Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася, як Ён у адным ме́сцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзе! наўчы нас маліцца, як і Іоан наўчыў вучняў сваіх.
І сталася, як Ён на адным месцу маліўся, і перастаў, што адзін із вучанікаў ягоных сказаў Яму: «Спадару, навучы нас маліцца, як і Яан навучыў вучанікаў сваіх».
Ён сказаў ім: калі мо́ліцеся, гаварыце: Ойча наш, каторы ёсьць у Нябёсах! Няхай сьвяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.
І Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: "Войча наш, Каторы ёсьць у небе! сьвяціся імя Твае; прыйдзі гаспадарства Твае; будзь воля Твая, як на небе, так на зямлі.
Хлеб наш штодзе́нны дай нам сягоньня
Хлеба нашага штадзеннага дай нам што дня;
і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога.
І даруй нам грахі нашыя, бо й мы даруем кажнаму даўжбіту нашаму; і ня ўводзь нас на спакусу, але збаў нас ад злога"».
І сказаў ім: Не́хта з вас, маючы сябру, прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне́ тры булкі хле́ба,
І сказаў ім: «Каторы з вас будзе мець прыяцеля, і прыйдзе да яго а поўначы, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч імне тры букаткі;
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне́, і мне́ няма́ чаго даць яму;
Бо прыяцель мой з дарогі зайшоўся да мяне, і я ня маю нічога пасуліць яму".
а той з хаты скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне́; дзьве́ры ўжо замкнёны, і дзе́ці мае́ са мною ў пасьце́лі; не магу ўстаць і даць табе́.
А тый з хаты адкажа й скажа: "Не парушай мяне; дзьверы ўжо замкнёны, і дзеці мае з імною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе".
Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму дзеля дружбы з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, ўстаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
І кажу вам, хоць ён ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні; з начэпнасьці ягонае, адылі, устаўшы, дасьць яму, колькі патрабуе.
І Я кажу вам: прасе́це, і да́дзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; сту́кайце, і адчыняць вам;
І Я кажу вам: прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдззеце; стукайце, і адчыняць вам;
бо ўсякі, хто просіць, дастае́; і хто шукае, знаходзіць; і хто сту́кае, адчыняць таму.
Бо кажны, хто просе — адзержуе; і хто шукае — знаходзе; і таму, хто стукае — адчыняюць.
Хто з вас бацька, калі сын папросіць хле́ба, дасьць яму камень? Ці, калі папросіць ры́бы, дасьць яму зьмяю заме́ст рыбы?
«І калі б у каторага з вас айца сын папрасіў хлеба, ці падасьць яму камень? альбо рыбы, ці падасьць яму гада замест рыбы?
Ці, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?
Альбо, калі папросе яйца, ці падасьць яму скарпіёна?
Дык вось, калі вы, благія, уме́еце добрыя дая́ньні даваць дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц Нябе́сны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.
Дык калі вы, благія, умееце даваць добрыя падаркі дзяцём сваім, пагатове Айцец нябёсны дасьць Духа Сьвятога тым, што ў Яго просяць».
І раз выгнаў Ён чарта́, які быў не́мы; і, калі чорт выйшаў, не́мы стаў гаварыць; і народ быў зьдзіўлены.
І Ён выгнаў нячысьціка, каторы быў немы; і сталася, як нячысьцік вышаў, што немы гукаў; і груд дзіваваўся.
Іншыя-ж з іх гаварылі: Ён выганяе чарто́ў сілаю Вэльзэвула, кня́зя чарто́ў.
Але некатрыя зь іх гукалі: «Ён выганяе нячысьцікаў сілаю веельзэвула, князя нячысьцікаў».
А іншыя, спакушаючы, трэбавалі ў Яго знаме́ньня з не́ба.
А іншыя, спакушаючы, прасілі ў яго знаку зь неба.
Але Ён, ве́даючы памышле́ньні іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшаеся само ў сабе́, апусьце́е, і дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, упадзе́.
Але Ён, ведаючы падумкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзеленае само ў сабе, пусьцее; і дом, падзелены сам у сабе, валіцца.
Калі-ж і шата́н разьдзяліўся сам у сабе́, то як устаіць царства яго? А вы ка́жаце, што Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў;
Калі шайтан таксама падзеліцца сам у сабе, як устое гаспадарства ягонае? А вы гукаеце, што Я веельзэвулам выганяю чартоў.
і калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў, то сыны вашыя кім выганяюць іх? Затым яны будуць судзьдзямі вам.
І калі Я веельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вашыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
Калі-ж Я пальцам Божым выганяю чартоў, то значыць прыйшло да вас Царства Божае.
Але калі Я палцам Божым выганяю нячысьцікаў, прышло да вас гаспадарства Божае.
Калі дужы́ з аружжам пілнуе свой дом, тады ў бясьпе́чнасьці яго мае́масьць;
Калі дужасіл, узброіўшыся, сьцеражэць палац свой, у бясьпечнасьці маемасьць ягоная.
калі-ж дужэйшы за яго нападзе́ на яго і пераможа яго, тады возьме ўсё аружжа яго, на якое спадзяваўся, і раздасьць дабро́ яго.
Але калі дужшы за яго нападзець на яго і пераможа яго, ён адбярэць у яго ўсю зброю ягоную, на каторую ён спадзяваўся, і падзеле заграбленае ў яго.
Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае зь Імною, раськідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то ходзіць па бязводных мясцо́х, шукаючы супакою, і, не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
«Як нячысты дух выйдзе зь людзіны, ходзе па сухіх месцах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: "Зьвярнуся да дому свайго, скуль вышаў".
І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным;
І, прышоўшы, знойдзе яго падмеценым а прыбраным.
тады йдзе́ і бярэ з сабою се́м другіх духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там: і бывае для чалаве́ка таго апо́шняе горш за пе́ршае.
Тады йдзець і бярэць сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе; і, увыйшоўшы, жывуць там. І апошняе таму чалавеку горшае за першае».
І сталася, як Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з народу, сказала Яму: шчасьлівае нутро, насіўшае Цябе́, і грудзі, Цябе́ карміўшыя!
І сталася, як Ён гукаў гэта, што адна жонка з груду ўзьняла голас свой і сказала яму: «Дабраславёнае ўлоньне, што насіла Цябе, і пелькі, каторыя Ты ссаў».
А Ён сказаў: шчасьлівыя чуючыя слова Божае і выпаўняючыя яго.
А Ён сказаў: «Але дабраславеншыя ж тыя, што слухаюць слова Божае і дзяржаць яго».
Калі-ж народ пачаў зьбірацца грамадой, Ён пача́ў гаварыць: род гэты нягодны; ён шукае знаме́ньня, і знаме́ньне ня будзе да́дзена яму, апрача знаме́ньня Іоны прарока;
Як жа люд ціснуўся, Ён пачаў гукаць: «Род гэты ліхі; яны знаку шукаюць, і знак ня Дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі;
бо, як Іона быў знаме́ньнем для Ніневійцаў, так будзе і Сын Чалаве́чы для роду гэтага.
Бо, як Ёна быў знакам Нінявянам, так і Сын Людзкі будзе знакам гэтаму роду.
Царыца Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага і засудзіць іх, бо яна прыхо́дзіла ад краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямо́навай, і вось тут бале́й за Салямо́на.
«Караліца паўднявая паўстане на суд ізь людзьмі роду гэтага і засудзе іх, бо яна прышла з канцоў зямлі слухаць мудрасьць Салямонаву; і во, вялікшы за Салямона тут.
Ніневійцы ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пака́яліся ад навуча́ньня Іонінага, і вось тут бале́й за Іону.
Нінявяне паўстануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся на казань Ёніну; і во, вялікшы за Ёну тут.
Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не стаўляе яе́ ў патайным ме́сцы, ці пад судзіну, але на ліхтару́, каб увахо́дзячыя бачылі сьвятло́.
Ніхто, засьвяціўшы лянпу, не станове яе ў патайным месцу ані пад карэц, але на падстаноўку, каб праходзячыя бачылі сьвятліню.
Сьве́тач це́ла ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то і ўсё це́ла тваё будзе сьве́тлае, а калі яно будзе благое, то й це́ла тваё будзе цёмнае.
Лянпа цела ё вока; дык, калі вока твае здаровае, то і ўсе цела твае поўнае зырчыні; але калі благое, цела твае таксама поўнае цямноты.
Дык глядзі-ж, каб сьвятло́, што ў табе́, ня было це́мрай.
Дык уважай, каб сьвятліня, што ёсьць у табе, ня была цямнотаю.
Калі-ж це́ла тваё ўсё сьве́тлае і ня ма́е ніводнае цёмнае часткі, то будзе сьвяціцца ўсё так, як бы сьве́тач асьвяціў цябе́.
А калі ўсе цела твае зыркае, бяз часьці цемнага, усе будзе зыркае, як калі лянпа, сьвецячы, зьзяе».
Калі Ён гаварыў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе́ абе́даць; Ён прыйшоў ды супачыў.
І, як Ён гукаў, адзін фарысэй прасіў яго палуднаваць ізь ім; Ён прышоў і ўзьлёг ля столу.
Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыў рук перад ядой.
І фарысэй зьдзіваваўся, як абачыў, што Ён ня мыўся перад палудням.
Але Госпад сказаў яму: цяпе́р вы, фарысэі, чару і місу звонку ачышча́еце, а нутро вашае напоўнена драпе́жнасьцяй ды злосьцяй.
І Спадар сказаў яму: «Цяпер вы, фарысэі, чысьціце навоннасьць коўняў а місаў, але нутр вашы поўны грабяжу а нягоднасьці.
Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
Неразумныя! ці ня тый, што ўчыніў навоннае, учыніў і нутраное?
Падавайце ле́пш ахвяру з таго, што́ ў вас ёсьць, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Але валей давайце ўбожыну з таго, што маеце, і вось, усе ў вас будзе чыстае.
Але го́ра вам, фарысэям, што даецё дзясятую частку з мяты, руты і ўсякага зе́льля і ня дбаеце аб суд і любоў Божую; і гэтае трэба было рабіць, ды таго не пакідаць.
Але бяда вам, фарысэі! бо вы даіце дзесяціну зь мяты, руты і ўсялякага зельля, але абмінаеце суд а любоў Божую; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
Го́ра вам, фарысэям, што любіце пе́ршыя ме́сцы ў школах і паклоны на торжышчах.
Бяда вам, фарысэі! бо вы любіце першыя месцы ў бажніцах і здарованьні на таргох.
Го́ра вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, бо вы быццам магілы ўкрытыя, што людзі ходзяць над імі й ня ве́даюць таго.
Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі! бо вы, як грабы нявідомыя, і людзі ходзяць над імі, ня ведаючы гэтага».
На гэтае не́хта з законьнікаў сказаў Яму: Вучыцель, кажучы гэтае, Ты й нас крыўдзіш.
Тады адзін із праўнікаў, адказуючы, казаў Яму: «Вучыцелю! гэта кажучы, Ты й нас зьневажаеш».
Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, го́ра, што наклада́еце на людзе́й цяжары церазме́рныя, а самыя і адным пальцам сваім не краняцё цяжараў.
І Ён сказаў: «І вам, праўнікі, бяда, бо вы цяжарыце людзёў цяжарамі нявыноснымі, а самы адным палцам сваім не датыкаецеся да цяжараў.
Го́ра вам, што строіце скле́пы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх;
Бяда вам! бо вы будуеце помнікі прарокам, а айцове вашы забілі іх.
гэтым вы сьве́дчыце аб учынках бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім скле́пы.
Дык вы сьветчыце, што пацьвярджаеце ўчынкі айцоў вашых, бо яны запраўды забілі іх, а вы будуеце ім помнікі.
Дзеля гэтага і прамудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб’юць, а другіх вы́жануць.
Затым і Мудрасьць Божая сказала: "Я пашлю ім прарокаў а апосталаў, і зь іх заб’юць, і будуць перасьледаваць;"
Няхай зы́шчыцца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьве́ту,
Каб кроў усіх прарокаў, разьлітая ад закладзінаў сьвету, была спагнана з гэтага роду,
ад крыві Авэля да крыві Захарыі, забітага між жэртвенікам і храмам. Запраўды кажу зам: зы́шчыцца ад роду гэтага.
Ад крыві Авеля аж да крыві Захары, што загінуў памеж аброчніку й Дому. Запраўды кажу вам, яна будзе спагнана з роду гэтага.
Го́ра вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуме́ньня: самыя не ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.
Бяда вам праўнікі! бо вы ўзялі ключы веды; самы ня ўвыйшлі і ўходзячым пераказілі».
Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі ды фарысэі пачалі вельмі прыставаць да Яго і дапытывацца ў Яго аб многае,
Як Ён гукаў ім гэта, кніжнікі а фарысэі пачалі надта націскаць на Яго, каб прысіліць Яго гукаць шмат праз што,
цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць не́шта з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.
Цікуючы на Яго і імкнучыся схапіць што-лень із вуснаў Ягоных, каб магчы абвінаваць Яго.