Дзеі 18 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.
Просьле гэтага, пакінуўшы Атэны, ён прышоў да Карынту.
І, знайшоўшы не́йкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.
І знайшоўшы якогась Жыда, на ймя Аквіла, родам із Понту, што кагадзе прыбыў з Італі, і Прыськілу, жонку ягоную (бо Кляўд казаў усім Жыдом пакінуць Рым), прышоў да іх;
А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.
І, быўшы аднолькавага рамяства, застаўся ў іх і рабіў; бо рамяством іхным было гатаваць буданы.
І кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.
Кажную ж сыботу ён разважаў у бажніцы і пераконаваў Жыдоў а Грэкаў.
Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахве́й, Дух панукаў Паўлу сьве́дчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.
А як зышлі з Македоні Сіла а Цімох, Паўла, ацяжараны ў духу словам, урочыста сьветчыў Жыдом, што Ісус ё Хрыстос.
А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.
Але як яны працівіліся й блявузґалі, ён атрос адзецьце свае й сказаў ім: «Кроў ваша на галаву вашу; я чысты; адгэтуль пайду да паган».
І, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом не́йкага багабойнага чалаве́ка, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.
І, адышоўшы стуль, прышоў да дому аднаго чалавека, на ймя Юст, што сьціў Бога, каторага дом стыкаўся з бажніцаю.
А Крысп, начальнік сынагогі, уве́раваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уве́равалі й ахрысьціліся.
Крысп жа, начэльнік бажніцы, уверыў у Спадара з усім домам сваім, і шмат хто з Корынцян, слухаючы, уверылі й ахрысьціліся.
Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:
Спадар жа сказаў у відзені ночы Паўлу: «Ня бойся, але кажы і не змаўкай;
бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе́ зло; бо багата ў Мяне́ народу ў ме́сьце гэтым.
Бо Я з табою, і ніхто ня ўкрыўдзе цябе; бо ў Мяне шмат людзёў у гэтым месьце».
І прабыў год і шэсьць ме́сяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.
І ён заставаўся год а шэсьць месяцаў, вучачы іх слова Божага.
У часе-ж старастоўства ў Ахе́і Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,
А як Ґалё быў праконсулам ув Ахаі, Жыды згодна паўсталі на Паўлу і прывялі яго да трыбуналу,
кажучы, што ён вуча людзе́й шанаваць Бога не па закону.
Кажучы: «Гэты пераконуе людзёў сьціць Бога супроці Закону».
Калі-ж Паўла хаце́ў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была не́йкая крыўда, ці думка ліхая;
Як жа Паўла хацеў адчыніць вусны, Ґалё сказаў Жыдом: «Жыды! калі б запраўды была якая крыўда, альбо выступнасьць, я цярпеў бы вас.
калі-ж спрэчка йдзе́ аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.
Але калі будзе сьпярэчка праз слова а ймёны а Закон вашы, разглядайце самы: я не манюся быць судзьдзёю ў гэтым».
І пагнаў іх із суду.
І прагнаў іх ад суду.
Усе́-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.
А ўсі Грэкі, схагііўілы Сосьфена, начэльніка бажніцы, білі яго перад трыбуналам; і Ґалё ані не парушаўся гэтым.
Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.
Паўла ж, пабыўшы яшчэ шмат дзён, разьвітаўся з братамі і паплыў да Сыры, — і зь ім Прыськіла а Аквіла, — агаліўшы галаву ў Кенхрэях, бо ўчыніў абятніцу.
І прыбыў у Эфэс, і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.
Прыбыўшы да Ефэсу, пакінуў іх там, сам жа, увыйшоўшы да бажніцы, даводзіў Жыдом.
Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,
А як яны прасілі яго пабыць даўжэй, ён не згадзіўся,
але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне́ кане́шна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. І вырушыў з Эфэсу.
Але разьвітаўся зь імі, кажучы: «Я маю канечне сьвяткаваць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; да вас ізноў зьвярнуся, калі будзе Божая воля»; і адплыў зь Ефэсу (Аквіла ж а Прыськіла засталіся ў Ефэсе).
І, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.
Высеўшы ў Цэсарэі, ён прышоў, паздароваў царкву і зышоў да Антыёхі.
Пабыўшы-ж не́йкі час, выйшаў стуль ды праходзіў па чарзе́ зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
Правёўшы там якісь час, адышоў і хадзіў зь месца да месца з парадку па краю Ґаляцкім а Фрыґі, мацнячы ўсіх вучанікаў.
Прыйшоў-жа ў Эфэс не́йкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;
І якісь Жыд, на ймя Аполёс, родам із Аляксандры, муж вымоўны, моцны ў Пісьме, прыбыў да Ефэсу.
ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ве́даючы толькі хрышчэньне Іоанавае.
Ён быў навучаны дарогі Спадаровае і, палаючы духам, гукаў а вучыў дакладна празь Ісуса, знаючы толькі хрэст Яанаў.
Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачне́й шлях Божы.
І ён пачаў адважна гукаць у бажніцы. Паслухаўшы яго, Прыськіла а Аквіла прынялі яго і дакладней зьясьнілі яму Дарогу Спадарову.
А як ён маніўся пайсьці ў Ахе́ю, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. І ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўве́раваўшы праз ласку:
І як ён маніўся йсьці да Ахаі, браты пісалі да вучанікаў, сьхінаючы іх сардэчна прыняць яго; і ён, прышоўшы туды, шмат памагаў тым, што ўверылі пераз ласку;
бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Бо ён прынародна моцна зьбіваў цьверджаньні жыдоўскія, даводзячы Пісьмом, што Ісус быў Хрыстос.