Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тывэрыядзкага. Зьявіўся вось як:
Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
былі разам Сымон Пётр і Хама́, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галіле́йскай, і сыны Завядзе́явы, і двое другіх з вучняў Яго.
былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзе́м і мы з табою. Пайшлі і зараз увайшлі ў човен і не злавілі ў тую ноч нічога.
Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Калі-ж ужо наста́ла раніца, Ісус стаяў на бе́разе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Ісус кажа ім: дзе́ці! Ці ёсьць у вас якая-не́будзь ядоміна? Яны адказалі Яму: няма.
Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
Ён жа сказаў ім: закіньце се́ці па правы бок чаўна і зло́віце. Яны закінулі, ды ўжо не маглі выцягнуць се́ці ад масы рыбы.
А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: гэта Госпад. Сымон жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падпераза́ўся (бо быў голы) і кінуўся ў мора;
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора;
а другія вучні прыплылі ў чоўне (бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля двухсот), цягнучы се́ць з рыбаю.
а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю.
Калі-ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і на ім рыбу ды хле́б.
А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
Ісус кажа ім: прынясе́це рыбы, якую вы цяпе́р злавілі.
Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю се́ць, поўную вялікіх рыбаў; іх было сто пяцьдзесят тры, і пры гэткім множстве се́ць не прарвалася.
Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
Ісус кажа ім: ідзіце абе́дайце. З вучняў жа ніхто не адва́жыўся папытацца ў Яго: хто Ты? бо ўсе́ ве́далі, што гэта Госпад.
Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае́ ім; таксама й рыбу.
Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасе́ньня Свайго.
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
Калі-ж яны абе́далі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымон Іонін, ці любіш ты Мяне́ больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Іонін! ці любіш ты Мяне́? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае.
І кажа яму трэці раз: Сымон Іонін! Ці любіш ты Мяне́? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне́? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ве́даеш; Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́! Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́!
Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі ты быў малады́, дык падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хаце́ў; а як састарэеш, то вы́цягнеш рукі твае́, і другі цябе́ падперажэ́ і павядзе́, куды ня схочаш.
праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
Гэтае-ж сказаў, пака́зуючы, якою сьме́рцяю Пётр уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною.
А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
Пётр жа, аглянуўшыся, бачыць за ім вучня, якога любіў Ісус, ды што на вячэры, прыпаўшы да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзе! хто прадасьць Цябе́?
А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі Яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто Цябе прадасьць?
Убачыўшы яго, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што́ табе́ да гэтага? Ты йдзі за Мною!
Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
І праняслося тое слова між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што табе́ да гэтага?
І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
Гэты вучань і сьве́дчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І мы ве́даем, што праўдзівае сьвядоцтва яго.
Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
Ёсьць і многа другога, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэтае асобна, дык, думаю, і самому сьве́ту не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амін.
Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.