўгле́дзіў я се́м ангелаў, што стаялі перад Богам, і да́дзены ім се́м труб.
 

І прыйшоў іншы ангел, і стануў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму багата пахнідлаў, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам.
 

І ўзьняўся перад Богам дым ад пахнідлаў з малітвамі сьвятых із рукі ангела.
 

І ўзяў ангел кадзільню й напоўніў яе́ агнём з ахвярніку ды кінуў на зямлю; і сталіся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне.
 

І се́м ангелаў, што ме́лі се́м труб, нарыхтаваліся трубіць.
 

І затрубіў пе́ршы Ангел, і стаўся град і агонь, зьме́шаныя з крывёю, і вы́палі на зямлю; і траціна дзярэў згарэла, і ўся трава зялёная вы́гарэла.
 

І затрубіў другі Ангел, і быццам гара́ вялізарная, пала́ючая агнём, звалілася ў мора; і траціна мора сталася крывёй;
 

і вы́мерла траціна стварэньняў у моры, што ме́лі дух, і траціна судзен пагібла.
 

І трэці Ангел затрубіў, і звалілася з не́ба вялізная зорка, як паходня пала́ючая, і ўпала на траціну рэк ды на крыніцы водаў;
 

і імя зоркі чытаецца Палы́н; і траціна водаў перакінулася ў палын, і многа людзе́й паме́рла ад тых водаў, бо прагорклі.
 

І чацьве́рты Ангел затрубіў, і была паражо́на траціна сонца і траціна ме́сяца і траціна зорак, каб траціна іх зацьмілася, ды каб дзе́нь траціну не сьвяціў і таксама ночка.
 

І бачыў я і чуў, як адзін Ангел ляце́ў пасярод не́ба і вялікім голасам гаварыў: Гора, гора, гора жы́харам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох Ангелаў, што маюць трубіць!