Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Пётр ды Іоан ішлі разам у храм у дзявятай гадзіне малітвы.
Пётра а Яан узыходзілі разам да сьвятыні на дзявятую гадзіну малітвы.
І не́сьлі нейкага чалаве́ка, храмога ад матчынага чэрава; яго кожын дзе́нь садзілі перад дзьвярыма храму, называнымі Краснымі, прасіць міласьціну ў прыходзіўшых у храм.
І быў нейкі чалавек, кульгавы ад улоньня маці свае, каторага насілі й садзілі дзень пры дню ля дзьвярэй сьвятыні, званых Харошымі, прасіць убожніны ў вуходзячых да сьвятыні.
Ён, угле́дзіўшы Пятра й Іоана, што ме́ліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
Ён, абачыўшы Пётру а Яана перад уходам іх у сьвятыню, прасіў у іх убожніны.
Пётр жа, паўзіраўшыся на яго з Іоанам, сказаў: Паглядзі на нас.
Пётра, гледзячы на яго зь Яанам, сказаў: «Глянь на нас».
Ён жа пільна ўзіраўся на іх, спадзяючыся не́шта дастаць.
І ён уцеміўся ў іх, спадзяючыся адзяржаць ад іх што-колечы.
І сказаў Пётр: Серабра ды золата няма ў мяне́, дык дам табе́ тое, што ма́ю. У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!
Але Пётра сказаў: «Срэбла а золата я ня маю, але што маю, тое даю тэ: у імя Ісуса Хрыста Назарэцкага ўстань а хадзі».
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго, і ўраз жа акрэплі ногі й ступні ягоныя,
І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і якга ўмацаваліся ногі ягоныя а шчыкалаткі.
і, падскочыўшы, стануў і хадзіў ды разам з імі ўвайшоў у храм, пахаджаючы, падско́кваючы ды слаўлючы Бога.
І, ускочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвыйшоў зь імі ў сьвятыню, ходзячы а падскокуючы а хвалячы Бога.
І ўве́сь народ бачыў яго ходзячы й слаўлючы Бога.
І увесь люд бачыў яго ходзячага а хвалячага Бога.
І пазналі яго, што гэта быў той, што дзеля міласьціны сядзе́ў ля Красных дзьве́раў царквы; і напоўніліся страхам і зьдзіўле́ньнем ад стаўшагася з ім.
І пазналі яго, што гэта быў тый, каторы сядзеў у Харошых дзьвярох сьвятыні дзеля ўбожніны; і працяліся жахам а зумленьням ад тога, што сталася яму.
А як аздароўлены кульгач не адставаў ад Пятра й Іоана, дык уве́сь народ у задзіўле́ньні прыбе́г да іх у се́ні, што называюцца Салямонавымі.
І як ён дзяржаўся Пётры а Яана, увесь люд, вельма зумеўшыся, зьбегся да іх на ґанак, званы Салямонавым.
Бачучы гэта, Пётр прамовіў да народу: Мужы Ізраільскія! што́ дзівуецеся з гэтага, ці што́ так пільна ўгляда́ецеся на нас, як быццам уласнай сілай або пабожнасьцяй зрабілі мы, каб ён хадзіў?
А Пётра, абачыўшы гэта, адказаў люду: «Мужы ізраельскія, чаму вы зумеліся з гэтага чалавека, альбо чаму прыцяміліся да нас, быццам мы сваёй сілаю альбо набожнасьцю ўчынілі, што ён ходзе?
Гэта Бог Аўраамаў і Ізаакаў і Якубаў, Бог бацькоў нашых, уславіў сына Свайго Ісуса, якога вы выдалі й адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі той судзіў звольніць Яго.
Бог Абрагамоў а Ісакоў а Якаваў, Бог айцоў нашых, уславіў Дзяцё Свае Ісуса, Каторага вы выдалі й адракліся Яго ў прытомнасьці Пілата, як ён быў рассудзіўшы выпусьціць Яго.
Вы-ж ад Сьвятога й Справядлівага адракліся ды прасілі памілаваць вам чалаве́ка душагуба,
Але вы Сьвятога а Справядлівага адракліся, і прасілі падараваць вас забіўцам;
а Павадыра жыцьця забілі. Бог падняў Яго із мёртвых, і мы — сьве́дкі гэтага.
А пачынаньніка жыцьця вы забілі, Каторага Бог ускрысіў зь мертвых, чаго мы сьветкі.
І дзеля ве́ры ў імя Ягонае дало імя Яго сілу таму, каго бачыце й ведаеце; і ве́ра, што́ ад Яго, дала яму гэтае аздараўле́ньне перад вамі ўсімі.
І вераю ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, каторага вы бачыце й знаеце; і вера, што ад Яго, дала яму супоўнае ўздараўленьне гэтае ў прытомнасьці вас усіх.
Але цяпе́р, браты, я ве́даю, што праз няве́даньне ўчынілі вы гэта, так, як і павадыры вашыя.
Але цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта зь неведзі, як і старцы вашыя.
Бог жа, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх Прарокаў, каб цярпе́ць мукі Хрысту, тое і споўніў.
Бог жа, што наперад абясьціў вуснамі ўсіх прарокаў, што меў Хрыстос цярпець, так выпаўніў.
Дык пакайцеся й навярне́цеся, каб былі зьняты з вас грахі вашыя,
Дык кайцеся й навярніцеся дзеля сьцерця грахоў сваіх, каб часы халадку прышлі ад віду Спадаровага,
каб прыйшлі часы́ асьвяжэньня ад аблічча Госпада, ды Ён прыслаў-бы вам Ісуса Хрыста, якога абвясьціў наперад,
І каб паслаў Ён Ісуса Хрыста, наканаванага вам,
ды якога мусіла не́ба прыняць да часу зьдзейсьненьня ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых Прарокаў ад вякоў.
Каторага неба запраўды мела прыняць да часоў аднаўленьня ўсяго, праз што Бог казаў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх ад веку.
Бо-ж Майсе́й сказаў бацьком: Прарока паставіць вам Госпад Бог із братоў вашых, як мяне́. Яго слухайцеся ў-ва ўсім, што каза́ціме да вас.
Масей запраўды сказаў: "Прароку Спадар Бог ваш узьніме вам із братоў вашых, як мяне; Яго слухайце ў вусім, што-колечы Ён будзе казаць вам.
І будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока гэнага, будзе вы́нішчана з народу (Другазаконьне 18:15−18).
І будзе, што кажная душа, каторая не паслухае Прарокі таго, чыста будзе выгублена зь люду".
Дый усе́ Прарокі ад Самуіла ды пасьля іх, якія толькі прамаўлялі, прадвяшчалі гэтыя дні.
І запраўды ўсі прарокі ад Самуйлы й просьле яго, колькі іх казала, наперад абяшчалі гэтыя дні.
Вы — сыны Прарокаў і тае́ запаведзі, што даў Бог бацьком нашым, кажучы да Аўраама: І ў насе́ньні тваім багаслаўлёны будуць усе́ народы зямлі.
Вы сынове прарокаў а змовы, каторую Бог учыніў з бацькамі вашымі, кажучы Абрагаму: "І ў насеньню тваім дабраслаўлены будуць усі радзімы зямлі".
Вам найпе́рш Бог, паставіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго багаславіць вас, каб адвярнуўся кожын ад благіх учынкаў сваіх.
Вам найперш Бог, узьняўшы Дзяцё Свае, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуць кажнага ад нягоднасьцяў вашых».