Да Каласянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Аляксандара Надсана
Хачу-ж, каб вы ве́далі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў це́ле,
каб це́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця даска́налага разуме́ньня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
у якім усе́ скарбы мудрасьці і ве́даньня схаваны.
Кажу-ж гэтае, каб хто-не́будзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі;
бо, хаця й няма мяне́ це́лам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць ве́ры вашае ў Хрыста.
Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзе́це ў Ім,
укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багаце́ючы ёю.
Глядзе́це, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалаве́чаму, па стыхіям сьве́ту, а не па Хрысту;
Бо ў Ім жыве́ ўся поўня Божства цяле́сна,
і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады;
у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з це́ла грахі цяле́сныя ў абрэзаньні Хрыстовым,
пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых,
дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні це́ла вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе́ грахі,
зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа;
разьдзе́ўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім.
Дык няхай ніхто не асуджае вас за е́жу, ці піцьцё, ці за ўчасьце́ ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце:
гэта ёсьць це́нь таго, што ма́е быць; це́ла-ж Хрыстовае.
Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам це́ла свайго
і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё це́ла, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце́ ростам Божым.
Дык, калі вы паме́рлі з Хрыстом для стыхіяў сьве́ту, чаго-ж, быццам жывучы ў сьве́це, трымаецеся закону:
не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што́ ўсё на тле́ньне ад ужываньня, —
водле за́паведзяў і навукі чалаве́чае?
Гэта ма́е толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні це́ла, не ў пашане да сытасьці це́ла.