Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх
 

і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.
 

Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
 

Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.
 

Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,
 

ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,
 

і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!
 

А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.
 

І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.
 

І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
 

Большы з вас няхай будзе вам за слугу.
 

Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.
 

Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.
 

Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?
 

І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.
 

Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?
 

Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.
 

І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.
 

І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.
 

Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.
 

Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.
 

Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.
 

Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,
 

і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.
 

Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
 

Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.
 

Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?
 

Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.
 

Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.
 

Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.
 

Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.
 

Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.
 

Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.