2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма́ была прынята вамі.
 

(Бо сказана: у час прые́мны Я выслухаў цябе́ і ў дзе́нь збаўле́ньня памог табе́ (Ісая 49:8). Вось і цяпе́р час прые́мны, вось цяпе́р дзе́нь збаўле́ньня!)
 

Мы нікому не кладзе́м ніякага спаткне́ньня, каб ня было зьняважа́на служэньне.
 

Але ў-ва ўсім выяўляем сябе́, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску,
 

пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох,
 

у чыстасьці, у мудрасьці, у ве́лічы душы, у дабраце́, у Духу Сьвятым, у любві некрывадушнай,
 

у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў ле́вай руцэ,
 

праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя,
 

як няве́дамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жыве́м; як кара́ныя, ды не забіваныя;
 

як засмуча́ныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя.
 

Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
 

Вам ня це́сна ў нас, але ў сэрцах вашых це́сна.
 

Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашы́рцеся і вы.
 

Не хадзе́це пад чужым ярмом з няве́рнымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла́ ды з це́мраю?
 

Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка ве́рнаму з няве́рным?
 

Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне́ будуць (Лявіт 25:16).
 

Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52:11);
 

І буду вам за Айца, і вы будзеце Мне́ за сыно́ў і дачо́к, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Ерамія 3:19; Осія 1:11).