Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І сталася ў той дзе́нь вялікае перасьле́даваньне царквы ў Ерузаліме. Дык усе́, апрача Апосталаў, расьцярушыліся па зе́млях Юдэі й Самарыі.
Саўл жа згаджа́ўся з забо́йствам яго. І пачало́ся ў той дзень вялікае гане́нне на царкву ў Іерусаліме; і ўсе, акрамя́ Апосталаў, рассе́яліся па зе́млях Іудзеі і Самары́і;
А Сьцяпана пахавалі багабойныя людзі ды ўчынілі па ім галошаньне вялікае.
а Сцяфана пахава́лі мужы́ богабая́зныя і спра́вілі вялікае галашэ́нне па ім.
Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы́ ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.
Саўл жа нíшчыў царкву; уваходзячы ў дамы́ і выця́гваючы мужчын і жанчын, ён аддава́ў іх у цямніцу.
А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі і абвяшчалі слова.
А тыя, што рассе́яліся, хадзілі і дабраве́сцілі слова.
Піліп жа, прыйшоўшы ў ме́ста Самарыйскае, абвяшчаў ім Хрыста.
Так, Філіп, прыйшоўшы ў горад Самары́йскі, прапаве́даваў там Хрыста;
І грамады народу аднадушна прыслухоўваліся да прамоваў Піліпавых, чуючы й бачучы знаме́ньні, якія рабіў.
натоўпы народу аднаду́шна ўспрыма́лі тое, што гаварыў Філіп, чу́ючы і ба́чачы знаме́нні, якія ён рабіў;
Бо нячыстыя духі із многіх, што ме́лі іх, выходзілі, моцным голасам галосячы, ды многа спараліжаваных і храмых паздараве́ла.
бо нячы́стыя ду́хі з многіх, хто меў іх, выхо́дзілі, ускліка́ючы моцным го́ласам, і многія спаралізава́ныя і кульга́выя ацалíліся;
І сталася радасьць вялікая ў ме́сьце гэным.
і была́ радасць вялікая ў тым горадзе.
Быў-жа пе́рш у ме́сьце тым адзін чалаве́к, на ймя Сымон, які чараваў ды задзіўляў народ Самарыйскі, удаючы не́кага вялікага.
Чалавек жа нейкі, па імені Сíман, быў у гэтым горадзе і займаўся раней чарадзе́йствам, здзіўля́ючы народ Самары́йскі і выдаючы́ сябе за кагосьці вялікага;
І ўзіраліся на яго ўсе́ ад малога да вялікага, кажучы: Гэты ёсьць вялікая моц Божая.
і слухалі яго ўсе ад малога да вялікага, ка́жучы: гэта сіла Божая вялікая.
А ўзіраліся на яго затым, што даволі часу чарамі іх задзіўляў.
А слухалі яго таму, што ён доўгі час чарадзе́йствам здзіўля́ў іх.
Калі-ж паве́рылі Піліпу, які абвяшчаў ім Царства Божае ды ймя Ісуса Хрыста, мужчыны й жанчыны хрысьціліся.
Калі ж паве́рылі Філіпу, які дабраве́сціў пра Царства Божае і пра імя́ Іісуса Хрыста, то хрысцíліся мужчыны і жанчыны.
Дый Сымон і той паве́рыў і, ахрысьціўшыся, быў пры Піліпе. Бачучы-ж знакі й цуды вялікія, што рабіліся, здумяваўся.
І сам Сíман уве́раваў і, ахрысцíўшыся, застава́ўся пры Філіпе; і, ба́чачы тыя цу́ды і знаме́нні вялікія, што адбываліся, ён дзíву дава́ўся.
Апосталы-ж, што ў Ерузаліме былі, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі ім Пятра ды Іоана,
Апосталы ж, якія былí ў Іерусаліме, пачуўшы, што Самара́не прынялí слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана,
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога,
якія, прыйшо́ўшы, памалíліся за іх, каб тыя прынялí Духа Святога;
(бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса).
бо Ён ні на каго з іх яшчэ не сышоў, а толькі ахры́шчаны былí яны ў імя́ Госпада Іісуса;
Тады яны паўскладалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Сьвятога.
тады яны ўскла́лі ру́кі на іх, і тыя прынялí Духа Святога.
Сымон-жа, убачыўшы, што праз ускладаньне рук Апосталавых дае́цца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
Сіман жа, уба́чыўшы, што праз усклада́нне рук Апосталаў дае́цца Дух Святы́, прынёс ім грошы,
кажучы: Дайце і мне́ гэткую ўладу, каб той, на каго палажу рукі, прыняў Духа Сьвятога.
ка́жучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго я ўскладу ру́кі, атры́мліваў Духа Святога.
Пётр жа сказаў да яго: Няхай серабро твае́ будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты маніўся за грошы здабыць.
Але Пётр сказаў яму: серабро тваё няхай будзе з табою на пагíбель, бо ты заду́маў за грошы здабы́ць дар Божы;
Нямашака табе́ часьціны й долі ў слове гэтым, бо сэрца твае́ ня правае перад Богам.
няма табе ні часткі, ні ўдзелу ў справе гэтай, бо сэрца тваё няшчы́рае перад Богам;
Дык пакайся ў гэтай нягоднасьці тваёй ды малі Бога: мо́ думка сэрца твайго будзе табе́ даравана.
таму пака́йся ў гэтым зле тваім і маліся Богу; можа, і будзе праба́чаны табе наме́р сэрца твайго;
Бо бачу цябе́ ў гарчыні жоўці ды ў путах няпраўды.
бо я бачу, што ты ў горкай зло́бе і ў пу́тах няпра́ўды.
І Сымон, адказываючы, сказаў: Памаліцеся Госпаду за мяне́ вы, каб нішто на мяне́ не найшло з таго, аб чым вы казалі.
Сіман жа сказаў у адказ: памалíцеся вы за мяне Госпаду, каб не спасцíгла мяне нішто з таго, аб чым вы сказалі.
Яны-ж, пасьве́дчыўшы й расказаўшы слова Гасподняе, вярнуліся ў Ерузалім ды шмат дзе́ ў вёсках Самарыйскіх абвяшчалі Эвангельле.
Яны ж, засве́дчыўшы і прапаве́даўшы сло́ва Гасподняе, пайшлі назад у Іерусалім і ў многіх пасе́лішчах Самары́йскіх дабраве́сцілі.
І Ангел Гасподні прамовіў да Піліпа, гаворачы: Устань ды йдзі напаўдзён па дарозе, што йдзе́ з Ерузаліму ў Газу; яна пустая.
Ангел жа Гасподні прамовіў да Філіпа, ка́жучы: устань і ідзі на по́ўдзень, на дарогу, што спуска́ецца з Іерусаліма ў Га́зу; яна пустэ́льная.
І, устаўшы, пайшоў. І вось муж Эфіопскі, е́ўнух, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопаў, што быў над усімі скарбамі яе́ ды е́зьдзіў у Ерузалім пакланіцца,
І, уста́ўшы, ён пайшоў. І вось, чалавек Эфіо́п, е́ўнух, вяльможа Кандакíі, цары́цы Эфіо́пскай, паста́ўлены над усімі ска́рбамі яе, які ездзіў у Іерусалім на паклане́нне,
варочаўся назад і, се́дзячы на возе сваім, чытаў прарока Ісаю.
вярта́ўся назад і, се́дзячы на каляснíцы сваёй, чытаў прарока Іса́ію.
І сказаў Дух Піліпу: Падыйдзі й прыстань да возу гэтага.
І сказаў Дух Філіпу: падыдзí і будзь побач з каляснíцай гэтай.
Прыбе́гшы-ж, Піліп пачуў, што той чытае Ісаю, дый сказаў: Ці разуме́еш тое, што чытаеш?
Падбе́гшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Іса́ію, і сказаў: ці разуме́еш ты тое, што чытаеш?
Той-жа сказаў: Як здолею, калі хто не давядзе́ мне́? Дый папрасіў Піліпа ўзьлезьці й се́сьці з ім.
Ён жа сказаў: як я магу разумець, калі хто не наста́віць мяне́ І папрасіў Філіпа падня́цца і се́сці з ім.
Ме́сца-ж Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: Як аве́чку на ўбой, вялі Яго; і як ягня ёсьць безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак і Ягоныя вусны не расчыняцца.
А месца Пісання, што ён чытаў, было́ такое: як авечка, на закла́нне Ён быў прыве́дзены, і як ягня́ маўчы́ць перад тым, хто стрыжэ́ яго, так і Ён не адкрыва́е ву́снаў Сваіх;
У паніжэньні Яго суд Ягоны ўзяты. Род-жа Ягоны хто вы́вядзе? Бо жыцьцё Ягонае ўзята будзе ад зямлі (Ісая 53:7−8).
у прыніжэ́нні Яго быў Ён пазба́ўлены правасу́ддзя; род жа Яго хто вы́тлумачыць? бо забіра́ецца з зямлі жыццё Яго.
І, адказваючы, сказаў е́ўнух Піліпу: Прашу цябе́: аб кім прарок гавора гэтае? Аб самым сабе́, ці аб кім іншым?
І, звярта́ючыся да Філіпа, е́ўнух сказаў: прашу цябе, патлумач, пра каго прарок гаво́рыць гэта́ пра сябе само́га ці пра каго іншага?
Піліп-жа, расчыніўшы вусны свае́ ды пачаўшы ад пісаньня гэнага, абвяшчаў яму Ісуса.
Філіп жа, адкрыўшы ву́сны свае і пача́ўшы ад гэтага месца Пісання, дабраве́сціў яму Іісуса.
Едучы-ж па дарозе, прыйшлі к вадзе́; і сказаў е́ўнух: Вось вада; што-ж перашкаджае мне́ ахрысьціцца?
Калі ж яны е́халі па дарозе, прые́халі да нейкай вады́, і е́ўнух сказаў: вось вада; што́ перашкаджа́е мне ахрысцíцца?
І сказаў Піліп: Калі ве́руеш з усяго сэрца, дык можна. І, адказываючы, сказаў: ве́рую, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы.
І сказаў яму Філіп: калі ве́руеш ад усяго сэ́рца свайго, то можна. І ў адказ той сказаў: ве́рую, што Іісус Хрыстос ёсць Сын Божы.
І загадаў затрымаць воз. І зыйшлі абодва ў ваду, Піліп з е́ўнухам, і ахрысьціў яго.
І загадаў спынíць каляснíцу; і сышлí або́два ў ваду́, Філіп і е́ўнух, і ён ахрысцíў яго.
Калі-ж выйшлі із вады, Дух Гасподні схапіў Піліпа, і е́ўнух больш ня бачыў яго, бо пае́хаў у сваю дарогу усьце́шаны.
Калі ж яны выйшлі з вады, Дух Святы́ сышо́ў на е́ўнуха; Ангел жа Гасподні забра́ў Філіпа, і больш не бачыў яго е́ўнух, і праця́гваў шлях свой, ра́дуючыся.
Піліп-жа апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, абвяшчаў Эвангельле па ўсіх гарадох, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
А Філіп апынуўся ў Азоце і, прахо́дзячы, дабраве́сціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесары́ю.