Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

На трэці дзе́нь было вясе́льле ў Кане Галіле́йскай, і Маці Ісусава была там.
 
На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.

Быў запро́шаны і Ісус і вучні Яго на вясе́льле.
 
Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.

І, як не хапіла віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
 
І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.

Кажа ёй Ісус: што Мне́ і Табе́ жанчына? Гадзіна Мая яшчэ ня прыйшла.
 
Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.

Маці Яго сказала слугам: што вам скажа, зрабе́це.
 
Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.

Было-ж тамака шэсьць каме́нных судзін да вады, якія стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючы па дзьве́, ці па тры ме́ры.
 
А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.

Кажа ім Ісус: налійце вады́ у глякі. І напоўнілі іх да ве́рху.
 
Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.

І кажа Ім: чарпайце цяпе́р і нясе́це да маршалка. І панясьлі.
 
І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.

Калі-ж маршалак пакаштаваў вады, што віном сталася, а ён ня ве́даў, скуль яно, слугі-ж, што налівалі ваду, ве́далі, — кліча маладога
 
А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, — а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — тады распарадчык кліча маладога

і кажа яму: кожын чалаве́к пе́рш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады го́ршае; ты-ж добрае віно захаваў дагэтуль.
 
і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.

Так зрабіў Ісус пачатак цудам у Кане Галіле́йскай і выявіў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
 
Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.

Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Яго, і там аставаліся не́калькі дзён.
 
Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.

І была блізка Пасха ў Жыдоў, і ўвайшоў Ісус у Ерузалім;
 
Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім

і знайшоў у царкве́ прадаваўшых валоў, аве́ц, галубоў, і сядзе́лі тамака мянялы.
 
і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.

І, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з царквы́ ўсіх, такжа й аве́ц і валоў, ды грошы мянялам рассыпаў і сталы іх абярнуў;
 
І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;

і сказаў прадаўцом галубоў: забярэце гэнае згэтуль: не рабе́це дому Айца Майго домам торгу.
 
І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.

І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: руплівасьць аб дом Твой зьядае Мяне́ (Псальм 68:10).
 
Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: «рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне».

Адказалі-ж Яму Жыды і сказалі: які знак нам дасі, чаму гэтае робіш?
 
На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?

Ісус жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце дом гэты, і Я ў тры дні адбудую яго.
 
Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.

І сказалі Жыды: гэты дом будаваўся сорак шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні збудуеш яго?
 
На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?

А Ён гаварыў гэтае аб доме це́ла Свайго.
 
А Ён казаў пра храм Цела Свайго.

І, як уваскрос пасьля сьме́рці, прыпомнілі вучні Яго, што Ён казаў гэтае, і паве́рылі Пісаньню і слову, якім мовіў Ісус.
 
А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.

Калі-ж быў Ён у Ерузаліме на Пасху ў сьвяты, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уве́равалі ў імя Яго.
 
І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае.

Але Сам Ісус не даве́рыўся ім, бо ве́даў усіх
 
Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх,

і ня ме́ў патрэбы, каб хто сьве́дчыў аб чалаве́ку, бо Сам ве́даў, што было ў чалаве́ку.
 
і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.